У Беларусі больш за 110 тыс. чалавек атрымліваюць паслугі па доглядзе дома. Пра гэта 23 верасня журналістам расказала намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
У краіне налічваецца больш за 580 тыс. чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэй, якія маюць патрэбу ў клопаце і доглядзе. На дадзены момант дзейнічаюць 146 цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і 80 сацыяльных пансіянатаў — яны ахопліваюць да 190 тыс. грамадзян. У параўнанні з 2021 годам колькасць атрымальнікаў сацыяльных паслуг павялічылася на 30 %, або на 40 тыс. чалавек.
— Мы бачым, што пажылыя людзі — гэта хуткарослы сегмент нашага насельніцтва, што павялічвае патрэбу ў сацыяльных паслугах дома, асабліва для людзей з дэменцыяй. Мы ствараем умовы, якія дазваляюць пажылым людзям заставацца ў камфортнай хатняй абстаноўцы, — расказала Марына Арцёменка.
Падтрымка аказваецца і тым, хто ажыццяўляе догляд сваякоў. Такіх людзей 24,6 тыс., яны атрымліваюць адпаведныя дапамогі.
— Даступнасць і якасць сацыяльных паслуг — найважнейшая дзяржаўная задача. З улікам дэмаграфічных тэндэнцый мы вызначылі яе як асноўную задачу на пяцігодку. Да канца 2030 года мы ставім задачу, што кожны чацвёрты грамадзянін ва ўзросце 75 гадоў і старэй, а таксама асобы з інваліднасцю будуць ахоплены сацыяльнымі паслугамі, — падагульніла намеснік міністра.