Top.Mail.Ru

Савет Палаты прадстаўнікоў разгледзеў новыя задачы

Шэраг задач, якія Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка паставіў перад парламентарыямі і супрацоўнікамі Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, звязаны з узмацненнем выканальніцкай дысцыпліны (у адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта № 11). Акрамя таго, абмеркаваны прапановы аб абнаўленні Дырэктывы Прэзідэнта ад 31 снежня 2010 года № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Асобная ўвага на пасяджэнні была нададзена вывучэнню практыкі прымянення заканадаўства і ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады, стварэнню Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў. Падрабязна абмеркаваны мерапрыемствы з удзелам дэпутатаў як унутры краіны, так і на знешнім контуры.


Пытанні, прадыктаваныя жыццём

Спікер праінфармаваў, што напярэдадні падпісаў план асноўных мерапрыемстваў Палаты прадстаўнікоў на другі квартал. «Нас чакае насычаны парадак дня па ўсіх напрамках дзейнасці, — акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка. — На красавік, май, чэрвень запланавана больш як 40 мерапрыемстваў, звязаных з міжнародным супрацоўніцтвам, вывучэннем правапрымяняльнай практыкі, пытаннямі захавання гістарычнай памяці, ідэалагічнай работай».

Прыярытэтным кірункам дзейнасці дэпутацкага корпусу, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, стане ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Мы працягнем серыю парламенцкіх чытанняў, — удакладніў ён. — Чарговыя чытанні на тэму „Перамога, здабытая мячом і пяром“, адбудуцца ў маі ў Авальнай зале. Да іх удзелу мы плануем запрасіць членаў выбранага Маладзёжнага савета».

У канцы красавіка парламенцкая дэлегацыя Беларусі прыме ўдзел у Міжнародным патрыятычным форуме Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня», які адбудзецца ў Валгаградзе. Па словах спікера, прапрацоўваецца прыбыццё ў Мінск некаторых парламенцкіх дэлегацый для ўдзелу ў мерапрыемствах, прымеркаваных да 80-годдзя Вялікай Перамогі. 

Плануецца, што 23 красавіка ў рамках кантрольных паўнамоцтваў у Авальнай зале пройдзе сумеснае пасяджэнне палат парламента, на якім старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю праінфармуе аб выніках дзейнасці за мінулы год. Прадугледжана правядзенне пяці семінараў, уключаючы адзін выязны, — па пытаннях узаемадзеяння дзяржавы і царквы на базе аб’ектаў Беларускай праваслаўнай царквы ў Слонімскім раёне.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што тэматыка семінараў прадыктавана жыццём, шэрагам новых нарматыўных прававых дакументаў. «Каб усе мы цудоўна разумелі, у якім кірунку краіна рухаецца», — патлумачыў важнасць такой формы работы спікер. Ëн праінфармаваў, што запланавана правядзенне семінараў па пытаннях жыллёвай палітыкі, пенсіённага забеспячэння, якасці паслуг сотавай сувязі, абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый. Ігар Сергяенка падкрэсліў, што гэта вельмі карысная форма работы, запатрабаваная ў плане павышэння ўзроўню падрыхтоўкі і дэпутатаў, і супрацоўнікаў Сакратарыята.

Пастаяннымі камісіямі запланавана правядзенне шасці выязных пасяджэнняў па тэмах развіцця энергетычнага комплексу краіны, стварэння інавацыйных вытворчасцяў поўнага цыкла, сельскай гаспадаркі, прызнання кваліфікацый, мясцовага кіравання і самакіравання і іншых. 

Кажучы аб міжнародным парадку дня, спікер праінфармаваў, што 19 мая беларуская парламенцкая дэлегацыя возьме ўдзел у выязным пасяджэнні Савета ПА АДКБ у Бішкеку. Папярэдне ў чэрвені ў Брэсце адбудзецца 68-я сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Запланаваны ўдзел беларускай дэлегацыі і ў 32-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Партугаліі, што, як акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка, павінна быць выкарыстана для далейшага пошуку магчымых шляхоў нармалізацыі адносін з канструктыўна настроенымі парламентарыямі дзяржаў — удзельніц.

«Найгалоўнейшая задача — эфектыўная і якасная нарматворчасць»

У размове з журналістамі намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў падкрэсліў, што Дырэктыва Прэзідэнта № 11 — сапраўды вельмі важны дакумент, які сістэмна і комплексна вызначае, як функцыянаваць усім дзяржаўным органам, іншым арганізацыям. «Дэпутаты, вядома, не павінны заставацца ў баку, — заўважыў ён. — Найгалоўнейшая задача Нацыянальнага сходу — гэта эфектыўная і якасная нарматворчасць. І без выканальніцкай дысцыпліны, прафесіяналізму, адказных адносін да выканання сваіх абавязкаў дасягнуць гэтага немагчыма». 

Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў канстатаваў, што пытанні дысцыпліны — не пусты гук для дэпутацкага корпусу. «Мы ўсе цудоўна разумеем, у якіх умовах Рэспубліцы Беларусь патрэбна будаваць сваю эканоміку, забяспечваць мір, стабільнасць і нармальнае жыццё нашых людзей, — адзначыў ён. — Без выканальніцкай дысцыпліны, увагі да пытанняў функцыянавання дзяржаўных органаў кожнаму ў сваім сектары немагчыма выканаць гэту задачу так, як патрабуе пяцігодка якасці».

Па словах Вадзіма Іпатава, дэпутацкі корпус вельмі сур’ёзна адносіцца да патрабавання кіраўніка дзяржавы, звязанага з тым, што законы павінны ісці ад жыцця. «Вядома, яны павінны быць простыя для ўспрыняцця, — удакладніў парламентарый. — У іх не павінна быць адсылачных норм, пэўных архаізмаў». 

Дырэктывай № 11 прадугледжваецца ўкараненне ў практычную дзейнасць сучасных лічбавых тэхналогій у дзяржаўным кіраванні. «Лічбавізацыя — гэта вельмі важны элемент у дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў, — звярнуў увагу Вадзім Іпатаў. — У Палаце прадстаўнікоў мы таксама выкарыстоўваем лічбавыя тэхналогіі для забеспячэння работы дэпутатаў. Сёння без тых элементаў дзейнасці, якія ёсць (базы даных прававой інфармацыі, дакументазвароту), немагчыма хутка рэагаваць на даручэнні, выконваць іх якасна, забяспечваць належны ўзровень кантролю. Акрамя таго, для нас вельмі важныя пытанні абароны інфармацыі, персанальных даных».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю