«Узаемаадносіны нашай краіны з М’янмай дэманструюць значную дадатную дынаміку. Новы імпульс супрацоўніцтву надаў афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў М’янму ў лістападзе мінулага года. Толькі за першыя 4 месяцы бягучага года тавараабарот паміж нашымі краінамі вырас больш як у 2,5 раза, а беларускі экспарт у М’янму — больш як у 10 разоў. У ходзе візіту кіраўніка дзяржавы было падпісана пагадненне, якое з’яўляецца базавым для мытных службаў бакоў і вызначае асноўныя прынцыпы і формы супрацоўніцтва паміж мытнымі органамі дзвюх краін, уключаючы абмен інфармацыяй, у тым ліку пры аказанні ўзаемнай дапамогі ў расследаванні парушэнняў мытнага заканадаўства», — адзначыў у сваім дакладзе першы намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Валіеў.
Практычная рэалізацыя пагаднення будзе садзейнічаць аператыўнаму вырашэнню магчымых праблемных сітуацый і дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць выканання мытнай службай Рэспублікі Беларусь ускладзеных на яе задач па абароне эканамічных інтарэсаў краіны.
Акрамя таго, Савет Рэспублікі адобрыў ратыфікацыю пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Інданезія аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі.
«Падпісанае пагадненне стварае прававую аснову для абароны дзяржаўных сакрэтаў дзвюх краін пры ажыццяўленні двухбаковага міжнароднага супрацоўніцтва ў эканамічнай, ваеннай, навукова-тэхнічнай і іншых сферах», — адзначыў у сваім дакладзе намеснік старшыні КДБ Сяргей Гладышаў.