Top.Mail.Ru

Савет Рэспублікі адобрыў законапраект «Аб амнiстыi ў сувязi з 80-годдзем Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне»

Акт мiласэрнасцi, якi не аспрэчвае законнасць судовых рашэнняў.


Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублiкi Наталля Качанава, праект закона падрыхтаваны па даручэннi Прэзiдэнта. «Правядзенне амнiстыi напярэдаднi найважнейшага дзяржаўнага свята, Дня Вялiкай Перамогi, адлюстроўвае асаблiвую гуманiстычную скiраванасць крымiнальна-прававой палiтыкi нашай дзяржавы, — звярнула ўвагу спiкер. — Прымяненне амнiстыi не аспрэчвае законнасць i абгрунтаванасць судовых пастаноў, а з’яўляецца актам мiласэрнасцi ў дачыненнi да асоб, якiя здзейснiлi злачынствы, а таксама iх сваякоў (сужэнцаў, дзяцей, бацькоў), якiя, безумоўна, маюць патрэбу ў падтрымцы блiзкiх».

255395-02.jpg

Пры гэтым, як удакладнiла Старшыня Савета Рэспублiкi, амнiстыя прымяняецца толькi ў дачыненнi да асоб, якiя станоўча характарызуюцца ў перыяд адбывання пакарання i сталi на шлях выпраўлення. «Пачынаючы з 2019 года, гэта ўжо пятая амнiстыя, — падкрэслiла Наталля Качанава. — Як паказвае статыстыка, яна не аказвае ўплыву на пагаршэнне крымiнагеннай абстаноўкi ў краiне. Амнiстыя — гэта не проста шанц на датэрмiновае вызваленне ад пакарання i iншых мер крымiнальнай адказнасцi, а цэласная сiстэма па стрымліваннi амнiставаных асоб ад здзяйснення новых злачынстваў».

Як адзначыў у размове з журналiстамi мiнiстр унутраных спраў Iван Кубракоў, аналiз рэалiзацыi папярэднiх амнiстый паказвае, што людзi, якiя вызваляюцца па амнiстыi, як правiла, законапаслухмяныя i не робяць ранейшых памылак. Кiраўнiк мiлiцэйскага ведамства звярнуў увагу на тое, што амнiстыя ўпершыню будзе прымяняцца ў дачыненнi да асоб, якiя дасягнулi 70-гадовага ўзросту, асуджаны на тэрмiн не больш за шэсць гадоў, поўнасцю пагасiлi прычыненую дзяржаве шкоду. Такiх, па словах мiнiстра, 11 чалавек.

255395-03.jpg

«Таксама амнiстыя будзе прымяняцца (у выглядзе скарачэння тэрмiну на адзiн год) да асоб, якiя асуджаны за незаконны абарот наркотыкаў, — канкрэтызаваў Iван Кубракоў. — Амнiстыя будзе прыменена да асуджаных па ўсiх частках Крымiнальнага кодэкса, за выключэннем, артыкула 328 часткi 5 (гэта злачынствы, якiя пацягнулi смерць чалавека). Мы доўга разглядалi дадзенае пытанне, бо гэта катэгорыя асуджаных, да якiх прымяняецца амнiстыя, найбольш прадстаўнiчая: амнiстыя закране звыш дзвюх тысяч чалавек, што асуджаны за наркотыкi. Прычым, амнiстыя будзе прыменена толькi да тых асоб, якiя ўпершыню прыцягнуты да крымiнальнай адказнасцi».

Пры гэтым мiнiстр унутраных спраў заўважыў, што масавага выхаду на свабоду асоб, якiя цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волi, не будзе: тэрмiн пакарання скарачаецца толькi на год. «Упэўнены, амнiстыя станоўча паўплывае на асоб, якiя знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волi, бо адна з умоў — прыкладныя паводзiны i пагашэнне шкоды, прычыненай злачынствам», — удакладнiў ён. Iван Кубракоў дадаў, што амнiстыя закране i тых, хто асуджаны за алiменты. Аднак абавязковай умовай яе прымянення з’яўляецца поўнае пагашэнне запазычанасцi.

Веранiка КАНЮТА

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю