Top.Mail.Ru
622

Савет Рэспублікі адобрыў закон аб бюджэце фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2026 год

На пасяджэнні чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання адобраны праект закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2026 год», паведаміла БелТА. 


Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка адзначыла, што даходы бюджэту фонду ў 2026 годзе сфарміраваны з улікам асноўных параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Плануем атрымаць Br39 млрд (гэта плюс Br3, 8 млрд да ўзроўню бягучага года), тэмп росту — амаль 111 %. Асноўная крыніца даходаў класічная — страхавыя ўзносы работадаўцаў і працуючых грамадзян (амаль 93 %). Расходы бюджэту фонду — Br38,5 млрд (плюс 5,7 млрд да ўзроўню гэтага года), тэмп росту — 117,3 %, з іх больш за 80 % — гэта пенсіі», — праінфармавала яна. 

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч падкрэсліў, што бюджэт накіраваны на пашырэнне асноўнай мэтавай задачы — забяспечыць сацыяльныя гарантыі беларускіх грамадзян у выглядзе выплаты пенсіі і дапамог. «Пачынаючы з 2021 года прасочваецца станоўчая тэндэнцыя змяншэння долі фарміравання даходнай часткі бюджэту фонду субвенцый з рэспубліканскага бюджэту з 7,1 % у 2021 годзе да 5 % у 2026-м з адначасовым павелічэннем долі ўзносу на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне з 91,4 % у 2021 годзе да 93 % у 2026-м. Структура расходаў, запланаваных на 2026 год, адносна бягучага года, змянілася ў частцы фінансавання мерапрыемстваў. З 2026 года мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці насельніцтва будуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту. Доля сродкаў, якія будуць накіраваны на выплату пенсій, складаецца ў 80,7 %. Значную частку грашовых сродкаў (18 %) плануецца накіраваць на выплату дапамог», — канстатаваў ён. 

Паводле слоў намесніка старшыні, цяпер на розных пляцоўках абмяркоўваецца праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026—2030 гады. «Адным з яго прыярытэтаў з’яўляецца развіццё чалавечага патэнцыялу. У якасці мэтавых задач для яго дасягнення вызначана адпаведнасць гарантый сацыяльнай абароны насельніцтва, у тым ліку за кошт забеспячэння росту пакупніцкай здольнасці пенсій па ўзросце на базе росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва», — дадаў Віктар Ананіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю