Саюз балгарскіх журналістаў асудзіў блакіроўку беларускіх СМІ ў YouTube. Пра гэта гаворыцца ў звароце за подпісам старшыні Саюза балгарскіх журналістаў Сняжаны Тодаравай, які быў накіраваны на адрас Беларускага саюза журналістаў (БСЖ), паведамляе БелТА.
«Выдаленне трох найбуйнейшых беларускіх СМІ (тэлеканалаў АНТ і СТБ, інфармагенцтва БелТА) з платформы YouTube з’яўляецца не толькі абуральным парушэннем свабоды слова, але і парушэннем права грамадства на атрыманне інфармацыі з розных крыніц», — гаворыцца ў звароце.
«Абавязак журналістаў — працаваць у інтарэсах грамадства, а не ўладальнікаў платформ, якія ажыццяўляюць палітычную дыскрымінацыю, душачы непажаданыя галасы ў лічбавым асяроддзі. Права на інфармацыю — фундаментальны прынцып дэмакратычнага грамадства. Саюз балгарскіх журналістаў шмат разоў выказваў нязгоду з забаронай СМІ, бо гэта прыводзіць да парушэння права грамадства на інфармацыю. Мы асуджаем цэнзуру і палітыку двайных стандартаў», — адзначылі ў Саюзе балгарскіх журналістаў.
У аб’яднанні таксама з вялікай трывогай адзначаюць, што ў апошнія месяцы ў Еўропе і ў свеце ідзе цкаванне не толькі альтэрнатыўных медыяў, але і свабоды думкі, свабоды выказвання, крытычнага мыслення, выказвання незалежнай пазіцыі, нават абароны чалавечага і міжнароднага права, калі гэта тычыцца «няправільнага» боку ў рэгіянальным ці геапалітычным канфлікце. «Надышоў час абурыцца хлуслівай інфармацыяй, якая цісне на сумленне, мараль, чалавечую здольнасць адрозніваць праўду ад хлусні, дабро ад зла, мір ад вайны, пакуль не позна, каб не пачуць ляск замка, якім яны збіраюцца замкнуць ісціну!» — падкрэсліваецца ў звароце.
Як паведамлялася, 3 красавіка адміністрацыяй відэахостынгу YouTube былі выдаленыя дзяржаўныя YouTube-каналы БелТА, тэлеканалаў АНТ і СТБ. Ніякіх тлумачэнняў амерыканская кампанія Google, якой належыць платформа, не дала. Міністэрства інфармацыі Беларусі негатыўна ацэньвае гэты беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцце неабходных мер рэагавання.