Мікалая Андрэевіча Чаркашына, аўтара шматтомнага Збору твораў (на сённяшні дзень выдадзенага ў 12 тамах) члена Саюза пісьменнікаў Расіі і члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, добра ведаюць і ў Маскве, і ў Мінску.
Празаік выдаецца ў розных выдавецтвах Рэспублікі Беларусь. Даволі часта выступае перад чытачамі з прэзентацыяй кніг, якія выходзяць у тым ліку і ў Выдавецкім доме «Звязда», — «Генералы сорок первого года», «Брестские врата», «Лес простреленных касок». Сустрэчы з Мікалаем Чаркашынам прайшлі на розных пляцоўках у Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай абласцях, у горадзе Мінску.
На сустрэчы ў СПБ ішла размова пра новы праект вядомага літаратара. «За доўгія гады журналісцкіх і пісьменніцкіх росшукаў у мяне сабралася даволі шмат розных матэрыялаў, звязаных з легендарнымі постацямі ўраджэнцаў Беларусі, — ваеначальнікаў, камандзіраў Чырвонай Армі, — расказаў Мікалай Андрэевіч, — тых людзей, якія і подзвігі асаблівыя здзейснілі, і не заўсёды пра гэтых герояў сёння памятаюць... Я распачаў ствараць цыкл такіх кніг, дзе ў аснове — дакументалістыка, публіцыстыка. А самае галоўнае: гэта кнігі пра ўнікальных людзей, з якіх моладзь павінна браць прыклад. Можа быць, надрукаваныя, распаўсюджаныя сярод шырокага чытача гісторыі такога характару паспрыяюць мемарыялізацыі памяці пра вартых увагі і сёння, і ў будучыні асоб...»
З боку кіраўніцтва СПБ была выказана згода падтрымаць ініцыятывы расійскага пісьменніка. Для прэзентацый у Доме літаратара прадставяць і Мемарыяльную залу ў гонар пісьменнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Сяргей Шычко