Летапісцы часу
Яшчэ актыўна ідзе падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства, а Касцюковічы, якія яго праводзяць, ужо атрымалі сур’ёзны падарунак — днямі Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і з удзелам іншых партнёраў перадаў каля тысячы экзэмпляраў кніг Касцюковіцкай раённай бібліятэцы.
Касцюковічы — радзіма Аркадзя Куляшова і Івана Чыгрынава. Свята паэзіі «Пісьмянкоў луг» стала добрай традыцыяй не толькі раёна, а ўсёй Магілёўскай вобласці, штогод яно збірае гасцей з розных куткоў краіны. Яно прысвечана ўраджэнцу адной з касцюковіцкіх вёсак Алесю Пісьмянкову, які даволі рана пайшоў з жыцця. З Касцюковічамі звязаны і лёс дзіцячага пісьменніка Рыгора Ігнаценкі, яго творы ўваходзяць у школьную праграму, перыядычна друкуюцца ў хрэстаматыях, чытанках і калектыўных зборніках, а нядаўна вялікай кнігай перавыдадзены ў «Выдавецкім доме «Звязда».
Увага — маладым
Як паабяцаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, свята пісьменства дасць магчымасць яшчэ раз заявіць пра таленты Касцюковічаў, а таксама расказаць пра здабыткі сучаснай беларускай літаратуры, пра новыя тэндэнцыі ў літаратурным працэсе. Так, сёлета Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта быў праведзены Першы форум маладых літаратараў. Гэта падзея стала штуршком для развіцця новых праектаў. Так у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Выдавецкі дом «Звязда» з’явілася адмысловая серыя «Маладосць», дзе прадстаўлены творы аўтараў, якім прыблізна за 20- 30 гадоў. Першыя кнігі ўжо пабачылі свет. Акрамя таго, больш увагі моладзі стала ўдзяляцца ў абласных аддзяленнях саюза пісьменнікаў. Асабліва адчуваецца прыліў маладых аўтараў на Міншчыне, Гродзеншчыне і Брэстчыне. Таксама падчас форуму гаварылася аб тым, што трэба развіваць больш шчыльнае супрацоўніцтва з таленавітай моладдзю ў рэгіянальных медыя.
Сёння маладыя пісьменнікі працуюць і ў мастацкім перакладзе. Яны перакладаюць беларускую літаратуру на рускую і іншыя мовы, а таксама знаёмяць айчынных чытачоў з прыгожым пісьменствам іншых краін. Да перакладаў падключаюцца і студэнты Мінскага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў. На працягу некалькіх гадоў перакладаюцца творы народаў Азіі, у трэндзе творчасць сучасных маладых кітайскіх пісьменнікаў.
Аб «Дыпламатыі дружбы», а менавіта так прынята гаварыць пра перакладчыцкую дзейнасць, будзе весціся гаворка і напярэдадні свята 4 верасня на круглым стале беларускіх і замежных літаратараў, арганізаваным Міністэрствам інфармацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Тут жа ў электронным фармаце будзе прэзентаваны адмысловы праект «Беларускім партызанам на мовах народаў свету». Верш народнага паэта Янкі Купалы, які ён напісаў у верасні 1941 года ў падтрымку ўсенароднай барацьбы на акупаванай тэрыторыі яго Радзімы прадстаўлены на 55 мовах свету, пераважна народаў Расійскай Федэрацыі.
У кастрычніку кніга павінна пабачыць свет і ў папяровым варыянце.
У Саюзе пісьменнікаў адзначаюць, што беларуская літаратура працягвае натхняць і захапляць новыя пакаленні. Пра гэта сведчыць конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка», сёлета колькасць яго ўдзельнікаў дасягнула 28 тысяч. Гала-канцэрт з удзелам пераможцаў конкурсу можна будзе ўбачыць у Касцюковічах.
Падчас свята будуць агучаны імёны лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. З творчасцю лепшых сучасных аўтараў можна знаёміцца дзякуючы адпаведнай серыі з іх творамі.

Павага — старэйшаму пакаленню
На жаль, час забірае творцаў, але ён не ў стане сцерці народную любоў і павагу. Сёлета на галоўнай сцэне падчас свята пісьменства Саюз пісьменнікаў прадставіць праграму «Імёны светлыя, дарагія». Тут згадаюць народнага паэта Беларусі Уладзіміра Карызну, народнага пісьменніка Мікалая Чаргінца, старшыню Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Алеся Казеку. У Мікалая Чаргінца была традыцыя: штогод у першы дзень свята ў сталіцы Дня пісьменства ён сустракаўся з чытачамі. Прадстаўнікі яго каманды Марыя Захарэвіч і Эдуард Ханок адгукнуліся на прапанову арганізатараў паехаць у Касцюковічы, каб прадставіць творчасць Мікалая Іванавіча, узгадаць пра яго. Гэта вечарына памяці будзе называцца «Дарогамі жыцця Мікалая Чаргінца».
Літаратары Міншчыны жывуць па прынцыпу, што па сапраўднаму таленавіты пісьменнік з’яўляецца летапісцам часу, якому ён належыць. Штогод Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў рэалізуецца шэраг сацыяльна значных праектаў. Так сёлета пабачыў свет паэтычны зборнік, прысвечаны 40-годдзю Чарнобыльскай аварыі. Падчас Дня беларускага пісьменства будзе прэзентаваны паэтычны зборнік да 135-годдзя Максіма Багдановіча, дзе адлюстраваны сучасны погляд аўтараў на творчасць і жыццё класіка. На пляцоўцы Мінскай вобласці ў Касцюковічах згадаюць і пра 85-годдзе пачатку вайны, а тэматыцы года будзе прысвечана праграма «Без жанчыны няма Айчыны».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ