З беларускай літаратурай усё часцей знаёмяцца на марыйскай мове.
У Саюза пісьменнікаў Беларусі склаліся добрыя творчыя адносіны з пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі Марый Эл. У гэтай рэспубліцы Расійскай Федэрацыі за апошнія гады выйшла тры кнігі беларускіх літаратараў. Адна з іх — калектыўная анталогія беларускай дзіцячай літаратуры, якая па рашэнню ўрада Марый Эл патрапіла ў кожную з бібліятэк рэгіёна. Нядаўна ў Мінску пабываў дырэктар Выдавецкага дома «Марыйскае кніжнае выдавецтва» Эдуард Іманаеў. Ён праінфармаваў беларускіх калег, што запланавана выданне анталогіі беларускай паэзіі ў перакладзе на марыйскую мову. Пераклады ўжо здзейснены. Папярэдне творы беларускіх паэтаў былі надрукаваны на старонках часопіса «Ончыко» і газеты «Марый Эл». Сярод перакладчыкаў — Ігар Папоў, Генадзь Ояр, Анатоль Ціміркаеў, Святлана Грыгор’ева-Сато.
Саюз пісьменнікаў Беларусі высока ацэньвае памкненні марыйскіх пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў да пашырэння літаатурных стасункаў паміж Беларуссю і Марый Эл. Граматамі СПБ за ўклад у прапаганду беларускай літаратуры ў Марый Эл адзначаны супрацоўнікі «Марыйскага кніжнага выдавецтва» — галоўны рэдактар Надзея Ліхачова, мастак Алена Волахава, дызайнер Святлана Кукліна. Вось што заўважыў з гэтай нагоды супрацоўнік выдавецтва, вядомы марыйскі празаік і перакладчык Юрый Салаўёў: «Беларуская літаратура становіцца для марыйскага чытача ўсё болей зразумелай. І гэта адбываецца дзякуючы жывым, непасрэдным кантактам пісьменнікаў. Спадзяюся, што мы разам здзейснім яшчэ многія планы».
Мікола Берлеж