Чалавеку ўласціва шукаць пачуццяў, але калі іх не кантраляваць, то можна прыйсці да залежнасці ад іншага і наогул страціць сваю асобу, ператварыўшыся ў бяздушную і бяздумную пачвару, якая не адчувае мяжы для сваёй жарсці. Так адбываецца з Кацярынай Ізмайлавай, гераіняй спектакля «Лэдзі М. цэнскага павета», прэм’ера якога адбылася ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Рэжысёр Яўген Карняг узяў за аснову аповесць Мікалая Ляскова і прапанаваў дарослай аўдыторыі псіхалагічны трылер, у якім адчуванне эмацыйнай пустэчы і жаданне запоўніць яе татальнай жарсцю прыводзяць да шэрагу трагедый.
Фактычна прывабная маладая жанчына, якая засумавала ў шлюбе з немаладым мужам без кахання, становіцца серыйнай забойцай, бо ставіць на чале ўсяго ўласную пачуццёвасць і становіцца цалкам залежнай ад чалавека, які гэтым карыстаецца. Рэжысёр Яўген Карняг не проста распавядае гісторыю, ён яе візуалізуе праз экспрэсіўна-метафарычныя вобразы, кожны з якіх невыпадковы, і «высвечвае» сутнасць трагедыі. Можна пералічыць усіх, хто стаў ахвярай апантанай жарсцю жанчыны: свёкар, муж, яго маленькі пляменнік, якому не пашчасціла атрымаць спадчыну, сама Кацярына і яе саперніца, якая з’явілася ўжо на катарзе.
У назве невыпадкова падкрэслена скарочанае імя гераіні да ўмоўнай літары «М.» — яе асоба цалкам «растварылася» ў прыказчыку, а сляпая жарсць, што прыводзіць да залежнасці ад іншага чалавека, знішчае ўсе маральныя арыенціры.

У трактоўцы Карняга менавіта жарсць, а не сама жанчына становіцца рухальнай сілай і фактычна гераіняй спектакля. Ёю дыхае сцэнічная прастора наогул, а не толькі галоўныя персанажы — ці то гэта Кацярына, якую ўвасабляе актрыса, ці то Сяргей, якога мы ад пачатку бачым у выглядзе вялікай лялькі, якой, дарэчы, кіруюць артысткі-жанчыны. Але самае цікавае і нават містычнае — як гэтая лялька жыве ў стасунках з артысткай, якая ўвасабляе Кацярыну: спачатку асобна, затым на нашых вачах становіцца з ёй адным цэлым (жанчына нібыта «ўжываецца» ў яго скуру), у нейкі момант яна яго носіць на руках, пасля, калі абодва апынуліся на катарзе, адбываецца «адлучэнне» і самазнішчэнне чалавека, які праз іншага сам стаў механічнай лялькай, што ў рэшце выходзіць з-пад падпарадкавання.
Канцэпцыя Яўгена Карняга падмацавана працай мастака Таццяны Нер-сісян, уражвае метафарычнасцю пры вонкавым мінімалізме. Але гэта толькі падаецца, бо сцэнічнае афармленне на самай справе тэхнічна складанае і прадуманае да дробязяў: хісткая кладка з падсветкай, па якой ходзіць гераіня, а пасля катаржане, вельмі дакладная праца са святлом, якое робіць акцэнты на пэўных рэчах ці з’явах. Так, па ходзе дзеі з дапамогай светлавых элементаў паступова ўзмацняецца вобраз пацукоў з насамі-піламі — яны падточваюць трываласць жыцця, становяцца сімвалам злой энергіі, якая кіруе жанчынай, а таксама прадвесцем фізічнага і духоўнага знішчэння герояў.

Сама па сабе гісторыя распавядаецца баз побытавай дэталізацыі. З рэчаў пазамінулага стагоддзя мы бачым толькі некаторыя, што маюць дачыненне да сутнасці: вянчальныя кароны, свечкі, што гараць, пышная яркая сукенка Кацярыны як увасабленне яе пачуццёвасці. Мастацкае афармленне працуе на тое, каб зрабіць акцэнт на артыстах у пэўныя моманты, у тым ліку праз усплёскі чырвонага на чорна-шэрым фоне. Яркі колер з’яўляецца невыпадкова, ён сэнсава абгрунтаваны і падкрэслівае крывавы шлях, на які ступаюць героі, каб зберагчы таямніцу і наталяць свае жаданні без перашкод. Містычна-трагічная атмасфера ўзмацняецца і гукавым напаўненнем асобных сцэн (музычную частку забяспечвала Кацярына Аверкава), што дапамагае трымаць гледача ў пастаянным эмацыйным напружанні.
У спектаклі занятыя выключна прадстаўніцы жаночага складу трупы. Артысткі выдатна працуюць, увасабляючы работніц і суседак, што любяць папляткарыць, выступаюць і ў ролях катаржанак, жанчын няпростага лёсу, якім таксама патрэбна пяшчота. Яны ж «ажыўляюць» вялікую ляльку спакусніка Сяргея, свёкра і мужа Кацярыны. Паводле задумы стваральнікаў спектакля, менавіта мужчынскія вобразы ўвасоблены лялькамі, якія, між іншым, размаўляюць мужчынскімі галасамі, — у дадзеным выпадку існаванне кожнага з гэтых персанажаў залежыць выключна ад адной жанчыны. Яе жывая, нават жывёльная жарсць і энергія настолькі моцныя, што зразумела: яна хоць і сузалежная асоба, якая звар’яцела з-за пачуцця, але не лялька ў руках лёсу, а распараджаецца ім сама, нават калі гэта вядзе да самазнішчэння. Фінал чалавека, які стаў на хісткую сцежку граху і злачынства. І глеба для роздуму для тэатральных гурманаў, якіх прыцягваюць незвычайныя лялечныя, пластычныя і гукавыя рашэнні, уласцівыя аўтарскаму почырку Яўгена Карняга і яго каманды.
Ларыса ЦІМОШЫК