Top.Mail.Ru

Секцыя «Верасень» Беларускага саюза мастакоў святкуе 35-годдзе

Афіцыйна яна ўтворана ў 1989-м, аднак так склалася, што справаздачную выстаўку жывапісу і графікі «Верасень-35» арганізавалі толькі цяпер — экспазіцыя працуе да 25 чэрвеня па традыцыі ў Палацы мастацтва. У яго сценах прадстаўлены работы ўдзельнікаў суполкі — сучаснікаў і тых, каго не стала. 


Першапачаткова «Верасень» сабраў побач розных графікаў. З часам многія пачалі працаваць таксама як жывапісцы і акварэлісты. Некаторыя прадстаўнікі секцыі займаліся і працягваюць творчую дзейнасць у галіне сцэнаграфіі, дызайну. У ліку ўдзельнікаў сёння — педагогі і мастацтвазнаўцы. 

12_23.jpg

Наталля Марчанка «Нацюрморт з гарбузамі», 2024 г.

Але ж пачалася гісторыя суполкі з выстаўкі графікі, якую арганізавалі ў 1987 годзе на той момант дастаткова вядомыя аўтары: Мікалай Рыжыкаў, Сяргей Волкаў, Яўген Жылін, Леанід Марчанка і Уладзімір Пашчасцеў. Іх жаданне аб’яднаць свае творчыя сілы і стала штуршком да стварэння таварыства аднадумцаў. 

У экспазіцыі добра заўважныя акцэнты на творчасці выбраных аўтараў. Так, дэманструюцца малавядомыя акварэлі народнага мастака Беларусі акадэміка Георгія Паплаўскага, які таксама стаяў каля вытокаў секцыі і шмат у чым паўплываў на мастацкія прынцыпы яе работы. Яго родныя Наталля і Кацярына Паплаўскія — таксама ў шэрагах «вераснёўцаў», таму плён іх творчасці можна ўбачыць на святочнай выстаўцы. Канцэпцыя праекта прадугледжвае і наяўнасць персанальных юбілейных міні-экспазіцый Таццяны Царовай, Наталлі Марчанка, Алы Каласенцавай і Марыны Эрэнбург. Апошняя, дарэчы, узначальвае суполку:

— Наша секцыя збіралася не па цэхавай прыкмеце, а, хутчэй, па блізкасці духу людзей. Суполка гэтая знаходзілася крыху ўбаку ад вялікіх секцый графікі і жывапісу. У яе прыходзілі тыя, хто адчуваў сябе няўтульна ў буйных аб’яднаннях мастакоў і бачыў сваю творчасць не зусім у мэйнстрыме. 

12_23_001.jpg

Мікалай Кірэеў «Сёстры», 2025 г. 

12_23_004.jpg

Ала Каласенцава «Раніца на тэрасе», 1997 г.

У «Верасень» заўсёды ўваходзіла прыкладна 30 чалавек. Мы з вялікай увагай ставіліся да кожнага, дазваляючы яму ажыццявіць уласныя задумы ў той ступені, у якой удзельнік жадае. Стваралася секцыя ў 1990-я — перыяд, калі ў Беларускім саюзе мастакоў і не толькі ў нефармальным асяроддзі з’явілася шмат творчых аб’яднанняў. Многія з іх сёння ўжо не існуюць, а «Верасень» жыве — за кошт агульнасці інтарэсаў, сяброўскіх і нават сямейных стасункаў. 

Імкненне многіх айчынных аўтараў да філасофскага асэнсавання свету, аднак з увагай да рэчаіснасці, розных праяў быцця чалавека, відавочнае і на выстаўцы жывапісу і графікі «Верасень-35». 

Сяргей Шэмет здзіўляе адлюстраваннем унутранага свячэння родных краявідаў, Уладзімір Шнарэвіч радуе яркасцю фарбаў, якую надаў будзённасці, Наталля Сустава цешыць казачнымі сюжэтамі, а Тамара Дзяменцьева чаруе нетыповымі кампазіцыямі, адмысловымі ўзорамі — пераасэнсаваннем рэлігійнай сімволікі... У работах гэтых ды іншых мастакоў адчуваецца выразнасць выбранага імі шляху, пэўнасць у выказваннях, акрэсленасць у адносінах да сябе і гледача, адданасць праўдзе мастацтва — якой творцы яе бачаць, разумеюць і адчуваюць.

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю