Днём і ноччу ратавальнікі прыходзяць на дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду. Ліквідуючы надзвычайныя сітуацыі як прыроднага, так і тэхнагеннага характару, яны на ўвесь свет заявілі: няма тых задач, якія не былі б па сілах супрацоўнікам МНС Беларусі. За высокім аўтарытэтам на міжнароднай арэне і бездакорнай павагай да людзей гэтай прафесіі ўнутры краіны — добрасумленнае выкананне пастаўленых задач, аснашчэнне падраздзяленняў сучаснай пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікай, тэхнічнымі сродкамі, абсталяваннем і экіпіроўкай, стварэнне камфортных умоў працы. У сукупнасці ўсё гэта ўплывае на якасць аказання дапамогі — а значыць, на захаванне чалавечых жыццяў.
У гэтым пераканаліся карэспандэнты «Звязды», якія пабывалі ў пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 42 г. Мінска. Сучаснае пажарнае дэпо, якое знаходзіцца ў новым сталічным мікрараёне «Паўночны бераг», забяспечвае бяспеку звыш 130 тысяч жыхароў.
Першы фактар — умовы працы
Дэпо ўяўляе сабой двухпавярховы корпус для спецыялістаў і гараж на пяць пажарных машын. На тэрыторыі абсталяваны спартыўная пляцоўка, стадыён і спецыяльная вежа для трэніровак, якія прызначаны для падтрымання высокай баявой гатоўнасці і адпрацоўкі шматлікіх сцэнарыяў надзвычайных сітуацый. У распараджэнні ратавальнікаў — утульны пакой для адпачынку, сталовая з усёй неабходнай кухоннай тэхнікай, пакой псіхалагічнай разгрузкі, трэнажорная зала. Камфортныя ўмовы працы — залог якаснага выканання пастаўленых задач.
«Асноўная задача — ратаваць людзей, — адзначае старшы інструктар-ратавальнік Андрэй КУХТА. — За гэтым стаіць вельмі многае: баявая і псіхалагічная падрыхтоўка, маральны стан, веды, якія ты набываеш падчас практычнай дзейнасці. Гэта і маёмасць, якая заўсёды павінна быць у баявой гатоўнасці, і добрая матэрыяльная база».
Па меркаванні Андрэя і яго калег, камфортнае знаходжанне ў дэпо ўплывае на гатоўнасць выканання любых пастаўленых задач, накіраваных на ліквідацыю надзвычайных сітуацый. Які б сігнал аб дапамозе ні паступіў — кожны гатовы выехаць на месца здарэння і аказаць дапамогу. На выклік супрацоўнікі МНС павінны сабрацца за хвіліну днём і за паўтары хвіліны ноччу. «Кожная секунда — на вагу золата, ад яе залежыць жыццё чалавека», — звяртае ўвагу кіроўца аўтацыстэрны Сяргей ГАРБУТОЎ.
Другі фактар — самападрыхтоўка

Начальнік пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 42 Цэнтральнага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей КУРЦЮГОЎ расказвае, што ўвесь час вучацца, удасканальваюць сваё майстэрства і дзеючыя, нават вельмі вопытныя ратавальнікі. Каб яшчэ больш аператыўна і якасна аказваць дапамогу, пры заступленні на дзяжурства яны не сядзяць, склаўшы рукі, ад выкліку да выкліку. Ёсць расклад баявой падрыхтоўкі, згодна з якім плануецца распарадак дня. Для супрацоўнікаў МНС праводзяцца заняткі па арганізацыі баявых разгортванняў, адпрацоўцы навыкаў работы з лесвіцамі, спецыфіцы аказання дапамогі ў сродках індывідуальнай абароны, у альпінісцкім абмундзіраванні і інш. Ратавальнікі пастаянна аналізуюць свае дзеянні падчас ліквідацыі надзвычайных сітуацый, каб удасканаліць работу ў далейшым.
«Час паміж выклікамі выкарыстоўваем і для тэхнічнага абслугоўвання пажарнай тэхнікі, — адзначае Сяргей Гарбутоў. — Тое, што можам зрабіць самі, робім. Калі гэта не ў нашай кампетэнцыі, накіроўваем аўтамабіль у вытворча-тэхнічны цэнтр, які знаходзіцца на балансе ведамства».
Трэці фактар — арганізацыя ратавальнай аперацыі
Поспех любой ратавальнай аперацыі пачынаецца з прыняцця паведамлення аб тым, што здарылася. Апаратная пункта сувязі — «крывяносная сістэма» сталічнай пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 42: менавіта сюды сцякаецца ўся інфармацыя аб надзвычайных сітуацыях у раёне адказнасці, якую перадаюць са службы «101». Радыётэлефаніст, які прымае званкі, зыходзячы з маштабу і абставін здарэння, вырашае, якую колькасць тэхнікі неабходна адправіць па ўказаным адрасе, колькі спецыялістаў будуць задзейнічаны ў ратавальнай аперацыі і ў якім абмундзіраванні павінны быць супрацоўнікі МНС. За лічаныя хвіліны варта прыняць рашэнне, ад якога залежыць якасць аказанай дапамогі.
«Асноўная колькасць выклікаў звязана з дапамогай насельніцтву: гэта і вызваленне людзей з ліфта, калодзежа, з пашкоджанага ў аварыі аўтамабіля, — расказвае радыётэлефаніст Надзея ВЯРЭНІЧ. — Рэагуем на спрацаванасць сістэмы перадачы паведамленняў аб надзвычайных сітуацыях "Маланка".Бывае, нехта пакурыў — датчык спрацаваў, або гаспадар спаліў на пліце каструлю. Дзякуючы сістэме ўдалося выратаваць шмат людзей».
Чацвёрты фактар — надзейнае абмундзіраванне
Замежныя калегі па-добраму зайздросцяць абмундзіраванню беларускіх ратавальнікаў: яго якасць і надзейнасць былі не раз правераны падчас тэхнагенных і прыродных катастроф. Сродкі пажаратушэння, рыштунак, сродкі аховы ратавальнікаў-пажарных, апараты для абароны органаў дыхання і адзенне нашых спецыялістаў — усё айчыннай вытворчасці.
«Камплект адзення ўключае ў сябе крагі (пальчаткі), куртку, штаны, боты, каску, падкаснік, пояс з карабінам і тапаром, — расказвае старшы інструктар-ратавальнік Яўген РУБАЦКІ. — Боты з металічнымі ўстаўкамі, якія абараняюць ад выпадковых падзенняў грузаў на ногі. Баявое адзенне не прапускае ваду, устойлівае да ўздзеяння адкрытага полымя і тэмпературы да 300 °С, а таксама да кантакту з прадметамі, нагрэтымі да 400 °С. Вага баявога адзення ратавальніка складае менш за 4 кг, што на 20 % лягчэй за замежныя аналагі».
У залежнасці ад умоў выканання аварыйна-ратавальных работ прадугледжаны розныя варыянты касцюмаў.
Пяты фактар — шматфункцыянальная тэхніка
У гаражы пажарнай часці — новая, сучасная тэхніка, якая выкарыстоўваецца падраздзяленнямі МНС для вырашэння задач па прызначэнні. Практычна ўся — беларуская. Айчыннае прадпрыемства па вытворчасці пажарных машын, спецыяльнай і спецыялізаванай тэхнікі — ТАА «ПАЖСНАБ» — зарэкамендавала сябе і за мяжой. Сярод апошніх распрацовак — аўталесвіца з вышынёй уздыму 52 метры, якая дазваляе ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі і ратаваць пацярпелых з верхніх паверхаў 17-павярховых будынкаў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы з 2025 па 2027 год на ўзбраенне органаў і падраздзяленняў МНС паступіць 17 такіх пажарных аўталесвіц.
Старшы інструктар-ратавальнік Андрэй Кухта дэманструе магчымасці аўтамабіля хуткага рэагавання. «У адной машыне, акрамя таго, што яна ўтрымлівае ёмістасць з вадой, вялікая колькасць шматлікага інструмента, — звяртае ўвагу ён. — Ёсць камбінаваныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца пры розных сітуацыях».
Адным словам, да якасці ў ратавальнага ведамства Беларусі асаблівыя адносіны. Яна тут ва ўсім — пачынаючы ад тэхнікі і абсталявання, заканчваючы прафесійнай ацэнкай надзвычайнай сітуацыі і добрасумленным стаўленнем да выканання задач. За ўсім гэтым — бяспека, жыццё і здароўе людзей.
За 2020 — 2024 гады ў падраздзяленнях МНС уведзены ў эксплуатацыю 73 аб’екты. З іх — 68 будынкаў пажарных часцей (дэпо, пастоў), 5 будынкаў грамадскага і вытворчага прызначэння.
За перыяд з 2021 па 2024 год на ўзбраенне органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях паступіла 742 адзінкі транспартных сродкаў, у тым ліку 236 адзінак пажарных аўтацыстэрнаў і 51 адзінка вышыннай тэхнікі.
У 2023 годзе ў рамках рэалізацыі даручэння Прэзідэнта Беларусі набыты і пастаўлены на ўзбраенне ДААСУ «Авіяцыя» два верталёты Мі-17.
Вераніка КАНЮТА
Фота Лізаветы ГОЛАД