У паўночным рэгіёне сёлета пасяўныя плошчы кукурузы на зерне павялічаны ўдвая, з 15 тыс. да 30 тыс. гектараў. Мэта — стварэнне трывалай кармавой базы для жывёлагадоўлі. На пачатку 2020-х гадоў плошчы царыцы палёў на зерне складалі не больш за 8-9 тыс. гектараў. Аграрыі не рызыкавалі пашыраць іх, баючыся, што кукуруза можа не даспець з-за халаднейшага клімату. Цяпер вырошчванне гэтай культуры становіцца ўсё больш папулярным. Акрамя таго, што яна ў параўнанні са збожжавымі мае найвышэйшую энергетычную каштоўнасць, яшчэ дае і значна большую ўраджайнасць.
Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых на Віцебшчыне сёлета склалася каля 30 цэнтнераў з гектара, а кукурузы на бягучы момант — каля 100 ц/га.
Філіял «Альшанка-Агра» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт», што ў Чашніцкім раёне, спецыялізуецца на раслінаводстве і ўваходзіць у лік лідараў вобласці па тэмпах уборкі кукурузы на зерне, а яе ўраджайнасць тут складае 120 ц/га. Убрана звыш 60 % плошчаў.

— Вырошчваем кукурузу на гэтыя мэты на 520 гектарах, або на 16 % ад сваіх агульных плошчаў, на працягу шасці гадоў, — паведамляе дырэктар філіяла Сяргей МАТВЕЕЎ. — Паспелі ацаніць вартасці і навучыліся аграпрыёмам, неабходным на нашых землях. Сяўбу праводзім напрыканцы красавіка — напачатку мая. Выкарыстоўваем у якасці насеннага матэрыялу гібрыды ранняй групы спеласці, што зніжае рызыкі надвор’я. Цяпер вільготнасць зерня складае 33 % — гэта дастаткова, каб гаварыць пра яго спеласць.
Кіраўнік назваў кукурузу «культурай для лянівых»: сёлета доглядавыя мерапрыемствы ў адносінах яе звяліся да адной хімічнай праполкі і падкормкі. На думку Сяргея Матвеева, царыца палёў павінна шырэй выкарыстоўвацца як культура для вытворчасці кармоў на Віцебшчыне.

Сапраўды, разам з тым, што кукуруза таннейшая і менш энергазатратная ў апрацоўцы, яна з’яўляецца энергетычным лідарам сярод зерневых кармоў, пераўзыходзячы пшаніцу і ячмень па колькасці абменнай энергіі. Пажыўныя рэчывы лепш засвойваюцца арганізмамі жывёлы, а ў рацыёне яе можа быць шмат, што спрыяе хуткаму і якаснаму адкорму.
Прама з палёў зерне звозяць для перапрацоўкі і захоўвання ў філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». Па сутнасці, гэта камбікормавы завод прадпрыемства, а яно ўваходзіць у аграпрамысловы холдынг «Славянскі велес». Яго прадукцыя са свініны і мяса птушкі вядомая пакупнікам пад гандлёвымі маркамі «Вітканпрадукт» і «Мясакамбінат Славянскі». Сыравінную базу на будучыя камбікармы і кармавыя дабаўкі для птушкі і свіней закладваюць менавіта на палях.

— Трэці месяц заняты на жніве, — расказвае адзіны ў філіяле «Альшанка-Агра» камбайнер Аляксандр Зябко, нязменны ў маштабе раёна і вобласці перадавік.
— Ячменю было нямнога, убраў за адзін дзень, пшаніцу — за пяць. Сёлета да намалоту ў 3 тыс. тон з улікам рапсу мне не хапіла ўсяго 3 тоны. Кукурузу гібрыда «Радрыгес» цяпер убіраць — адно задавальненне, урадзіла лепш, чым у папярэдні год, стаіць сухая, на сцёблах у асноўным па два катахі. Намалочваю за дзень да 300 тон. Машын на адвозцы філіяла «Вітканпрадукт» хапае, словам, рабочы працэс арганізаваны. Адно важна — каб дажджы не заміналі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота аўтара