Агразадачы, падыходы да кадраў і пункты росту ў эканоміцы
Асноўнымі тэмамі сталі завяршэнне ўборачнай і сяўба азімых, прапрацоўка інвестпраектаў на тэрыторыі Гомельскай вобласці сумесна з партнёрамі з Узбекістана, а таксама работа з кадрамі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўніку дзяржавы даложана аб заканчэнні ўборкі збожжавых і зернебабовых, рапсу. Ураджай цалкам сабраны. Валавы аб’ём склаў 1 млн 90 тысяч тон. З улікам маючай адбыцца ўборкі кукурузы на зерне аграрыі Гомельскай вобласці разлічваюць атрымаць каля 1,5 млн. т. Як далажыў Іван Крупко, разам з нарыхтоўкай кукурузы на сілас гэта дасць магчымасць у поўным аб’ёме забяспечыць патрэбнасці ў жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі.
Павышаная ўвага надаецца і нарыхтоўцы травяных кармоў, у тым ліку выкананню даручэння Прэзідэнта аб атрыманні дадатковых аб’ёмаў на поймавых лугах.
У рэгіёне пачалі сяўбу азімага кліну, сельгаспрадпрыемствы ў дастатковым аб’ёме забяспечаны якасным насеннем і палівам.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць падтрымання дысцыпліны, без чаго немагчыма дасягнуць добрага выніку ні ў адной сферы. Іван Крупко далажыў, што ў развіццё даручэння Прэзідэнта па накіраванні на ваенныя зборы нядбайных работнікаў былі створаны спецыяльныя камісіі. Людзі адабраны і накіраваны ў вайсковыя рады. Гэта практыка сябе зарэкамендавала са станоўчага боку — прызваныя сур’ёзна падцягнулі дысцыпліну.
Яшчэ адной тэмай даклада стала развіццё супрацоўніцтва Гомельскай вобласці з рэгіёнамі Узбекістана. Адзначаецца добрая дынаміка росту тавараабароту. Пры гэтым стаіць задача сканцэнтравацца не толькі на гандлі, але і на рэалізацыі сумесных праектаў, інвестыцыйным узаемадзеянні. Ужо ёсць канкрэтныя планы па такой сумеснай рабоце ў сферы АПК.
Сканцэнтраваны на ўборцы кукурузы
Як расказаў Іван Крупко журналістамі, галоўны акцэнт у дакладзе кіраўніку дзяржавы быў зроблены на завяршэнне ўборачнай кампаніі на Гомельшчыне, а таксама старце ўборкі кукурузы і сяўбе азімых культур. Старшыня аблвыканкама далажыў аб поўным завяршэнні ўборкі збожжавых, зернебабовых культур, рапсу.
— Атрыманы валавы аб’ём ураджаю 1 мільён 90 тысяч тон. Гэта невялікі прырост да ўзроўню мінулага года, але гэты аб’ём дае магчымасць сёння забяспечыць выкананне дзяржаўнага заказу, забяспечыць насеннем вышэйшай рэпрадукцыяй і, самае галоўнае, забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі на ўвесь зімова-стойлавы перыяд, — патлумачыў Іван Крупко. — Кіраўніку дзяржавы было даложана, што мы завяршылі сяўбу азімага рапсу. У гэтым годзе яго пасеяна 74 тысячы гектараў, што больш чым на 6 тысяч гектараў перавышае леташні паказчык.
Па словах кіраўніка рэгіёна, гэта культура добра паказала сябе на палях вобласці, дала добры ураджай, у тым ліку дзякуючы строгаму захаванню тэхналагічных тэрмінаў сяўбы, як і ставіў задачу Прэзідэнт.
— У гэтым годзе ўраджай атрымалі ў два разы большы, чым летась, — 140 тысяч тон алейнага семя рапсу, прыбаўка — амаль у 70 тысяч тон. Гэта добры вынік, культура вельмі выгадная, я думаю, што кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў гэта адчулі. Яна дала магчымасць разлічыцца з арганізацыямі, выканаць дзяржзаказ і поўнасцю забяспечыць патрэбы пад сяўбу. Гэта і набыццё мінеральных угнаенняў, і гібрыдаў насення рапсу, — удакладніў Іван Крупко.

Старшыня аблвыканкама таксама далажыў Прэзідэнту аб пачатку сяўбы азімага кліну. Пастаўлена задача пасеяць 247 тысяч гектараў азімых збожжавых. Аграрыі Гомельшчыны ў першую чаргу прыступілі да сяўбы азімага ячменю і пшаніцы. У цэлым жа ў структуры сяўбы — каля 70 тысяч гектараў азімага ячменю і каля 78 тысяч гектараў азімай пшаніцы, трыцікале і рапсу. Усе сельгаспрадпрыемствы забяспечаны насеннем элітных рэпрадукцый, першай рэпрадукцыі эліты і суперэліты.
Як адзначыў Іван Крупко, важнай сельгасзадачай застаецца і нарыхтоўка кармоў.
— У час паездкі ў Гомельскую вобласць, у Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах Прэзідэнт паставіў дакладную задачу па ўборцы кармоў, звярнуць увагу на поймы, наладзіць гэтую работу, размеркаваць яе паміж сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі ў раёнах, — нагадаў кіраўнік рэгіёну.
Сёння аграрыі вобласці сканцэнтравалі свае сілы і ўборцы «царыцы палёў». У рэгіёне пад кукурузу занята 200 тысяч гектараў. Убрана каля 13 %. Таксама нарыхтавана амаль 500 тысяч тон сіласу. Важная сельгасзадача — нарыхтоўка травяністых кармоў.
Школа маладога кіраўніка і нядбайныя работнікі ў арміі
Як адзначыў кіраўнік паўднёва-ўсходняга рэгіёну, у час даклада Прэзідэнту ў тым ліку быў зроблены акцэнт рабоце з кадрамі, захаванні дакладнай працоўнай дысцыпліны.
— Кампетэнтныя кіраўнікі, спецыялісты, якія працуюць на нашых прадпрыемствах, і не толькі сельскагаспадарчых, адказваюць за развіццё прадпрыемства, стабільны эканамічны рост. Далажыў Прэзідэнту, што ў 2021 годзе ў нас сфарміравана «Школа маладога кіраўніка». Ужо сто выпускнікоў, з іх фактычна 35 % ужо кіраўнікі, — падкрэсліў Іван Крупко і звярнуў увагу, што паўгадовая вучоба дае магчымасць перспектыўным кадрам пераймаць досвед кіраўнікоў з вялікім стажам працы, вучыцца правільна ставіць задачы перад калектывам, арганізаваць вытворчасць.
Была закранута праблема і нядбайных работнікаў на жніве.
— Па даручэнні кіраўніка дзяржавы былі створаны ў кожным раёне камісіі, дзе разгледзелі людзей, якія сістэматычна парушаюць працоўную дысцыпліну, злоўжываюць шкоднымі звычкамі і гэтак далей. Яны сёння прызваны ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, і ўжо прайшлі навучанне. Знаходзяцца яны на тэрыторыі Гомельскай вобласці, займаюцца пытаннямі абарончага характару і працуюць фізічна, — удакладніў Іван Крупко.
Па словах кіраўніка рэгіёна, па зваротнай сувязі ад ваенных спецыялістаў вядома, што вынік такой работы плённы.
— Кажуць: сталі ўжо іншыя людзі. Магчыма, што адказнасць ваенная дысцыплінуе вельмі сур’ёзна. Упэўнены, што ў жыцці гэтых людзей вельмі шмат памяняецца, і ў плане адказнасці ў адносінах да сваёй краіны, да сваёй сям’і, да жыцця ў цэлым, — выказаў упэўненасць старшыня аблвыканкама.

Перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва з Узбекістанам
Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу, што ў дакладзе Прэзідэнту абмяркоўваліся важныя пытанні далейшай міжнароднай вытворчай кааперацыі, а канкрэтна з вытворцамі Рэспублікі Узбекістан.
— Мы вельмі шчыльна працуем з Ферганскай вобласцю, з цэнтральнай Ташкенцкай вобласцю, літаральна некалькі тыдняў таму прымалі дэлегацыю Наваінскай вобласці — кіраўніцтва з вялікай колькасцю бізнесменаў. За апошнія пяцігоддзі тавараабарот Гомельскай вобласці з Узбекістанам павялічыўся ў тры разы — з 15 мільёнаў долараў да 50 мільёнаў. І мы сёлета ідзём з добрым ростам, каля 160 працэнтаў да мінулага года, — прывёў лічбы кіраўнік рэгіёну.
Як падкрэсліў Іван Крупко, сёння пастаўлена задача ўзмацніць супрацоўніцтва, ў тым ліку сканцэнтравацца на важнейшых праектах у сельскай гаспадарцы. Вельмі перспектыўны напрамак — праекты па стварэнні вытворчасці ялавічыны. Кіраўнік рэгіёну нагадаў, што на Гомельшчыне актыўна развіваецца вырошчванне буйной рагатай жывёлы мясных парод.
— У нас ёсць што прапанаваць. Вядома, праекты павінны быць узаемавыгаднымі, тады прыйдзе цікавасць у развіцці, выкарыстоўваючы кармавыя ўгоддзі Рэспублікі Беларусь, вырошчваць мяса, пастаўляць яго ва Узбекістан і працаваць, пашыраць гэты напрамак. У гэтым пытанні спее сур’ёзны эфект у будучым, — рэзюмаваў Іван Крупко.
Наталля КАПРЫЛЕНКА