Узровень медыцынскіх паслуг, асабліва ў сельскіх населеных пунктах, заўсёды знаходзіцца ў полі зроку кіраўніцтва дзяржавы. Штогод у краіне адкрываюць новыя ўстановы аховы здароўя з сучасным тэхналагічным абсталяваннем, пазітыўныя змяненні закранаюць і фельчарска-акушэрскія пункты, якія з’яўляюцца для вяскоўцаў першым і часам адзіным пунктам хуткай медыцынскай дапамогі.
У пачатку лютага ва Ушацкім раёне справіў наваселле Селішчынскі ФАП, у зоне абслугоўвання якога знаходзіцца дзесяць вёсак. Пункт быў у Селішчы даўно, аднак размяшчаўся ў старым будынку 1974 года, пад адным дахам з поштай і калгаснай канторай. Не трэба тлумачыць, што дабротамі цывілізацыі састарэлая пабудова пахваліцца не магла, аднак медыцынскія паслугі тут аказвалі на самым высокім узроўні.
Напрыканцы 2024 года ФАП было вырашана перавесці ў суседні будынак, дзе правялі капітальны рамонт. Цяпер там ёсць гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, ацяпленне. І вядома, высокапрафесійны персанал, які заўсёды гатовы аказаць дапамогу ўсім сельскім жыхарам.
Тут, на Селішчынскім ФАПе, ужо 37-ы год працуе Дзіна Леанідаўна Карбоўская, праз рукі якой прайшло не адно пакаленне вяскоўцаў. Жанчына родам з Ушаччыны, у Се-лішчы апынулася, калі выйшла замуж.
«Я тут ужо свая, мясцовая. Насельніцтва ведаю ад малога да вялікага, нават хто колькі важыць (усміхаецца). Вядома, раней людзей было значна больш, цяпер засталіся пераважна пенсіянеры», — расказвае медыцынская сястра.
Яшчэ дваццаць гадоў таму фельчарска-акушэрскі пункт абслугоўваў 11 вёсак з насельніцтвам пад тысячу чалавек. Цяпер адзін населены пункт знік, а колькасць насельніцтва знізілася да 220 чалавек, з іх толькі 20 дзяцей. Як ні сумна, аднак такая тэндэнцыя назіраецца ў многіх сельсаветах.
Але і гэтым 200 з «хвосцікам» пацыентам Дзіна Леанідаўна прадастаўляе амаль поўны шэраг паслуг, акрамя флюараграфіі: на ФАПе ёсць кардыёграф, вымяральнік унутрывочнага ціску, тут бяруць аналізы на біяхімію. Прычым скарыстацца такой магчымасцю могуць людзі дома — да іх медсястра прыязджае разам з раённым урачом.
Цяпер акушэрскі пункт працуе два разы на тыдзень, яго калектыў, акрамя медыцынскай сястры Карбоўскай, складаюць яшчэ санітарка і качагар. «Людзям, вядома, хацелася б, каб пункт працаваў часцей, паколькі не вельмі зручна, напрыклад, перапыняць курс ін’екцый тым, каму гэта трэба. Тады ўсё роўна па-за сваім працоўным днём прыходжу да іх дадому, каб зрабіць укол. Часта людзі звяртаюцца па дапамогу і днём, і ноччу, як у класічных фільмах пра сельскага доктара», — усміхаецца Дзіна Леанідаўна.
За 37 гадоў прафесійнага стажу жанчыне давялося ўбачыць многае: людзі замярзалі пад уздзеяннем алкаголю, некаторых даставалі з вады і іншае. Успамінае Карбоўская выпадак, калі цяжарную жанчыну запіхвалі ў машыну хуткай дапамогі, каб везці на роды ў бальніцу, а яна крычала, што нецяжарная. Была сітуацыя, якая і дагэтуль адгукаецца ў сэрцы сельскага доктара жахам: прыйшоўшы ў адну з сацыяльна небяспечных сем’яў, медсястра ўбачыла хлопчыка, які задыхаўся. Яму было ўсяго тры тыдні, вясковая сувязь перашкаджала аператыўна выклікаць «хуткую», аднак Дзіна Леанідаўна змагла злавіць машыну і прывезці дзіця ў бальніцу. На апошніх хвілінах хлопчыку дапамаглі, у яго была двухбаковая пнеўманія. «Самым складаным перыядам за апошні час былі 2021–2022 гады, эпідэмія COVІD-19. На маім участку хварэлі цэлымі сем’ямі; усім, каму было можна і хто жадаў сам, рабілі прышчэпкі. Хваля эпідэміі закранула і мяне, шмат хто з пажылых людзей не вытрымаў хваробы і пайшоў з жыцця. Аднак мы гэта перамаглі», — успамінае Карбоўская.
На Селішчынскім ФАПе Дзіна Леанідаўна адпрацавала з 1988 да 2016 года, выйшла на пенсію па выслузе. Адпачыўшы некалькі гадоў, зноў вярнулася ў прафесію.
Жанчына прызнаецца, што вельмі любіць сваю работу, мясцовых людзей і, самае галоўнае, ведае, што можа ім дапамагчы.
А вяскоўцы, у сваю чаргу, як і 30 гадоў таму, спяшаюцца на ФАП не столькі па лекі, колькі па «ўкол» увагі.
Фота з адкрытых крыніц