Падрабязнасці камандзіроўкі Прэзідэнта ў Нараўлянскі раён
Падрабязнасці камандзіроўкі Прэзідэнта ў Нараўлянскі раён
У фінальны дзень візіту на Гомельшчыну кіраўнік дзяржавы наведаў шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў Нараўлянскага раёна, а таксама прадпрыемства «Чырвоны Мазыранін». У цэнтры ўвагі беларускага лідара традыцыйна знаходзіліся некалькі пытанняў. Гэтым разам — пасяўная, работа малочнатаварнага і зернесушыльнага комплексаў, гатоўнасць тэхнікі да сельскагаспадарчага сезона, развіццё кандытарскай галіны.
«Для краіны гэта высокі ўзровень земляробства»
Прыбыўшы ў Нараўлянскі раён, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, колькі на гэтых землях будзе малочнатаварных комплексаў. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко далажыў, што адзін МТК ужо пабудаваны, яшчэ два плануюцца да ўзвядзення.
«Тры комплексы цалкам зоймуць землі Нараўлянскага раёна?» — удакладніў Прэзідэнт.
Па словах губернатара, акрамя новых МТК, функцыянуюць і старыя — усе яны, як запэўніў Іван Крупко, прыведзены ў парадак.
Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці дастаткова зямель на тры новыя малочнатаварныя комплексы. Старшыня Гомельскага аблвыканкама адзначыў, што МТК поўнасцю будуць забяспечаны двухгадовым запасам кармоў.
Першым пунктам у маршруце Прэзідэнта стаў малочнатаварны комплекс аддзялення «Будкі» КСУП «Эксперыментальная база «Крынічная». Тут кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай малочнатаварнага комплексу на 600 галоў дойнага статка і далейшым развіццём малочнатаварнай вытворчасці за кошт будаўніцтва новага комплексу.
Эксперыментальная база «Крынічная» з’яўляецца буйной сельскагаспадарчай арганізацыяй. Яна спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення збожжавых культур, бульбы, вытворчасці, дапрацоўцы і рэалізацыі насення кукурузы, вытворчасці буйной рагатай жывёлы. У склад сельгаспрадпрыемства ўваходзіць малочнатаварная ферма «Будкі», уведзеная ў эксплуатацыю ў 2024 годзе. У цяперашні час тут утрымліваецца 927 галоў жывёлы, 600 з іх — малочныя каровы.
Гаворачы аб перспектывах, Іван Крупко далажыў, што новы комплекс, які гаспадарка плануе пабудаваць, будзе разлічаны на 3112 галоў. Дырэктар КСУП «Эксперыментальная база «Крынічная» Мікалай Рубаха ўдакладніў, што на комплексе будзе ўтрымлівацца 1200 дойных кароў. Па яго словах, пры выхадзе комплексу на поўную магутнасць сельгаспрадпрыемства штодзённа будзе прадаваць 40 тон малака. У цяперашні час рэалізацыя гэтага прадукту ў два разы меншая. Кіраўнік гаспадаркі расказаў і аб іншых планах, звязаных з развіццём гаспадаркі. Асобна размова зайшла аб важнасці арганічных угнаенняў для павышэння ўрадлівасці глебы.
Прэзідэнт удакладніў, у якім раёне размяшчаецца эксперыментальная база «Крынічная». Як высветлілася, у Мазырскім, але на нараўлянскіх землях, якія ў сярэдзіне 2010-х гадоў былі перададзены Мазыршчыне.
Аляксандр Лукашэнка памятае, як прымаліся гэтыя рашэнні. «Дворнік (Уладзімір Дворнік, губернатар Гомельскай вобласці ў 2010–2019 гадах. — „Зв.“) тады прасіў, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — „Ну, бяры“. Але справіліся з гэтымі землямі».
«Справіліся!» — пацвердзіў цяперашні губернатар.
Прэзідэнт пацікавіўся, колькі насельніцтва пражывае ў Нароўлі. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што непасрэдна ў горадзе — каля 8900 чалавек, 1600 жыхароў — у сельскай мясцовасці.
«Калі вы будзеце гаспадарыць на зямлі так, як (цяпер. — „Зв.“): і меліярацыйныя работы вы правялі і ўвогуле за Прыпяццю ідэальна, — даў станоўчую ацэнку ўбачанаму беларускі лідар. — Увогуле для краіны. Не толькі для прыпяцкіх раёнаў. Для краіны гэта высокі ўзровень земляробства на гэтых землях. Вельмі высокі ўзровень. Калі гэта так усюды».
«Робім усё, каб было ўсюды, — заўважыў Іван Крупко. — Зразумела, ёсць над чым працаваць».
«Трэба працаваць, — пацвердзіў Прэзідэнт. — І ён (кіраўнік гаспадаркі. — „Зв.“) мае рацыю — без арганікі жыць немагчыма. Тым больш, вы ж кукурузу сееце ў асноўным. Арганіка патрэбна. Арганіка — гэта жывёлы. Ну, а шчыльнасць жывёлы... Трэба, каб кармы былі».
Як запэўніў Мікалай Рубаха, кармоў у сельгаспрадпрыемстве хапае.
«Трэба адраджаць гэтыя землі, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Чаго б там ні каштавала, трэба вярнуцца да тых зямель, якія ў нас былі ў савецкія часы. І мы можам гэта зрабіць».
«Трэба сеяць»
Падчас наведвання гаспадаркі зайшла размова пра сяўбу. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся рэальнай карцінай вясенніх палявых работ у цэлым у краіне, а таксама на Гомельшчыне і ў Нараўлянскім раёне.
Як далажыў кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, на цяперашні час у Беларусі практычна завершана сяўба ранніх яравых культур. У Віцебскай вобласці засталося засеяць 8 тысяч га, але да 1 мая гэтыя работы плануецца завяршыць. Што датычыцца яравой сяўбы ўвогуле, то на 27 красавіка яна ажыццёўлена напалову. Па словах міністра, ужо амаль завершана сяўба цукровых буракоў і лёну-даўгунцу, пасеяна пятая частка кукурузы ад запланаванага аб’ёму. У сувязі з умовамі надвор’я пасадку бульбы толькі пачалі.
«Трэба, каб была падрыхтавана глеба, — маючы на ўвазе завяршэнне вясенніх палявых работ, паставіў задачу Прэзідэнт. — Глеба падрыхтавана — дзень і ноч можна папрацаваць і пасеяць. Проста трэба з людзьмі працаваць у гэтым плане. Я не бачу праблем тут асаблівых. І потым, на наступным тыдні абяцаюць у нас пацяпленне рэзкае. Таму калі зерне цяпер будзе ў зямлі ляжаць, у грунце, яно „выстраліць“ актыўна да пацяплення. Таму цягнуць ужо не трэба. Трэба сеяць».
Старшыня Гомельскага аблвыканкама праінфармаваў Прэзідэнта аб вясенніх палявых работах у цэлым у рэгіёне. Ён агучыў тэрміны, калі павінны быць пасеяны канкрэтныя культуры.
«Самае галоўнае, Іван Іванавіч, план ты вызначыў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Нармальны, рэальны план для ўраджаю. Трэба абавязкова яго выканаць. Не трэба слухаць нейкія адгаворкі. Паложана да гэтага часу — памрыце, але зрабіце! Няхай ноччу сеюць».
«Патрэбны сістэма, арганізацыя і чалавечае стаўленне да жывёлы»
Асобна зайшла размова аб развіцці жывёлагадоўлі ў рэгіёне. Па словах губернатара, на Гомельшчыне будзе пабудавана 160 прафілакторыяў на 26 тысяч цялят. 46 з іх пабудавана летась.
«Але май на ўвазе: прафілакторыі — гэта не пазбаўленне ад усіх праблем, звязаных з падзяжом жывёлы, — папярэдзіў губернатара кіраўнік дзяржавы. — Трэба і іншыя пытанні вырашаць. І ветэрынарыя — гэта таксама не галоўнае. Лячыць жывёлу — гэта не чалавека. Патрэбны сістэма, арганізацыя і чалавечае стаўленне да жывёлы».
Пры будаўніцтве прафілакторыяў Аляксандр Лукашэнка заклікаў прытрымлівацца тэхналогій. «Не трэба выдумляць нічога тут і выдаткоўваць лішнія грошы», — дадаў ён.
У якасці параўнання Прэзідэнт прывёў цялятнік у ААТ «Агра-Ляскавічы», які напярэдадні наведваў. «Юрый Віктаравіч, усё, як у цябе, толькі ў два разы танней», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава.
Іван Крупко далажыў, што ў 2021 — 2025 гадах на Гомельшчыне былі пабудаваны 22 комплексы. У цяперашні час 14 з іх ужо функцыянуюць. Яшчэ два МТК будуць уведзены ў эксплуатацыю ў бліжэйшыя дні. Да 2030 года на тэрыторыі вобласці запланавана пабудаваць яшчэ 27 МТК.
«Комплексы мы пабудуем — гэта ўжо не праблема. А жывёлай мы ўкамплектуем іх?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы ў губернатара і атрымаў станоўчы адказ.
Праінфармаваў Іван Крупко і аб планах па нарыхтоўцы кармоў: у год на Гомельшчыне плануецца будаваць па 100 траншэй для захоўвання кармоў.
Азнаёміўшыся з работай малочнатаварнага комплексу, Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку ўбачанаму. «Вельмі дарагі комплекс, вядома, шыкоўны комплекс, — канстатаваў ён. — Такія мы ўсюды не пабудуем».«Мы нарыхтоўваем кармы — як я гавару, замест сенажу гнілаж атрымліваем, — заўважыў Прэзідэнт. — Таму павінны быць сховішчы нармальныя».
Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў аб сваім патрабаванні, што пры будаўніцтве МТК трэба эканоміць сродкі. «Дорага, вядома, дорага, — заўважыў ён. — Трэба імкнуцца ўтанніць гэта (будаўніцтва МТК. — „Зв.“). Агароджа як у Палацы Незалежнасці. Сянажныя навесы — жалезабетон такі, што ні адзін беспілотнік і нават ядзерны выбух не возьме. Грошы не лічаць. Таму трэба лічыць грошы. Гэта вельмі дарагі комплекс. Можна сказаць, ён за свае грошы гэта зрабіў. Але ўсё роўна... Як за свае, калі мы даціруем сельскую гаспадарку? Усё роўна трэба эканоміць».
Кіраўнік дзяржавы арыентуе на вяртанне ў сельгасабарот зямель, якія пацярпелі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Гэтыя так званыя чарнобыльскія землі, — удакладніў ён. — Так званыя, бо я памятаю, як тады палітыку рабілі на гэтым. Павыводзілі (зямлі з абароту. — „Зв.“), а цяпер не так проста іх уводзіць».
Прэзідэнт нагадаў, што выпрацавана пэўная сістэма ўводу гэтых зямель у сельгасабарот. «Трэба глядзець на раён, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — На землі, колькасць гектараў і будаваць комплексы, бо вакол комплексу заўсёды будзе нармальная абстаноўка. Кармы патрэбны — будуць нармальна апрацоўваць гэтыя землі».
«Усё кампактна, нічога лішняга — ідэальны машынны двор»
Другім пунктам на маршруце кіраўніка дзяржавы стаў машынна-трактарны парк КСУП «Саўгас-камбінат «Зара». Сельгасарганізацыя была заснавана ў жніўні 1996 года на базе комплексу па вытворчасці свініны. Сёння гэта шматпрофільнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое мае ўласныя ўчасткі па вырабе камбікармоў, вытворчасці і перапрацоўцы свіней, буйной рагатай жывёлы, птушкі.

Як далажылі Прэзідэнту ў машынна-трактарным парку, сёння ў гаспадарцы створана ўся неабходная інфраструктура для вядзення эфектыўнай сельскай гаспадаркі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы па праграме развіцця пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў і ўліванню ўласных сродкаў сельгаспрадпрыемства, тут пабудавалі збожжасушыльны комплекс на 10 тысяч тон захоўвання.
Прэзідэнт азнаёміўся з машынна-трактарным паркам, а таксама арганізацыяй работы на мехдвары. Тут, у даволі простых умовах, ажыццяўляюць не толькі дробны рамонт тэхнікі, але і больш складаныя віды работ. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне. Акрамя таго, у парку праводзяць рамонт тэхнікі не толькі «на хуткую руку», але і капітальны. Гэта эканоміць і сродкі, і час.
Кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку ўбачанаму. «Малайцы, комплекс ідэальны, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — І не трэба выдумляць нейкія там чорт ведае якія майстэрні. Вось трэба вучыцца! Малайцы! Усё кампактна, нічога лішняга — ідэальны машынны двор». Гэты вопыт кіраўнік дзяржавы даручыў выкарыстоўваць у іншых гаспадарках, падобных па маштабах.
Беларускі лідар таксама пагутарыў з адным з работнікаў мехдвара, якога прадставілі як найлепшага токара ў раёне. Прэзідэнт падкрэсліў, што, акрамя асноўнай работы, трэба абавязкова займацца настаўніцтвам, рыхтаваць падрастаючую змену.
«У мяне ёсць. Вось, гвардыя, — з доляй гумару адзначыў кіраўнік дзяржавы, указаўшы на службовых асоб, якія яго суправаджалі. — А ў цябе?»

Акрамя таго, Прэзідэнту далажылі аб тэхналогіі плюшчэння кукурузы пры нарыхтоўцы кармоў, якая выкарыстоўваецца ў гаспадарцы. Такі спосаб больш эканамічны, чым драбненне, пры якім кукурузу патрабуецца папярэдне высушваць, а гэта — лішнія затраты. Кукурузу пасля плюшчэння закладваюць на захоўванне ў спецыяльныя рукавы, дадаўшы туды кансервант. Такі корм падыходзіць для кармлення як свіней, так і буйной рагатай жывёлы.
У папярэднім сезоне «Зара» нарасціла аб’ёмы плюшчанай кукурузы ў чатыры разы, у гэтым плануюць павялічыць яшчэ. «Выдатна, тэхналогія добрая, — даў ацэнку кіраўнік дзяржавы. — Правільна. Пры такіх пасевах і арыентацыі на кукурузу — гэта вялікая справа».
Прэзідэнт успомніў, як у свой час прымаў рашэнне аб перадачы зямель у Нараўлянскім раёне Мазырскай «Зары», якая на той момант стабільна развівалася. У выніку атрымалася аб’яднаная гаспадарка на плошчы больш за 11,5 тысячы гектараў.
«Добра, што ўзялі гэтыя землі нараўлянскія. Я перажываў. Думаю, вось так махнуў, аддаў... (а ў выніку. — „Зв.“) добра. І губернатар гаворыць, што малайцы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Робіце вы добра, але не губляйце рынкі»
Фінальным акордам вялікай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Гомельскую вобласць стала наведванне ААТ «Чырвоны Мазыранін». Тут рэалізуецца два інвестыцыйныя праекты ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект»: рэканструкцыя ірыснага ўчастка з укараненнем новага абсталявання і рэканструкцыя цукерачна-мармеладнага цэха з устаноўкай аўтаматызаванай лініі па вытворчасці пасцілы. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай прадпрыемства, а таксама прадэгуставаў прадукцыю, якая тут вырабляецца.
Прэзідэнту падрабязна расказалі пра гісторыю адной з найстарэйшых кандытарскіх фабрык краіны, якая была заснавана ў 1913 годзе. Сёння тут выпускаюць каля 150 найменняў прадукцыі агульным аб’ёмам 3600 тон у год.

Як паведамілі кіраўніку дзяржавы, сёлета прадпрыемства дадало 12 % па выручцы, знізіла выдаткі практычна на 6 %. Сярэдняя заработная плата ў параўнанні з мінулым годам вырасла на 23 %.
Пасля азнаямлення з работай прадпрыемства была праведзена дэгустацыя. Кіраўніку дзяржавы была прапанавана як самая папулярная прадукцыя «Чырвонага Мазыраніна» і фабрыкі «Спартак», так і навінкі. Так, напрыклад, цукеркі «Кароўка» называюць хітом «Чырвонага Мазыраніна». Іх да гэтага часу вырабляюць па сваёй класічнай рэцэптуры з выкарыстаннем масла, якая не змянялася з 1947 года. Беларускі лідар адзначыў, што добра ведае гэту прадукцыю.
«Кароўка»... Я перадаваў вам сігналы. Ну, зрабіце рэцэпт «Кароўкі», як калісьці было. «Мазыранін» — гэта ж роднае, — адзначыў Прэзідэнт. — Я «Чырвоны Мазыранін» больш паважаю і цаню, чым нашы асноўныя дзве фабрыкі».
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, як пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС многія схілялі яго да закрыцця фабрыкі. «Я гавару — не, — узгадаў ён. — Не будучы тут, я сказаў „не“. Гэты „Мазыранін“ павінен жыць. Я памятаю гэта. Таму для мяне вы родныя».
Як далажылі Прэзідэнту, асноўным рынкам збыту для «Чырвонага Мазыраніна» з’яўляецца ўнутраны рынак. На ім фабрыка рэалізуе каля 70 % сваёй прадукцыі. Асноўным пакупніком кандытарскіх вырабаў «Чырвонага Мазыраніна» за мяжой з’яўляецца Расія. Але ласункі, вырабленыя на кандытарскай фабрыцы ў Нароўлі, таксама пастаўляюцца ў Азербайджан, Арменію, Казахстан. У планах у прадпрыемства — выхад на рынкі Кітая, Узбекістана, Таджыкістана.

Сёння на «Чырвоным Мазыраніне» завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Гаворка ідзе аб рэканструкцыі ірыснага ўчастка з укараненнем новага абсталявання. Кошт праекта склаў 4,5 мільёна рублёў, а яго рэалізацыя дазволіла паскорыць працэс вырабу ласункаў і павысіць прадукцыйнасць лініі больш чым у два разы.
«Пра новую лінію і яе запуск вы мне прасігналізавалі сваёй прадукцыяй. Мне перадалі вашу прадукцыю, — адзначыў беларускі лідар. — І я ўзрадаваўся, што на „Чырвоным Мазыраніне“ нарэшце ірыс вырабляць пачалі. І па старой рэцэптуры».
Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з работай новай лініі вытворчасці ірысу. Нягледзячы на высокатэхналагічнае абсталяванне, рэцэптура не мяняецца больш за 80 гадоў, а для вырабу ірысу выкарыстоўваюцца толькі натуральныя інгрэдыенты, — напрыклад, ужо згаданае масла і згушчанае малако.
На прадпрыемстве рэалізуецца і другі інвестпраект — яшчэ больш маштабны і амбіцыйны. Гэта рэканструкцыя цукерачна-мармеладнага цэха з устаноўкай аўтаматызаванай лініі па вытворчасці пасцілы. Кошт праекта складае 11 мільёнаў рублёў, тэрміны рэалізацыі — 2024—2027 гады. Устаноўка аўтаматызаванай лініі дазволіць павялічыць выпуск і пашырыць асартымент запатрабаванай прадукцыі фабрыкі.

Ад «Спартака» была прадстаўлена ў тым ліку лінейка ласункаў без цукру, прадукцыя для дзяцей. Напрыклад, печыва «Печаняшкі», вафельныя вырабы «Крошкі-васьміножкі». Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якая кандытарская фабрыка лепшая: «Камунарка» або «Спартак», а таксама ці няма праблем з продажам прадукцыі.
Аляксандру Лукашэнку далажылі, што прадукцыя «Спартака» арыентавана на беларускі рынак, куды трапляе 90 % прадукцыі, што выпускаецца. Крыху больш складана з экспартам, аднак сёння сітуацыя змяняецца ў лепшы бок. Акрамя таго, у рамках імпартазамяшчэння ў 2023 годзе на прадпрыемстве ўстанавілі лінію па вытворчасці тонкага шакаладу. Сам шакалад выпускаюць з розным утрыманнем какавы: ад 35 да 99 %.
«Малайцы, робіце вы добра, але не губляйце рынкі. І знешнія таксама», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
«Колькі тут здароўя і сіл выдаткавана...»
У завяршэнні візіту старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падарыў кіраўніку дзяржавы тэматычны альбом пад назвай «Шлях рэгіёна — давер Прэзідэнта». У ім сканцэнтраваныя больш за 70 паездак беларускага лідара на Гомельшчыну.
«Тут, пачынаючы з 1995 года, сабраны ўсе паездкі, усе знакавыя рашэнні ў мадэрнізацыі прамысловасці, дрэваапрацоўкі, усіх кірункаў, — канкрэтызаваў Іван Крупко. — Ну, і вельмі душэўныя фатаграфіі (у тым ліку знакамітая сустрэча Прэзідэнта з палешукамі). Тут гісторыя Гомельшчыны, тут гісторыя ўсёй нашай Беларусі і прыняцце важных рашэнняў».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Гомель і Гомельская вобласць заўсёды былі для яго родным месцам. «Колькі тут здароўя і сіл выдаткавана... І рашэнняў (было прынята. — „Зв.“) такіх складаных, якія не ўсе адразу разумелі, а потым згаджаліся... Так што, Іван Іванавіч (Крупко. — „Зв.“), калі ты прывядзеш вобласць у парадак, як каля Прыпяці (там, дзе я лятаў), — гэта таксама будзе подзвіг», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Данііл Хмяльніцкі