Top.Mail.Ru

Сенатар Аляксандр Каркатадзэ — пра захаванне гістарычнай памяці, патрыятычны турызм і яго патэнцыял

«У Беларусі ёсць што паглядзець»

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар дзяржаўнай установы «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» Аляксандр Каркатадзэ на пачатку нашай размовы згадаў, што праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку перад турыстычнай галіной пастаўлена задача павялічыць удвая ўклад у эканоміку нашай дзяржавы. А ў Беларусі ў гэтага кірунку даволі вялікі патэнцыял. У прыватнасці, у галіне патрыятычнага турызму, аб якім мы і пагутарылі з сенатарам.

Музеі — на перадавой у адстойванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне

— У Беларусі захавалася мноства замкаў, культавых збудаванняў, цікавых турыстычных месцаў, і, вядома, патрыятычны турызм — адзін з кірункаў развіцця нашага агульнага турызму, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. — Тут таксама вельмі вялікі патэнцыял, таму што ў нас ёсць мноства музеяў і велічных, знакавых мемарыяльных комплексаў, такіх як «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой». У Беларусі ёсць што паглядзець. І ўнутраны турызм можна развіваць, і знешні.

Калі гаварыць пра патрыятычны турызм, тут вядучую ролю адыгрывае менавіта музейная галіна. Менавіта музеі цяпер на перадавой у адстойванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, аб праўдзе, аб вырашальным унёску савецкага народа ў перамогу, адзначыў сенатар.

— Але гэта комплекснае пытанне. Супрацоўнічаць павінны ўсе сферы, звязаныя з гістарычнымі памятнымі месцамі, для таго каб гэтыя маршруты сталі запатрабаванымі.

Арыентавацца, на думку Аляксандра Аляксандравіча, варта не толькі на айчынных, але і на замежных турыстаў.

— На прыкладзе мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» бачым, што 51 % з тых, хто наведвае арганізаваныя экскурсіі, складаюць турысты з Расіі, — падзяліўся статыстыкай сенатар. — І калі турыст прыязджае ў Беларусь для таго, каб паглядзець Брэсцкую крэпасць, яму аднаго дня недастаткова, а значыць, патрэбна адпаведная інфраструктура: гасцініцы, харчаванне, праезд да памятных месцаў. Я бачу, што патэнцыял для развіцця гэтай галіны вельмі вялікі.

«Летась мы прынялі 723 тысячы турыстаў»

Актыўнае супрацоўніцтва ў галіне патрыятычнага турызму паміж Беларуссю і Расіяй менавіта ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць — герой» пачалося больш за 10 гадоў таму, адзначыў Аляксандр Каркатадзэ.

— У 2014-м, напрыклад, дзякуючы падтрымцы ААТ «Газпрам» была адкрыта экспазіцыя «Музей вайны — тэрыторыя міру», — удакладніў сенатар.— Наступным важным для нас этапам стала маштабная рэканструкцыя па праекце Саюзнай дзяржавы — тады прайшло 16 мерапрыемстваў, былі адкрыты тры новыя экспазіцыі — «Летапіс Брэсцкай крэпасці», «Абарона Усходняга форта», «5 форт». Гэта была інтэнсіўная і нялёгкая праца, але ўдалося пэўных вынікаў дасягнуць. Да ажыццяўлення гэтых праектаў налічвалася каля 470 тысяч наведвальнікаў штогод, а ўжо летась мы прынялі 723 тысячы турыстаў. Назіраецца рост амаль у два разы. Гэта прыклад таго, як удала была прадумана неабходнасць ствараць у мемарыяльным комплексе экспазіцыі рознага плана. І сродкі, якія Саюзная дзяржава ўкладвае ў гісторыю, у музеі, дае эфект і маральны (у маладым пакаленні выхоўваецца патрыятызм), і матэрыяльны — гэта дае выручку.

Увогуле, на думку суразмоўцы, патэнцыял турызму і яго складнікаў яшчэ не вычарпаны.

— Турыстычным фірмам варта мяняць пэўныя падыходы, яны павінны шукаць новыя маршруты і ісці непраторанымі дарогамі.

Агульная культурная спадчына

Сумесная намінацыя Беларусі і Расіі, у якой прадстаўлены мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой» і «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане, у 2024 годзе была ўключана ў папярэдні Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, адзначыў Аляксандр Каркатадзэ.

— Мы, можна сказаць, як па лесвіцы, паднімаемся да гэтай намінацыі і спадзяёмся, што ў 2029–2030 гадах будзе вынесена канчатковае рашэнне. Перш за ўсё мы гэтым на культурным і турыстычным узроўні заяўляем пра ролю Савецкага Саюза ў перамозе над фашызмам, нагадваем пра тое, што савецкі народ зрабіў вырашальны ўнёсак у гэту перамогу. Мы паказваем два мемарыяльныя полі бітвы. Свет павінен ведаць аб гэтых месцах баёў. Калі мы ў Парыжы ў мінулым годзе прадстаўлялі свае намінацыі, прадстаўнікі ЮНЕСКА з розных краін падыходзілі да нас і гаварылі, наколькі гэта цікава і перспектыўна.

Сёлета ў чэрвені Брэст прыме Міжнародны форум «Вялікая спадчына — агульная будучыня», нагадаў сенатар.

— Сімвалічна, што гэта будзе менавіта ў 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, — дадаў ён. — Першы форум праходзіў у Валгаградзе, другі — у Брэсце, а гэта яшчэ раз падкрэслівае сувязь паміж народамі. Падчас форуму будуць абмяркоўвацца пытанні захавання гістарычнай праўды, працаваць розныя секцыі. Я ведаю, што і Маладзёжны парламент пры Парламенцкім сходзе Саюзнай дзяржавы таксама будзе ўдзельнічаць. У мяне ад маючай адбыцца падзеі вялікія чаканні. Я быў удзельнікам першага форуму, выступаў там. Асабліва ўразілі выступленні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Рыгоравіч простымі і даступнымі словамі патлумачыў, чаму мы чапляемся за гістарычную памяць. Вельмі шмат фактараў сведчыць пра тое, што ў нас няма права праваліць работу па патрыятычным выхаванні нашай моладзі. Улічваючы, што на контурах нашай краіны адбываюцца няпростыя падзеі. Мы павінны вырасціць тое пакаленне, для якога Айчына будзе такая ж святая, як для нашых дзядоў, а для іх пакалення — прадзедаў.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю