Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар ААТ «Салігорская птушкафабрыка» Іна Таўкачова прайшла няпросты, але вельмі цікавы і разнастайны шлях станаўлення. Карэспандэнт «МС» даведалася, што прывяло жанчыну ў палітыку, як гэты вопыт удаецца сумяшчаць з кіраўніцкай пасадай і ці застаецца ў сенатара час на сябе.
«Стараюся сумленна выконваць давераныя мне справы»
— Іна Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, што вас прывяло ў палітыку?
— Справа выпадку. Я не планавала, таму што заўсёды была вытворцам, мая асноўная праца звязаная з птушкагадоўляй. Натуральна, у мяне тут вялікая шматзадачнасць. Так склалася, што маю кандыдатуру прапанавалі (у якасці кандыдата ў члены Савета Рэспублікі. — «Зв.» ), а я пагадзілася.
— Якія задачы ставіце перад сабой у парламенцкай дзейнасці?
— Раней я была выбраная дэпутатам Салігорскага раённага Савета дэпутатаў 27-га і 28-га скліканняў, таму аб гэтай дзейнасці ведала не па чутках. Вядома, дадатковая нагрузка адчуваецца па шэрагу кірункаў: і ў грамадскай, і ў палітычнай, і ў заканатворчай дзейнасці. Але самае галоўнае, такую задачу перад намі ставіць Наталля Іванаўна Качанава, — работа з людзьмі ў рэгіёнах. У маім выпадку гэта тры раёны — Салігорскі, Старадарожскі і Любанскі. Там я сустракаюся з людзьмі, размаўляю з імі, каб разумець, чым жывуць нашы грамадзяне, якія ў іх ёсць праблемы, якую дапамогу і садзейнічанне трэба аказаць. Пытанняў даволі шмат, працаваць трэба актыўна — гэтым і займаюся.
.jpg)
З другога боку, не перастаю кіраваць прадпрыемствам, якое дынамічна развіваецца, — тут таксама патрэбна своечасовая парада, наказ або дапамога ад кіраўніка. Нядаўна, напрыклад, мы запусцілі перапёлкавую ферму, аналагаў якой няма на постсавецкай прасторы, цяпер працуем над будаўніцтвам цэха перапрацоўкі, ідзе рэканструкцыя асноўнай пляцоўкі. Планаў даволі шмат. Пры гэтай загрузцы я стараюся сумленна выконваць давераныя мне справы, каб ні ў якім разе не падвесці Савет Рэспублікі, абласное і раённае кіраўніцтва, прадпрыемства, на якім працую.
Важна ўмець не толькі слухаць чалавека, але і чуць яго
— Ваш стаж працы на Салігорскай птушкафабрыцы складае больш за дваццаць гадоў. Гэта даволі вялікі адрэзак часу. Ці дапамагае вам гэты вопыт працы ў палітычнай дзейнасці. Калі так, то ў чым канкрэтна?
— Безумоўна. Наогул, мой першы кіраўнічы вопыт адбыўся яшчэ ў 23 гады. Верагодна, характар з маладосці быў добра заўважны. Вось ужо восьмы год кірую птушкафабрыкай, дагэтуль была намеснікам дырэктара на прадпрыемстве. Вопыт у першую чаргу разумення чалавека, што вельмі важна, за гэтыя гады я ўжо дакладна набыла. Гэта вельмі карысна: умець не толькі слухаць чалавека, але і чуць яго. Мне веданне псіхалогіі чалавека дапамагае і ў парламенцкай дзейнасці.

Не кожны чалавек умее даступна растлумачыць сваю праблему, а нам, парламентарыям, яшчэ трэба прадумаць, як яе граматна вырашыць. У гэтай справе важна падабраць патрэбныя словы, каб грамадзянін адкрыўся перад табой, расказаў усё як ёсць. А, бывае, што яго неабходна проста выслухаць.
«Аляксандр Рыгоравіч бачыць, якую ролю сёння ў беларускім грамадстве займае жанчына»
— Іна Уладзіміраўна, ці застаецца ў гэтай плыні загружанасці час на сябе?
— Работа — гэта вялікая частка майго жыцця, на астатнія справы застаецца вельмі мала часу, але блізкія гэта разумеюць і падтрымліваюць. Мама, сын з нявесткай, дзве ўнучкі — усе імкнуцца падставіць плячо. Зразумела, што ў нас ёсць сямейныя традыцыі, на якія заўсёды вылучаю час, нягледзячы на шчыльную загрузку. Мы з сям’ёй сустракаемся, мабыць, не так часта, але ж значна важнейшая якасць праведзенага часу.
— Жанчына сёння — і мама, і жонка, і захавальніца сямейнага ачага, і адказны работнік... Цяжка пераацаніць мноства роляў, асабліва ў Год беларускай жанчыны...
— Безумоўна. Наш мудры Прэзідэнт вельмі добра адчувае час, у які мы жывём. Аляксандр Рыгоравіч бачыць, якую ролю сёння ў беларускім грамадстве займае жанчына. Яна вырашае тыя пытанні, за якія мужчыны нават часам брацца не хочуць. А ўсё таму што нашы жанчыны — вельмі адказныя і шматзадачныя. Я не хачу прыніжаць значнасць мужчын, нашага тылу, але ёсць вельмі шмат прыкладаў, калі беларускам удаецца паспяхова сумяшчаць і сям’ю, і работу, і кар’ерны рост.

— А як гэта ўдаецца асабіста вам? Адкуль чэрпаеце сілы?
— Па-першае, важна ўмець планаваць свой час. Адсюль поспех — мець магчымасць усюды пакінуць свой след у добрым сэнсе слова. Я задаволена тым, што паспяваю многае.
Па-другое, напэўна, мне гэта дадзена ад прыроды. Я не баюся адказнасці. Прыйсці дадому і не думаць ні пра што — не пра мяне. У галаве пастаянна круціцца паток думак і спраў. Хтосьці больш любіць сябе, таму не гатовы да такога. І я не асуджаю гэта, проста для сябе выбіраю іншы шлях.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ