Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ірына Абельская ўпэўненая: калі ты з’яўляешся кіраўніком і вырашаеш пэўнае кола задач у сваёй непасрэднай сфер — гэта заўсёды прадугледжвае кантакты з шырокімі пластамі насельніцтва, структурамі і аб’яднаннямі.
«Зразумела, што ўзнікаюць пытанні, якія трэба вырашаць у прафесійным полі. І, напэўна, наш Нацыянальны сход — гэта тая пляцоўка, дзе пытанні і павінны прафесійна вырашацца», — падзялілася парламентарый. Пра развіццё медыцынскай галіны, парламенцкую дзейнасць і многае іншае Ірына Сцяпанаўна расказала ў эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды».
— Раскажыце, калі ласка, што вас прывяло ў палітыку, як сталі сенатарам?
— Калі ты адчуваеш у сабе сілы, веды, вопыт і разумееш, што ў Савеце Рэспублікі працуюць твае аднадумцы, разумееш, што многія рэчы можна вырашыць значна хутчэй, больш якасна, на карысць нашых людзей. Я думаю, што гэта, напэўна, асноўны пасыл — у мяне дакладна. Таму што асноўная задача парламента — заканадаўчая функцыя, адпрацоўка, экспертыза нарматыўных дакументаў. І заўсёды хочацца, каб гэта было зроблена максімальна прафесійна, зыходзіла ад жыцця і было зручна ва ўжыванні.
У абмеркаванне таго ці іншага законапраекта ўцягнута даволі сур’ёзная прафесійная супольнасць. У нас працуюць экспертныя групы, якія фарміруюцца ў залежнасці ад тых задач і тэм, якія раскрываюць нарматыўны дакумент. І тут важна быць у коле прафесіяналаў, якія могуць праблему разгледзець у 4D-плоскасці.
Кожны законапраект, які паступае ў Савет Рэспублікі, падвяргаецца дакладнай экспертызе для таго, каб мінімізаваць усе рызыкі, якія пацягне за сабой яго прыняцце. Гэта вельмі важна, таму што нічога ідэальнага не існуе. Але ў тым і заключаецца каштоўнасць людзей ад зямлі, прафесіяналаў, якія маюць вопыт, разумеюць, што ёсць нюансы, якія прынцыпова могуць адбівацца на жыццядзейнасці не толькі людзей, але і многіх арганізацый і кірункаў сацыяльнай палітыкі нашай краіны.
Сістэмны, дзесьці нават стандартызаваны падыход сенатараў дазваляе праводзіць аналіз не толькі дакументаў у тваёй непасрэднай сферы дзейнасці, але і ў іншых.
— Якія задачы выдзяляеце для сябе ў парламенцкай дзейнасці?
— Я б падзяліла іх на тры асноўныя блокі. Вядома, гэта актыўны ўдзел у нарматворчасці, да чаго і закліканы Савет Рэспублікі, гэта яго асноўная задача.
Удзельнічаць у гэтым у адрыве ад пастаяннай камунікацыі з людзьмі немагчыма, таму цесны кантакт з рознымі прафесійнымі і сацыяльнымі пластамі нашага грамадства — таксама адна з важных задач члена Савета Рэспублікі. У нас пастаянна праходзяць тэлефонныя лініі, праводзяцца прыёмы грамадзян. І калі адно і тое ж пытанне задаюць многія людзі, значыць, адбываецца нейкі збой у сістэме. І, магчыма, ён абумоўлены невялікімі дэфектамі ў нарматыўных дакументах. Гэта цыкл замкнуты і ўзаемазалежны. Немагчыма зрабіць дзейсны і сучасны закон, калі ты не будзеш камунікаваць з людзьмі і атрымліваць зваротную сувязь ад іх.
Яшчэ адна функцыя — кантрольная: як той ці іншы нарматыўны дакумент рэалізуецца на месцах.
— А што лічыце прынцыпова важным у сваёй дзейнасці ў сістэме аховы здароўя?
— Галоўны ўрач — гэта чалавек, які вельмі паглыблены ў пытанні сістэмы аховы здароўя. Мы ведаем, што колькасць зваротаў па пытаннях работы і функцыянавання ў цэлым сацыяльнай сферы знаходзіцца заўсёды ў «топе», таму што галоўная каштоўнасць любога чалавека — здароўе.
Мы заўсёды стараемся дапамагчы, растлумачыць, як функцыянуе наша сістэма, таму што часта нашы людзі хочуць адразу трапіць, напрыклад, з райцэнтра ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр. Бывае, што людзі неабгрунтавана не давяраюць сваім спецыялістам на месцах і тым, хто ім можа дапамагчы на больш высокім узроўні. Таму місія медыцынскага работніка, кіраўніка ў гэтым і заключаецца, каб растлумачыць і дапамагчы.
— Як, на вашу думку, развіваецца айчынная медыцына?
— Згодна з асноўнымі законамі развіцця аховы здароўя ва ўсім свеце. Больш за тое — з захаваннем тых важных аспектаў і каштоўнасцяў, якія многія краіны страцілі.
На мой погляд, мы балансуем паміж захаваннем і ўмацаваннем пярвічнага звяна аховы здароўя і развіццём высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. І я думаю, што ў гэтым балансе наша асноўная сіла і каштоўнасць, таму што наша дзяржава дастаткова шмат выдзяляе сродкаў на развіццё аховы здароўя. Мы не павінны забываць, што ў нас ахова здароўя бясплатная. І кожны чалавек, незалежна ад яго месца пражывання або статусу, можа атрымаць медыцынскую дапамогу.
Мы гаварылі аб захаванні фельчарска-акушэрскіх пунктаў, пярвічнага звяна. Таксама варта адзначыць і мабільныя медыцынскія пункты, якія даязджаюць да зусім невялікіх населеных пунктаў. Гэта сапраўды ўнікальная рэч.
Калі б хтосьці вельмі сур’ёзна і глыбока аналізаваў стан пярвічнага звяна ў іншых краінах, мы б зразумелі, што гэта наша велізарная перавага. Сёння ў нас дастаткова рабочая, добрая нарматыўная база, якая пастаянна ўдасканальваецца.
Іншая справа, што многія рэчы залежаць ад канкрэтных людзей. І вось тут чалавечы фактар адыгрывае розную ролю. Усё залежыць ад таго, хто як ставіцца да працы на сваім месцы, наколькі прафесійна падрыхтаваны. І гэта працэс бясконцы, які патрабуе сур’ёзнай работы, удасканалення сістэмы, умацавання розных узроўняў аховы здароўя.
Мы развіваемся з часам. У нас ёсць цудоўныя ўстановы, якія выкарыстоўваюць сучасныя малекулярна-генетычныя метады, клетачныя тэхналогіі. Мы сёння вельмі актыўна ідзём па шляху персаніфікаванай медыцыны, асабліва ў галіне анкалогіі, кардыялогіі. Мы прывабныя для многіх краін у сферы аховы здароўя.
— Як вы лічыце, наколькі эфектыўна праяўляе сябе мэтавы набор маладых спецыялістаў у гэтай сферы?
— Выпускнікі ВНУ — гэта заўсёды матэрыял, з якім трэба яшчэ вельмі сур’ёзна працаваць пасля вучобы. Калі мы гаворым пра сістэму аховы здароўя, тут дакладна вызначана сістэма настаўніцтва: хто гэта павінен быць і якія функцыі выконваць.
Што датычыцца мэтавага набору, ніколі не бывае нічога адназначнага. Я для сябе бачу ў гэтым зацікаўленасць і інтарэсы двух бакоў. Для маладых людзей гэта адназначна добра. Да рашэння ўзяць мэтавае накіраванне малады чалавек павінен падыходзіць адказна, з разуменнем таго, што ён далей павінен будзе рабіць.
У ахову здароўя, у медыцыну традыцыйна ішлі глыбока матываваныя людзі, якія любілі гэту працу. І гэта было вельмі добра. Я не гавару, што ўсе яны былі аднолькава адказныя, але многімі рухалі менавіта гэтыя якасці і пачуцці. І яны разумелі, што ідуць не проста ў прэстыжную, а ў вельмі складаную прафесію. Прафесію, у якой вельмі лёгка выгараць. Прафесію, у якой, каб атрымаць станоўчы вынік, трэба прайсці праз цярністы шлях.
Калі маладыя людзі атрымліваюць мэтавае накіраванне, мне вельмі хочацца верыць, што ўсё ж такі пераважная большасць з іх сапраўды гэтак жа матывавана і па прызванні выбрала гэты шлях. На жаль, ёсць і тая катэгорыя моладзі, якая разумее, што яна можа атрымаць годную, прэстыжную, паважаную ва ўсе часы прафесію больш лёгкім шляхам, з улікам больш нізкіх прахадных балаў (па мэтавым накіраванні. — «Зв.»). Ідучы па такім шляху, трэба прыкладаць вельмі шмат намаганняў, каб быць на адным узроўні з калегамі, якія паступілі на бюджэт без накіравання.
Узяўшы яго, ты павінен несці адказнасць і аб адпрацоўцы. Пяць гадоў у медыцыне — гэта кропля, імгненне, далёка не кожны нават зможа за гэты час зразумець усё, што яму трэба будзе рабіць у сістэме аховы здароўя ў цэлым. Гэта яшчэ і магчымасць атрымаць гарантаванае працоўнае месца. Таму што ў многіх краінах свету маладыя людзі не ідуць у прафесію, калі не разумеюць, дзе потым будуць працаваць.
Нават у невялікіх населеных пунктах у нас створаны ўмовы для годнай працы і прафесійнага росту. Раней было так: калі ты не працуеш у вялікай клініцы, значыць, ты не маеш доступу да кангрэс-пляцовак, канферэнцый, семінараў. Сёння такой праблемы не існуе.
Перш за ўсё, прадстаўлена велізарная колькасць анлайн-трансляцый, магчымасцяў атрымаць тэлемедыцынскія кансультацыі, далучыцца анлайн да любой сусветнай лекцыі ў рэжыме рэальнага часу. Сістэма самаўдасканалення ў нашай краіне выбудаваная і добра функцыянуе.
— Наколькі своечасова, на ваш погляд, быў абвешчаны 2026-ы Годам беларускай жанчыны?
— Я думаю, у нас кожны год — жанчыны, таму што столькі ўвагі надаецца развіццю мацярынства, дзяцінства, сістэмы аховы здароўя, ад якіх жанчына неаддзельная.
Калі мы гаворым аб сацыяльнай сферы, як найбольш вострай, якая ў першую чаргу закранае інтарэсы, думкі і душы ўсіх, аблічча прадстаўніка сацыяльнай сферы — жаночае. Абвяшчэнне 2026-га Годам жанчыны хутчэй сімвалічнае. Можа быць, гэта час, калі варта падвесці нейкія вынікі і намеціць планы на будучыню.
Калі гаварыць пра сістэму аховы здароўя, то гэта яшчэ магчымасць зрабіць большы акцэнт на тых праблемах, з якімі сёння сутыкаецца кожная жанчына ў нашай краіне, на магчымасць папярэджання сур’ёзных захворванняў. Мы ведаем, што сёння ва ўсім свеце на першым месцы стаяць анкалагічныя захворванні, сярод жаночага насельніцтва — рак малочнай залозы. Нашай асноўнай задачай з’яўляецца ранняе выяўленне анкалагічных захворванняў. Вось у гэтым я бачу канцэнтрацыю намаганняў — каб выпрацаваць матывацыю ў жанчын. Гэты год павінен паслужыць ферменцёрам для таго, каб нашых жанчын падштурхнуць штогод праходзіць абследаванне, не баяцца гэтага, не саромецца, думаць пра сябе. Чым раней урач убачыць праблему, тым хутчэй мы справімся з ёй.
Мы працуем з вялікай колькасцю насельніцтва, аналізуем яго здароўе, выдзяляем спецыяльныя дні, калі жанчыны прыходзяць выключна на прафілактычныя агляды (у Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. — «Зв.»).
Мы працуем і з прадпрыемствамі, і з буйнымі арганізацыямі. Не так даўно правялі работу з жанчынамі — працаўніцамі «Дарыды», якія прайшлі абследаванне ў нашым медцэнтры. Я лічу, што гэта вельмі годны і правільны ўнёсак у Год жанчыны. Хаця, насамрэч, — гэта наша штогадовая работа.
— Ірына Сцяпанаўна, у Беларусі створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі жанчыны ў розных кірунках: і як мамы, і як захавальніцы дамашняга ачага, і як прафесіянала сваёй справы. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі ва ўсім свеце сфарміравалася тэндэнцыя да адкладвання нараджэння дзяцей і стварэння сям’і на больш позні тэрмін...
— Так, вядома, тэндэнцыі распаўсюджваюцца вельмі хутка і ў нас. З аднаго боку, я гатова зразумець маладое пакаленне, таму што кожны хоча быць асобай, атрымаць годную адукацыю, знайсці месца работы, якое будзе мець перспектыву росту і кар’ернага, і фінансавага. Акрамя таго, вырасла працягласць жыцця людзей, таму, здаецца, што абзавесціся сям’ёй заўсёды паспеецца. Асабліва з улікам таго, што сёння шмат дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, якія мы таксама вельмі актыўна выкарыстоўваем у медыцынскай практыцы. Гэта дае нейкую заспакоенасць маладым людзям. Але прыроду ж не падманеш. Пакуль яшчэ нічога лепшага не прыдумана, акрамя натуральнага шляху родадапамогі, гадавання дзяцей. І гэта ўсё трэба рабіць своечасова.
Калісьці наш Прэзідэнт, абсалютна не прывязваючыся да гэтай тэмы, даючы настаўленне маладым людзям, сказаў: «Усё трэба рабіць своечасова». Сёння ўсе ўмовы створаны для таго, каб і ў прафесіі адбыцца, і сям’ю стварыць. Трэба проста не баяцца гэтага. Можа, недзе варта стаць менш эгаістычным і палюбіць не толькі сябе, але сваю цудоўную будучыню, якую атрымае малады чалавек са стварэннем сям’і і нараджэннем дзіцяці. Гэта маё меркаванне. Але жыццё ў кожнага сваё.
— Якія перспектывы ў сферы медыцынскага супрацоўніцтва былі вызначаны ў ходзе візіту дэлегацыі Арабскага парламента ў Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта?
— Гэта быў вялікі візіт у нашу краіну. Праграма была вельмі насычанай і рознабаковай. Наш медыцынскі цэнтр быў выбраны для наведвання парламентам Лігі арабскіх дзяржаў. Прысутнічалі прадстаўнікі розных краін, з якімі Беларусь наладжвае адносіны. І гэта абсалютна правільна, таму што глабалізацыя прыводзіць да таго, што працэсы, якія выбудоўваюцца ў многіх краінах, у тым ліку і ў сістэме аховы здароўя, стандартныя.
Беларусь можна аднесці да дзяржавы, у якой гэтыя працэсы настроены і маюць станоўчыя вынікі. Мы з’яўляемся вельмі прывабнай пляцоўкай для іншых краін. І мы ідзём туды, дзе нас чакаюць і хочуць бачыць. Традыцыйныя нашы глыбокія інтэграцыйныя ўзаемаадносіны з Расійскай Федэрацыяй, краінамі СНД, ЕАЭС, працягваюць развівацца, паглыбляцца, пашырацца. Яны прырастаюць новымі цікавымі праектамі.
Жыхары гэтых краін часта з’яўляюцца не толькі гасцямі ў Беларусі, але і пацыентамі, якія звяртаюцца ў нашы медыцынскія ўстановы па дапамогу. Мы пашыраем наша геаграфічнае прадстаўніцтва ў афрыканскіх краінах. Прадстаўнікі гэтых дзяржаў таксама прыязджаюць, знаёмяцца з нашай сістэмай аховы здароўя, бачаць магчымасці і перавагі не толькі кропкава, у атрыманні якаснай медыцынскай дапамогі, але і ў пабудове доўгатэрміновых сувязяў.
Яны абсалютна прымальныя для нас, выгадныя і ў чалавечым плане, і ў эканамічным, і ў доўгатэрміновым палітычным плане. Мы можам з высокай ступенню ўпэўненасці гаварыць аб тым, што гэтыя краіны будуць падтрымліваць Беларусь на міжнародных пляцоўках.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота прэс-службы Савета Рэспублікі