Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у інтэрв’ю «Першаму інфармацыйнаму» расказаў пра дасягненні нашай краіны ў гэтай сферы. Сенатар перакананы: у аграпрамысловым комплексе, як і ў любой вытворчасці, не бывае дробязяў, таму што кожная дэталь у канчатковым выніку ўплывае на макраэканоміку і бяспеку дзяржавы.
Фундаментальнае рашэнне — захаваць буйнатаварную вытворчасць
— Кожны гектар зямлі, кожная ферма, кожнае рабочае месца павінна даваць эканоміку, — лічыць Міхаіл Русы. — Сёння мы павінны дакладна ўсвядоміць: Беларусь цалкам забяспечыла сябе харчаваннем і загрузіла ўсю перапрацоўчую прамысловасць. Пры гэтым важна разумець і мультыплікатыўны эфект нашай працы: кожны чалавек, які працуе ў сельскай гаспадарцы, забяспечвае рабочымі месцамі сем чалавек у перапрацоўцы і сумежных галінах.
Член Савета Рэспублікі ўспомніў дзевяностыя гады, калі маладая краіна толькі фарміравалася, і ў Беларусь прыехалі тысячы кансультантаў з усяго свету.
— Замежнікі давалі нам парады: раздрабніце зямлю, падзяліце на фермерскія ўчасткі і аддайце пад індывідуальную вытворчасць. Але кіраўнік дзяржавы паставіў задачу: захаваць буйнатаварную вытворчасць. Так, мы прынялі Закон "Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы, далі магчымасць развівацца тым, хто хоча працаваць на зямлі, але стратэгічную стаўку зрабілі на аграпрамысловыя комплексы. Гэта рашэнне стала фундаментальным.
Важкасць лічбаў. І гэта не мяжа
Міхаіл Русы прывёў даныя: Беларусь вырабляе больш за тону малака і звыш тоны збожжа на кожнага жыхара.
— Калі гэтыя лічбы агучваеш на міжнародным узроўні, гэта выклікае і захапленне, і нават недавер. Так, гэта магчыма. Больш чым на 10 мільярдаў долараў нашай прадукцыі пастаўляецца ў 115 краін свету. Мы маглі б экспартаваць значна больш, таму што сёння каля мільярда чалавек у свеце галадае. І калі б міжнародныя арганізацыі дзейнічалі разумна, калі б
не было штучных абмежаванняў і санкцый на пастаўку беларускіх мінеральных угнаенняў і харчавання, колькасць людзей на планеце, якія галадаюць, была б істотна меншай. Мы гатовы карміць свет, але для гэтага рынак павінен быць адкрыты і справядлівы.
Саюзная аграрная палітыка
Асаблівы акцэнт Міхаіл Русы зрабіў на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які штогод радуе нас сумамі кантрактаў, у тым ліку і ў сферы АПК. Сенатар спыніўся на асноўных пунктах росту ў гэтай сферы.
— Сёння Беларусь і Расія фактычна сфарміравалі адзіны харчовы рынак.
У нас працуюць 28 саюзных праграм, але нам трэба пераходзіць ад дэкларацый да жорсткіх абавязацельстваў. Мы павінны паглядзець, што ў нас ёсць, што неабходна для ўнутранага спажывання, чаго не хапае, хто гэта вырабіць і хто купіць. А не так, што сёння бяром, а заўтра — не.
Акрамя таго, па словах члена Савета Рэспублікі, неабходна аператыўна ствараць гібрыдна-селекцыйныя цэнтры ў галіне буйной рагатай жывёлы і птушкагадоўлі.
— Мы не можам залежаць ад заходніх пастаўшчыкоў: купляць яйка ці птушаня — гэта шлях у нікуды. Кіраўнік дзяржавы гэта таксама разумеў, таму былі выдзелены сродкі. Мы пабудавалі гібрыдна-селекцыйны цэнтр для бройлераў, актыўна развіваем індычыну. Цяпер задача — у рамках Саюзнай дзяржавы стварыць цэнтры па птушкагадоўлі і цукровых бураках, каб насенне было выключна сваім. Няхай на адзін грам сярэднясутачная прыбаўка будзе менш, чым у самых перадавых заходніх вытворчасцяў, але затое мы будзем упэўнена адчуваць сябе, будзем працаваць і ні ад каго не залежаць. Гэта пытанне нацыянальнай бяспекі.
Моладзь у сельскай гаспадарцы і аграгарадкі будучыні
Міхаіл Русы выказаў меркаванне, што нашы моцныя рэгіёны — гэта, па сутнасці, эканоміка аграпрамысловага комплексу.
На думку члена Савета Рэспублікі, каб моладзь замацоўвалася на зямлі, трэба вырашыць тры ўмовы. Першая — прывабная праца, якая добра аплачваецца. Другая — магчымасць жыць у камфортных умовах. Трэцяя — асяроддзе для развіцця дзяцей.
Мясцовыя органы ўлады, па словах парламентарыя, павінны актыўна ўключыцца ў работу па замацаванні моладзі ў рэгіёнах.
— Павінны самі ісці да ініцыятыўных людзей, прапаноўваць прэферэнцыі, дапамагаць убудоўваць бізнес у праграмы. У нас створана заканадаўчае поле, ёсць зямля, ёсць тэхналогіі. Засталося толькі працаваць, думаць на дзесяцігоддзі наперад і памятаць: не трэба спаць за плугам.