Беларуская вёска сёння — гэта не толькі пра аграгарадкі. Ёсць і населеныя пункты, якія маглі б знікнуць з карты, але дзякуючы дзяржаўным інструментам падтрымкі атрымліваюць другі шанц. Адным з найбольш дзейсных інструментаў у захаванні такіх вёсак выступаюць пустуючыя дамы, якія яшчэ нядаўна стаялі з забітымі вокнамі.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы яны ўсё часцей знаходзяць новых уладальнікаў на выгадных умовах. Кошт пытання — адна базавая велічыня, якая на сёння складае 45 беларускіх рублёў. Толькі за першы квартал 2026 года прададзена звыш 430 дамоў. Больш за палову — без аўкцыёнаў, а 248 аб’ектаў — наогул за сімвалічную суму.
Пра тое, як ідзе работа ў гэтым кірунку, расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
«Работа з пустуючымі дамамі — гэта неад’емная частка работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання, — адзначыла Наталля Якубіцкая. — Дэпутацкі корпус Мінскай вобласці ўдзяляе гэтай рабоце асаблівую ўвагу. Так, пры заданні ў 384 дамы, якія нам неабходна было ўцягнуць у гаспадарчы абарот у першым квартале, у Мінскай вобласці ўцягнута 420 дамоў. 300 дамоў мы знеслі, а 120 дамоў было прададзена, прычым 35 з іх — за адну базавую велічыню».
Рынак, які яшчэ нядаўна лічыўся «мёртвым», сёння дэманструе ўстойлівую дынаміку. Прычым попыт размеркаваны па ўсёй краіне: лідзіруе Мінская вобласць, далей — Гродзенская, Магілёўская, Брэсцкая і Віцебская. І ўсё часцей гаворка ідзе не пра сезонны варыянт, а пра пераезд за горад з магчымасцю ўладкаваць прастору пад сябе.
«Мы вырашаем адразу некалькі задач. Гэта навядзенне парадку на зямлі, а таксама папаўненне бюджэту. Мы даём магчымасць людзям набыць дом, пры жаданні можна яго знесці і распарадзіцца зямельным участкам па сваім меркаванні. Можна пабудаваць новы дом. Увогуле, тут вельмі вялікія магчымасці ў рамках Указа № 116», — канкрэтызавала парламентарый.
З 2023 года ў краіне дзейнічае адзіны рэестр пустуючых дамоў, адкрыты і даступны анлайн. Фактычна ён замяніў разрозненыя спісы і стаў паўнавартаснай пляцоўкай. Цяпер любы ахвотны можа знайсці аб’ект, звязацца з мясцовымі ўладамі і набыць дом праз аўкцыён ці напрамую. І эфект даволі станоўчы. З моманту запуску рэестра знесена больш за 12 тысяч дамоў, прададзена амаль 4 тысячы, у гаспадарчы абарот вернута звыш 3 800 гектараў зямлі. Гэта значыць, гаворка ўжо не проста аб навядзенні парадку, а аб уцягванні тэрыторый у эканоміку.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ