Парламенцкая дыпламатыя з’яўляецца важным інструментам прасоўвання знешнепалітычнай лініі нашай краіны, механізмам адстойвання яе інтарэсаў, выбудоўвання добрых сяброўскіх адносін з краінамі-партнёрамі, рэалізацыі задач эканамічнай, сацыяльна-гуманітарнай дыпламатыі і работы на міжнародных міжпарламенцкіх пляцоўках. Такім меркаваннем у эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды» падзяліўся старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК. Ён расказаў аб міжпарламенцкай дзейнасці ў сучасных рэаліях турбулентнасці, а таксама аб задачах, якія стаяць перад сенатарамі сёлета.
— Сяргей Фёдаравіч, як бы вы маглі ахарактарызаваць міжнародную дзейнасць Савета Рэспублікі ў 2025 годзе?
— Вядома, уся дзейнасць Савета Рэспублікі і летась, і сёлета нацэлена на ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту нашай краіны, прасоўванне знешнепалітычных і знешнеэканамічных інтарэсаў дзяржавы, выкарыстоўваючы пры гэтым як шматбаковыя міжнародныя міжпарламенцкія пляцоўкі, дзе Беларусь вельмі шырока прадстаўлена і дзе яе голас добра чутны, так і нашы двухбаковыя фарматы міжпарламенцкага супрацоўніцтва з многімі краінамі свету.
Летась мы дастаткова актыўна працавалі на нашых інтэграцыйных пляцоўках, на пляцоўцы МПА СНД, ПА АДКБ, Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, удзельнічалі ў рабоце ўніверсальных міжнародных міжпарламенцкіх структур Міжпарламенцкага саюза і цэлага шэрагу рэгіянальных структур, дзе Беларусь мае статус назіральніка. Так, летась у рамках візіту Старшыні Савета Рэспублікі ў Азербайджан мы прынялі ўдзел у пасяджэнні Азіяцкай парламенцкай асамблеі, дзе было прынята рашэнне аб атрыманні Беларуссю статусу назіральніка ў гэтай структуры, у якую ўваходзіць 44 дзяржавы Азіі і каля 16 краін маюць статус назіральніка. Годам раней мы сумесна з Палатай прадстаўнікоў завяршылі і фармалізавалі працэс па атрыманні статусу назіральніка ў Панафрыканскім парламенце. І, вядома, летась мы працавалі па ўмацаванні нашых адносін з гэтымі структурамі.

— Як развіваецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва Беларусі з адным з ключавых стратэгічных партнёраў — Расійскай Федэрацыяй?
— Мы актыўна прасоўвалі і двухбаковае міжпарламенцкае супрацоўніцтва з нашымі стратэгічнымі партнёрамі. Перш за ўсё — з Расійскай Федэрацыяй, дзе ў нас выбудавана шматграннае міжпарламенцкае ўзаемадзеянне, створана Міжпарламенцкая камісія, праводзяцца рэгулярныя сустрэчы спікераў, работы профільных камісій і камітэтаў. І, вядома, адно з найбольш значных мерапрыемстваў, якое ўжо 12 гадоў праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі, — форум рэгіёнаў. Летась у Ніжнім Ноўгарадзе адбыўся XII форум, які быў прысвечаны маладзёжнаму парадку дня Саюзнай дзяржавы і міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Сёлета мы правядзём XIII форум рэгіёнаў, які адбудзецца 25-26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці і будзе прысвечаны эканоміцы і ўстойліваму эканамічнаму развіццю Саюзнай дзяржавы праз прызму міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
Форум рэгіёнаў — унікальны фармат, які дазваляе нам развіваць супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні. І сёння ў нас падпісаны міжрэгіянальныя пагадненні з 79 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Гэта вельмі салідны пакет дакументаў, які дазваляе нам рэалізоўваць сумесныя эканамічныя і інвестыцыйныя праекты, развіваць гуманітарнае, культурнае, маладзёжнае супрацоўніцтва, сферу турызму і вырашаць многія пытанні, звязаныя з умацаваннем фармату Саюзнай дзяржавы.
Гэты форум кожны год дае вельмі сур’ёзны эканамічны эфект. На мінулым форуме было падпісана больш за 100 кантрактаў з сумарным эканамічным эфектам каля 900 млн беларускіх рублёў. Мы разлічваем на дастаткова сур’ёзныя эканамічныя эфекты ад маючага адбыцца форуму і сёння сумесна з нашымі расійскімі калегамі вядзём актыўную работу па падрыхтоўцы да гэтага форуму і яго напаўненні канкрэтным эканамічным зместам.
Вельмі сур’ёзная ўвага надаецца маладзёжнаму супрацоўніцтву. Так, рэалізуецца шэраг фарматаў маладзёжнага супрацоўніцтва па лініях Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі. Адзін з найбольш значных — «Цягнік Памяці». Гэта патрыятычны маладзёжны праект, які сёлета мы будзем праводзіць ужо ў пяты раз. Ён аб’ядноўвае не толькі дзяцей з Расіі і Беларусі, але практычна з усіх рэспублік былога Савецкага Саюза. Маршрут праекта пракладзены па месцах гістарычнай памяці, звязаных з трагічнымі і гераічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У мінулым годзе ён упершыню аб’яднаў маладых людзей з усіх краін былога СССР, што стала сімвалічным у год 80-годдзя Вялікай Перамогі.

Летась мы прымалі юбілейны праект «Дзеці садружнасці», які рэалізуецца ў фармаце МПА СНД. Таксама ў 2025-м упершыню прымалі Маладзёжны савет МПА СНД, які быў прысвечаны ўмацаванню міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва ў рамках нашых інтэграцыйных структур.
Мы развіваем двухбаковыя адносіны і з іншымі краінамі СНД. Летась адбыліся ўзаемныя візіты ва Узбекістан, Азербайджан, Таджыкістан. Мы прымалі ў сябе спікера сената Узбекістана і праводзілі ІІІ Беларуска-Узбекскі жаночы бізнес-форум, які быў заснаваны пад эгідай спікераў дзвюх верхніх палат нашых парламентаў. Форум накіраваны на развіццё і рэалізацыю эканамічнага патэнцыялу нашых краін, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, развіцця прадпрымальніцтва. На мінулым форуме, які прайшоў у Віцебску, мы падпісалі вялікую колькасць кантрактаў на агульную суму 261 млн беларускіх рублёў. Усе гэтыя фарматы нашага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння даюць вельмі добры эканамічны эфект для нашых краін, садзейнічаюць устойліваму, паступальнаму развіццю і ўмацоўваюць повязі дружбы.
— Як у кантэксце забеспячэння нацыянальных інтарэсаў на міжнародным трэку ажыццяўляецца заканатворчая дзейнасць?
— Мы ўдзяляем вялікае значэнне заканадаўчаму вымярэнню. Гэта работа выбудавана на інтэграцыйных пляцоўках, на якіх разглядаюцца мадэльныя заканадаўчыя акты ў рамках МПА СНД, ПА АДКБ. Сёння перспектыўны план мадэльнага заканадаўства ўключае больш за 130 праектаў, над якімі вядзецца работа ў розных профільных камісіях МПА СНД і ў рамках профільных камісій ПА АДКБ. Гэта дазваляе нам фармуляваць універсальнае становішча тых ці іншых заканадаўчых актаў, якія рэгулююць многія сферы жыццядзейнасці ў нашых дзяржавах і, вядома, выкарыстоўваць свой нацыянальны вопыт заканатворчасці, якім мы дзелімся ў рамках гэтай работы.
Калі гаварыць пра заканадаўчую і заканатворчую дзейнасць, тэматыка, якая адносіцца да функцыяналу работы Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, досыць вялікая. З 75 заканадаўчых актаў, якія былі прыняты летась, 50 прайшлі праз нашу камісію, былі прадстаўлены на сесіях Савета Рэспублікі і атрымалі адабрэнне. Вядома, большая частка з іх датычыцца ратыфікацыі міжнародных пагадненняў, якія Беларусь падпісвае з многімі краінамі як у двухбаковым парадку, так і ў рамках удзелу ў інтэграцыйных міжнародных структурах. Гэта СНД, ЕАЭС, ШАС. Гэта работа будзе працягвацца сёлета.

— Беларусь стала паўнапраўным членам ШАС, а таксама атрымала статус краіны-партнёра ў БРІКС. Як тут ідуць справы з міжпарламенцкім супрацоўніцтвам?
— Уступленне Беларусі ў ШАС і атрыманне статусу-партнёра БРІКС — вельмі знакавая падзея для Беларусі. Чаму? Таму што гэта структуры, якія сёння з’яўляюцца аднымі з ключавых апор будаўніцтва шматпалярнага свету. Мы зрабілі свой усвядомлены выбар у плане атрымання паўнапраўнага членства ў ШАС, ішлі да гэтага планамерна і сёння ўжо ўбудаваліся фактычна ва ўсе фарматы ўзаемадзеяння ў гэтай структуры, дакладна гэтак жа, як і ў БРІКС.
Міжпарламенцкае вымярэнне існуе ў БРІКС, і мы актыўна ўдзельнічаем у ім. У 2024 годзе спікеры абедзвюх палат нашага парламента ўпершыню прынялі ўдзел у парламенцкім форуме БРІКС, які адбыўся ў Санкт-Пецярбургу. Летась парламентарыі ўзялі ўдзел у парламенцкім вымярэнні БРІКС у Бразіліі. Акрамя таго, мы прынялі ўдзел і ў Маладзёжным савеце БРІКС. Мы ўжо ўбудаваліся ў гэта парламенцкае вымярэнне і маем намер актыўна працаваць у плане прасоўвання аб’яднальнага парадку дня, які накіраваны на ўстойлівае развіццё, на пабудову справядлівага светапарадку.
У рамках ШАС пакуль няма парламенцкага вымярэння, але цяпер мы актыўна працуем з нашымі партнёрамі, абмяркоўваем перспектывы стварэння такога аб’яднання і выступаем за тое, каб яно атрымала сваё належнае развіццё. Летась у перыяд старшынства КНР у ШАС Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў арганізаваў мерапрыемствы на ўзроўні прадстаўнікоў нацыянальных парламентаў краін — членаў ШАС, у якім прынялі ўдзел члены Савета Рэспублікі. Гэта было вельмі важнае мерапрыемства з пункту гледжання абмену думкамі па актуальных пытаннях парадку дня ШАС на парламенцкім узроўні і прасоўвання дыялогу аб неабходнасці стварэння паўнавартаснага парламенцкага або міжпарламенцкага вымярэння ШАС.
— Як развіваецца міжпарламенцкае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва на афрыканскім вектары?
— Супрацоўніцтву з краінамі Афрыкі мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. За апошні год арганізавалі візіты ў Беларусь спікера сената ПАР, спікера сената Кеніі, спікера сената Зімбабвэ, нядаўна прымалі парламенцкую дэлегацыю Малі. Падпісаны 3 пагадненні аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве з гэтымі краінамі. І сёння мы працуем над пашырэннем геаграфіі нашых міжпарламенцкіх кантактаў, падтрымліваем добрыя адносіны з цэлым шэрагам афрыканскіх краін і спадзяёмся, што гэта работа таксама прынясе свае вынікі не толькі ў плане ўмацавання міжпарламенцкага дыялогу і ўзаемадзеяння, але і ў частцы канвертацыі гэтых адносін у канкрэтныя эканамічныя праекты.

У рабоце з кожнай краінай прысутнічае эканамічны парадак дня. Мы абмяркоўваем магчымасці рэалізацыі канкрэтных дамоўленасцяў у плане развіцця гандлёва-эканамічных адносін, рэалізацыі праектаў, якія адпавядаюць патрэбам краін Афрыкі. Таму гэта работа ў нас вядзецца досыць актыўна, і мы плануем працягнуць рэалізацыю тых дамоўленасцяў, якія ўжо дасягнуты з гэтымі краінамі, і працаваць над напаўненнем афрыканскага вектара міжпарламенцкага супрацоўніцтва новым зместам.
Акрамя таго, з усімі краінамі Афрыкі абмяркоўваем пытанні развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Мы гэта абмяркоўвалі на нядаўнім візіце спікера Зімбабвэ, ёсць ужо канкрэтныя прапановы па двух рэгіёнах, якія, спадзяюся, у хуткім часе будуць фармалізаваны ў пагадненні аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж адпаведнымі рэгіёнамі.
— На якіх напрамках міжнароднай дзейнасці сенатарам неабходна сканцэнтравацца сёлета?
— Калі гаварыць стратэгічна, мы максімальна працуем над рэалізацыяй усіх прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія былі адобраны на УНС, над рэалізацыяй тых задач, якія былі агучаны ў Пасланні Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і парламенту. Гэта тая стратэгічная аснова, якая з’яўляецца магістраллю для прасоўвання нашых знешнепалітычных, знешнеэканамічных задач і выбудоўвання гэтага супрацоўніцтва з нашымі замежнымі партнёрамі.
Адзін з прыярытэтаў праграмы — «Моцныя рэгіёны». Наша ўнутраная работа па ўмацаванні рэгіёнаў, па вырашэнні пытанняў развіцця рэгіёнаў арганічна сплецена і пераплецена з міжрэгіянальным супрацоўніцтвам, якое мы ўсяляк заахвочваем, развіваем з замежнымі краінамі. Кожнае такое партнёрства, кожны план дзеянняў або дарожная карта дазваляе напаўняць магчымасці развіцця нашых рэгіёнаў канкрэтным эканамічным зместам. І гэта дарагога варта, як і развіццё турызму. Гэта таксама стратэгічная задача, якая з’яўляецца прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця, па якой мы таксама вядзём работу. Калі быць больш канкрэтным, літаральна праз тыдзень адбудзецца форум Travel Hub, які праводзіцца пад эгідай МПА СНД і будзе прысвечаны абмеркаванню пытанняў развіцця турызму паміж краінамі СНД. І, вядома, мы на ўзроўні Савета Рэспублікі будзем актыўна прасоўваць тэму развіцця турызму ва ўсіх яго вымярэннях на гэтай пляцоўцы і ў цэлым на пляцоўцы СНД і ў рабоце з іншымі краінамі.

Мы працягнем работу па ўмацаванні нашых двухбаковых міжпарламенцкіх сувязяў з нашымі стратэгічнымі партнёрамі, сярод якіх — Расія, Кітай, краіны СНД, краіны далёкай дугі, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Працягнем работу на шматбаковых пляцоўках у плане адстойвання і пабудовы больш справядлівага, дэмакратычнага светапарадку, які, як бачым, сёння бурыцца па ўсіх швах. Задача прасоўвання нашых міралюбных ініцыятыў была і застаецца ў нас у ліку прыярытэтных. Вы ведаеце, што нямала ініцыятыў было вылучана і кіраўніком дзяржавы, і нашай краінай на міжнародных пляцоўках. І пра «Дыялог у духу Сан-Францыска», і «Хельсінкі-2», і апошняя ініцыятыва па «Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці», якая знаходзіцца ў актыўнай фазе работы і абмяркоўваецца ў рамках штогадовых канферэнцый па еўразійскай бяспецы.
Нямала рабілі, робім і будзем рабіць у кірунку ўмацавання прасоўвання тэмы электаральнага суверэнітэту ў нашых міжпарламенцкіх кантактах і адносінах з замежнымі краінамі. Перш за ўсё, вядома, на пляцоўках нашых інтэграцыйных аб’яднанняў, таму што гэта тэма ў апошнія гады стаіць найбольш востра. Нам удалося дамагчыся немалых поспехаў у плане прасоўвання электаральнага суверэнітэту і ў плане забеспячэння справядлівага, бесстаронняга і аб’ектыўнага маніторынгу за правядзеннем выбарчых кампаній, якія праходзяць ва ўсіх краінах СНД. Мы актыўна ўдзельнічаем на парламенцкім узроўні ў назіранні за выбарамі ў іншых краінах. Вы выдатна памятаеце, што мы прыцягнулі досыць вялікую колькасць назіральнікаў не толькі з краін СНД, але і з далёкага замежжа, на леташнія прэзідэнцкія выбары — больш за 100 прадстаўнікоў цэлага шэрагу краін. Гэта вымярэнне, вядома, у нас будзе заставацца ў прыярытэце.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота з архіва Сяргея АЛЕЙНІКА