Рэжысёрам міні-серыяла выступае Кірыл Халецкі, які ўрачыста разбіў талерку, на якой пакінулі аўтографы ўдзельнікі здымачнай групы, — даўняя традыцыя, каб работа ішла добра, і кіно атрымалася паспяховым. Ідэю для стварэння сцэнарыя ўзялі ў сучаснай беларускай літаратуры, прынамсі, аматары прыгодніцкага чытання пазнаюць сюжэт аповесці Андрэя Федарэнкі «Афганская шкатулка». Аўтарамі сцэнарыя сталі Кірыл Халецкі і Яўген Амельчанка, які ведаў гэту аповесць і падкінуў ідэю рэжысёру. Разам яны працавалі над сцэнарыем, пакінулі самае цікавае, але нешта змянілі (бо гэта ўсё ж кіно). Усе, хто чытаў сцэнарый, адзначалі, што ён вельмі моцны, і галоўнае ў такім выглядзе перанесці яго на экран.
— Працаваць над фільмам фактычна сталі ў пачатку гэтага года, — адзначае Кірыл Халецкі. — Магу сказаць, што кіно такога маштабу і хронаметражу я яшчэ не здымаў. Мы пабачым 4 серыі па 44 хвіліны, а будзе створаны поўнаметражны фільм, які пасля пройдзе па ўсёй краіне ў рэспубліканскім пракаце. Здымкі будуць доўжыцца да канца кастрычніка і пройдуць у некалькіх гарадах і гарадках нашай краіны: Мінск, Пухавічы, Усяж, Заслаўе, Ракаў, Беразіно... Для нас было важна знайсці добрую натуру і адпаведныя інтэр’еры, таму што паводле сюжэта ў нас 1991 год. Таму мае значэнне нават тое, якія вокны на будынку: драўляныя рамы, а не шклопакеты. Мы адлюстроўваем падзеі, якія разгортваюцца на працягу года, але кропка ў назве пакідае недагаворанасць. А ў фінале мы растлумачым, што значыць лічба «19» у нашым кіно.

Хто чытаў аповесць, той ведае, што інтрыга закручваецца вакол каштоўнага скарба, які трапіў у Беларусь з Афганістана па волі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Не ўсе з іх аднолькава падыходзяць да таго, каб найлепш ім распарадзіцца. А героі-школьнікі дапамагаюць раскрыць таямніцу і знайсці злачынцу. На экране з’явяцца беларускія і расійскія артысты, а дзеля пошуку выканаўцаў галоўных роляў быў аб'яўлены рэспубліканскі кастынг. У выніку рэжысёр праглядзеў 6447 заявак, выбраў 306 кандыдатаў, і фактычна кожны 20-ы трапіў у кіно. Ролю аднаго з падлеткаў выканае Эльдар Чэркін. Гэта не першае яго з’яўленне ў кіно, але ў галоўнай ролі, напэўна, хлопец здымаецца ўпершыню. Яго сяброў увасобяць Ігар Панас, Арына Чарнецкая.

— Вялікая работа праведзена да старту здымак — гаворка і пра кастынг, і пра падбор лакацый. Заяўкі, дарэчы, паступалі не толькі ад грамадзян Рэспублікі Беларусь, — удакладніў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Дзмітрый Сямёнаў. — Як паказаў маштабны кастынг, цікавасць расце да нашай кінастудыі. Гэта цудоўна, таму што да беларускай кінавытворчасці цяпер асаблівая ўвага.
Фільм будзе з узроставым абмежаваннем «12+», таму і дарослым будзе пра што падумаць. Кіно павінна быць дынамічным, захапляльным: трылер-дэтэктыў, як вызначылі стваральнікі. Вынік пабачым праз год.Ларыса ЦІМОШЫК
Фота аўтара і БелТА