Top.Mail.Ru

Ігар Сергяенка наведаў філіял «Мінская гарадская тэлефонная сетка» РУП «Белтэлекам» напярэдадні 130-годдзя прадпрыемства

Бесперабойная сувязь — на вагу золата


Спікеру Палаты прадстаўнікоў расказалі аб рабоце і дасягненнях сталічнага філіяла. Ігар Сергяенка таксама сустрэўся з працоўным калектывам, размова ішла аб заканатворчасці і дакументах, якія цяпер знаходзяцца ў распрацоўцы, міжнароднай актыўнасці дэпутацкага корпуса.

— Ні адна дзяржава, ні адзін чалавек не можа абысціся без высакаякаснай сувязі, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Ва ўмовах абстаноўкі, якая дынамічна змяняецца, гэта функцыя набывае асаблівую значнасць.

Гаворачы аб нацыянальным аператары электрасувязі — РУП «Белтэлекам», Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што ва ўсіх падраздзяленнях на ўзроўні раёнаў, абласцей і сталіцы працуе 12 500 супрацоўнікаў.

— Калі мы гаворым аб мінскім падраздзяленні — адным з найстарэйшых, сёлета яно адзначае 130-годдзе, — адзначыў спікер. 

Тым не менш, РУП «Белтэлекам» пастаянна ўдасканальваецца, развіваючы ў тым ліку новыя віды паслуг. За апошнія дзесяць гадоў зроблены значны крок наперад, адзначыў Ігар Сергяенка. 

Што датычыцца дэпутацкай дзейнасці і адносін Палаты прадстаўнікоў да пытанняў сувязі, спікер падкрэсліў, што гэта тэма актуальная, асабліва ў рэгіёнах.

— На працягу бягучага тыдня ўсе дэпутаты працуюць у рэгіёнах (у акругах, якія прадстаўляюць. — «Зв.»), сустракаюцца з калектывамі, вывучаюць тыя ці іншыя праблемныя пытанні, знаходзяць сумесна з органамі выканаўчай улады варыянты іх вырашэння. Калі па горадзе Мінску фактычна не паступаюць звароты грамадзян адносна якасці сувязі, то ў асобных раёнах, вядома, паступаюць. Большасць насельніцтва карыстаецца сотавай сувяззю, і ўсе хочуць, каб быў высакаякасны інтэрнэт ва ўсіх кутках краіны. Вядома, мы да гэтага імкнёмся. 

Паводле слоў Ігара Сергяенкі, для вырашэння кропкавых праблем існуе заканадаўчая база і іншыя рашэнні, прынятыя ў краіне. 

— Тым не менш, у полі нашай дзейнасці застаюцца пытанні парламенцкага кантролю, — рэзюмаваў ён. — Ад аператыўнасці паслуг сувязі сёння залежыць камфортнасць жыцця ў краіне кожнага канкрэтнага чалавека. Сувязь важная і для дзейнасці дзяржаўных структур: ад яе якасці залежыць аператыўнае прыняцце рашэнняў, хуткае праходжанне інфармацыі, асабліва ў рэжыме надзвычайных сітуацый. Таму сувязісты былі і застаюцца «на вышыні», — рэзюмаваў спікер.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю