Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў ушанавалі вернасць прафесіі і Айчыне

Дзеля памяці аб героях і сувязі пакаленняў


У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прайшоў урачысты сход «Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць», прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Слаўныя мінулае і сучаснасць

Мерапрыемства сабрала ў Авальнай зале шырокую аўдыторыю. У тым ліку гасцямі сходу сталі тыя, хто толькі робіць першыя крокі на шляху служэння Радзіме: выхаванцы Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча, студэнты ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў сярэдняй школы № 93 г. Мінска імя У. В. Кавалёнка.

Дарэчы, атмасфера ўрачыстасці адчувалася яшчэ задоўга да афіцыйнага адкрыцця сходу: пад вядомыя ваенныя музычныя творы ў выкананні аркестра Ваеннай акадэміі ў фае Авальнай залы разгарнулася тэматычная выстаўка, падрыхтаваная пры садзейнічанні Прэзідэнцкай бібліятэкі і Музея гісторыі Узброеных Сіл. Экспанаты расказвалі пра слаўнае мінулае беларускай арміі, а фатаграфіі дакументальнай хронікі пераклікаліся з кадрамі будняў сучасных абаронцаў. Па іх адразу зразумела: сучасная беларуская армія — гэта высокапрафесійны, добра аснашчаны шчыт нашай дзяржавы, які надзейна забяспечвае яе бяспеку. Ваеннаслужачыя з гонарам нясуць службу: адточваюць баявое майстэрства на вучэннях, у тым ліку міжнародных, стаяць на варце граніц і робяць важкі ўнёсак ва ўмацаванне саюзніцкіх адносін.

Жыве народная памяць

Увогуле гісторыя поўная прыкладаў мужнасці беларускіх вайскоўцаў, падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, адзначыўшы непарыўную сувязь гераічнага мінулага беларускага народа з задачамі сучаснай арміі і грамадства: «Суровым выпрабаваннем для арміі, усяго савецкага народа стала гераічная барацьба з нацысцкай Германіяй, што завяршылася Вялікай Перамогай, 80-годдзе якой мы ўрачыста адзначылі летась, — сказаў Ігар Сергяенка. — У народнай памяці навечна застануцца імёны славутых арганізатараў партызанскага і падпольнага руху Панцеляймона Панамарэнкі, Васіля Каржа, Макара Бумажкова, Міная Шмырова, Кірыла Мазурава, Пятра Машэрава, Іосіфа Бельскага».

За гераізм і адвагу ў гады Вялікай Айчыннай вайны поўнымі кавалерамі ордэна Славы сталі 74 беларусы і ўраджэнцы Беларусі, а 470 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з фашыстамі і дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларускай ССР першага склікання. Многія з іх склалі галовы на палях бітваў або загінулі, змагаючыся з ворагам разам з партызанамі. Памяць аб іх навечна захавана на мемарыяльных плітах каля ўвахода ў Авальную залу, служачы напамінам нашчадкам аб іх подзвігу.

Асаблівым радком, па словах Ігара Сергяенкі, у гісторыю Савецкай Арміі ўпісана афганская вайна: «У баявых дзеяннях у Афганістане прынялі ўдзел больш за 30 тысяч беларусаў, якія працягнулі традыцыі сваіх папярэднікаў. 789 з іх загінулі. Учарашнія школьнікі, яны не завагаліся і з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Памятае сваіх герояў і беларускі народ. Ва ўсіх скліканнях Палаты прадстаўнікоў нязменна былі дэпутаты — ветэраны Афганістана».

Справа агульная, справа кожнага

Вялікую ролю ў падтрыманні абараназдольнасці на высокім узроўні іграе заканадаўчая ўлада. Менавіта яна складае трывалую прававую аснову для абароны нацыянальных інтарэсаў, клапоціцца аб ветэранах і стварае ўмовы для выхавання моладзі ў духу патрыятызму. Вынік гэтай работы відавочны: маладыя беларусы з гонарам прымяраюць ваенную форму, актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў і шануюць памяць герояў.

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Лепяшко, парламентарыі не застаюцца ў баку ад свята, бо сярод цяперашніх дэпутатаў нямала людзей у пагонах, якія аддалі большую частку свайго жыцця служэнню Айчыне, дзяржаве і народу: «Таму сёння ў Палаце прадстаўнікоў, у нашай Авальнай зале, дзе прымаюцца законы дзяржаўнай важнасці, мы праводзім урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтаму дню, — адзначыў Генадзь Лепяшко. — Абарона свайго народа, дзяржавы, яго цэласнасці, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу — гэта агульная справа народа».

Умацоўваць працай суверэнітэт Беларусі

Але сёння, адзначыў Ігар Сергяенка, абарона Айчыны — гэта не толькі воінскі абавязак, але і грамадзянская пазіцыя кожнага з нас: «Гэта работа вучоных, якія ствараюць перадавыя тэхналогіі, рабочых, што забяспечваюць прамысловасць, педагогаў, якія выхоўваюць маладое пакаленне, і ўсіх, хто сваёй працай умацоўвае суверэнітэт Беларусі».

Падчас урачыстага сходу Старшыня Палаты прадстаўнікоў уручыў Падзякі педагогам, якія ўносяць неацэнны ўклад у ваенна-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення. Сярод іх і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 16 г. Мазыра» Уладзімір Гімбут: «Патрыятызм знаходзіць сёння вялікі водгук сярод моладзі, — адзначыў ён. — Мы прасоўваем сярод маладога пакалення ідэю любові да сям’і, роднага краю, Радзімы».

Падзякі ўдастоілася таксама першая жанчына-лётчык ва Узброеных Сілах Беларусі Наталля Ціцянкова. У яе лётнай біяграфіі — самалёты Як-52 і Л-39, на якіх яна віртуозна выконвала фігуры вышэйшага пілатажу: перавароты, бочкі, петлі. У 2017 годзе Наталля змяніла ваенна-транспартны Ан-26 на грамадзянскі «Боінг-737». Пры гэтым за штурвалам яна — адважны пілот, а дома — клапатлівая жонка і маці дваіх сыноў: «Безумоўна, вайсковая служба накладвае пэўныя складанасці на жыццё, але маё задавальненне, мая радасць ад палётаў перакрывала ўсе цяжкія моманты. Таму сёння для мяне вельмі прыемна быць запрошанай на гэта свята, адчуваць сябе датычнай да яго».

Дарэчы

2 сакавіка 2026 года Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка правядзе асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Палаце прадстаўнікоў.

Папярэдні запіс на асабісты прыём будзе ажыццяўляцца з 24 да 26 лютага з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па тэлефоне (8-017) 222-69-25.

Аміна НАЗАРАВА

фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю