Top.Mail.Ru

Унікальныя кампетэнцыі і магутны навуковы патэнцыял

Педагагічная супольнасць гатова ўзаемадзейнічаць з заканадаўцамі ў адукацыйнай плоскасці.


Напярэдадні новага навучальнага года Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА наведаў Акадэмію адукацыі, дзе азнаёміўся са спецыфікай дзейнасці ўстановы дадатковай адукацыі дарослых, пагутарыў з калектывам і слухачамі. Акрамя таго, спікеру прадэманстравалі вучэбныя выданні, падрыхтаваныя да 2025/2026 навучальнага года. 

Сярод іх — падручнікі для навучэнцаў з парушэннем зроку, са складанымі парушэннямі маўлення і цяжкасцямі ў навучанні, з парушэннямі слыху, для навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю. Як кажуць спецыялісты, аналагаў унікальным выданням, створаным супрацоўнікамі акадэміі пры дапамозе шрыфту Брайля, няма на постсавецкай прасторы. Наўрад ці гэтым пахваляцца і на Захадзе. Наша дзяржава не шкадуе сродкаў на спецыяльную кніжную прадукцыю. А ўсё для таго, каб кожны жыхар Беларусі, нягледзячы на пэўныя праблемы са здароўем, мог атрымаць своечасовую і якасную адукацыю. Тым больш, унікальнымі кампетэнцыямі ў гэтым плане валодае і Акадэмія адукацыі. 

S_SH7935_1.jpg

Датычыцца кожнай сям’і 

«Напэўна, сёння няма ні адной сям’і ў нашай краіне, якую б не закраналі пытанні адукацыйнай сферы: вучобы ў школе, сярэдняй спецыяльнай установе, вышэйшай навучальнай установе, — звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Больш за мільён дзяцей сёлета пойдзе ў школу, звыш 220 тысяч студэнтаў. У цэлым у адукацыйнай сферы — і навучэнцаў, і тых, хто працуе, — задзейнічана каля 2 мільёнаў чалавек. Калі сюды дадаць яшчэ сваякоў навучэнцаў і тых, хто так ці інакш звязаны з забеспячэннем навучальнага працэсу, атрымаецца амаль уся краіна». 

Кажучы аб Акадэміі адукацыі, спікер адзначыў, што ўстанова валодае магутнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, моцным навуковым патэнцыялам. «У калектыве працуюць дактары і кандыдаты навук, — падкрэсліў ён. — Навучальная ўстанова жыве і развіваецца. І самае галоўнае, вы ствараеце падручнікі па многіх прадметах, рэалізуючы тыя задумы, якія планаваліся Міністэрствам адукацыі ў мінулыя гады. Перападрыхтоўка педагагічнага складу па шматлікіх кірунках — асноўнае ў вашай рабоце».

Установа дадатковай адукацыі дарослых была створана ў лютым 2024 года шляхам аб’яднання Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Супрацоўнікі ўстановы ажыццяўляюць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні ў сферы адукацыі, рэалізуюць адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і стажыроўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Вопытныя педагогі, якія працуюць у акадэміі, распрацоўваюць вучэбныя выданні для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сярод задач калектыву ў 400 чалавек — навукова-метадычнае забеспячэнне выхаваўчай работы ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, навукова-метадычнае суправаджэнне эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы адукацыі.

Акадэмія адукацыі дарослых гатова да пачатку новага навучальнага года. «Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі, інструкцыйна-метадычныя лісты, вучэбныя выданні, — канкрэтызавала рэктар Акадэміі адукацыі Ірына СТАРАВОЙТАВА. — Выпушчана каля 30 вучэбных выданняў, два з іх — абсалютна новыя: «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай» для 11 класа і «Асновы бяспечнай жыццядзейнасці» для 3 класа. У падручніку «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай» упершыню прадстаўлены матэрыял аб развіцці суверэннай Беларусі, аб ролі Прэзідэнта ў станаўленні нашай краіны. У кожным вучэбным выданні ёсць новыя рубрыкі, якія датычацца тых дасягненняў, якія рэалізаваны нашай краінай у розных сферах: адукацыі, навуцы, культуры, сельскай гаспадарцы, прамысловасці і іншых». 

Акрамя таго, Акадэміяй адукацыі падрыхтавана звыш 30 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і столькі ж — вучэбна-метадычных дапаможнікаў для педагогаў. Што датычыцца перападрыхтоўкі кадраў, Ірына Старавойтава паведаміла, што колькасць слухачоў з кожным годам павялічваецца. «Наша задача — стварыць адукацыйнае асяроддзе для тых педагогаў, якія гатовы атрымліваць новыя кампетэнцыі», — адзначыла рэктар. 

S_SH8138_1.jpg

Удасканальвацца без эксперыментаў 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы ўдзяляе павышаную ўвагу сістэме адукацыі. «Эксперыменты скончыліся, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — Патрэбна ісці, рухацца па тым шляху, які ўжо апрабаваны, і ўдасканальвацца, але не мяняючы і не ламаючы нічога прынцыпова».

Спікер расказаў аб дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, падрабязна спыніўся на апошніх законапраектах, якія датычацца адукацыйнай сферы. Нагадаў аб змяненнях у Кодэкс аб адукацыі, якія ўступяць у сілу 1 верасня. У прыватнасці, аўтобусы, якія знаходзяцца на балансе школ, цяпер могуць быць задзейнічаны не толькі для падвозу навучэнцаў да ўстановы адукацыі і дадому, а і з мэтай дастаўкі школьнікаў на спартыўныя, культурныя, іншыя мерапрыемствы. «Гэта тое, чаго чакалі на месцах», — акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка і расказаў аб змяненнях, якія прадугледжаны заканадаўствам па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей. 

У размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што перад сістэмай адукацыі ў першую чаргу стаяць задачы па падрыхтоўцы высокаадукаваных маладых людзей. Па яго словах, многае робіцца ў плане стварэння і паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, уводзяцца ў эксплуатацыю новыя аб’екты, але важным і галоўным у гэтым працэсе, падкрэсліў Ігар Сергяенка, заўсёды быў і застаецца педагог. «Ад яго пазіцыі, падрыхтоўкі, адносін да сваёй прафесіі сёння залежыць і тое, якімі пасля школы выйдуць нашы дзеці, дзеці нашай краіны», — перакананы спікер. 

Ігар Сергяенка адзначыў, што агучаныя падчас сустрэчы прапановы ад педагагічнай супольнасці, якія, у прыватнасці, датычацца стварэння канцэпцыі патрыятычнага выхавання ў краіне, разгляду пытанняў адказнасці за фальсіфікацыю гісторыі, ідуць ад жыцця. А таму заканадаўцам будзе над чым папрацаваць. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю