Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падчас урачыстай цырымоніі інтранізацыі новага кіраўніка Каталіцкай царквы сустрэўся з Папам Рымскім Львом XIV. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Сергяенка перадаў Папе Рымскаму Льву XIV віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама падарунак ад кіраўніка беларускай дзяржавы — абраз Божай Маці «Жыровіцкая».
Паднесены ў падарунак Папе Рымскаму Льву XIV абраз выраблены майстрамі мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра ў тэхніцы ручнога ціснення, срэбрання і залачэння. Арыгінал адной з галоўных святынь Беларусі знаходзіцца ў Свята-Успенскім манастыры ў Жыровічах. 20 мая 2025 года ў Беларусі святкуецца 555-годдзе з дня набыцця гэтага цудатворнага абраза.
Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка старшыня Палаты прадстаўнікоў сардэчна павіншаваў Льва XIV з пачаткам пантыфіката. Ён выказаў упэўненасць, што пастырскае служэнне Льва XIV з’яўляецца дабром для чалавецтва на зямлі.
Як падкрэсліў Ігар Сергяенка, у наш няпросты і непрадказальны час спадзяванні народаў на мір і сацыяльную справядлівасць толькі ўзмацняюцца, і хрысціянскія каштоўнасці, духоўнасць, міралюбнасць — тое, што цяпер аб’ядноўвае Беларусь і Святы Прастол. Таму нам ёсць над чым разам працаваць.
Звяртаючыся да пантыфіка, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што Льва XIV будуць вельмі рады бачыць на гасціннай беларускай зямлі.
Ігар Сергяенка пажадаў новаму Папе Рымскаму поспехаў у шматграннай дзейнасці і добрага здароўя.