Top.Mail.Ru

Алжыр і Беларусь робяць новы крок да стратэгічнага партнёрства

Учора ў Мінску адбылася сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігара СЕРГЯЕНКІ са Старшынёй Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагімам БУГАЛІ. Перагаворы прайшлі ў шырокім фармаце — з удзелам членаў парламенцкіх дэлегацый абедзвюх краін. Сімвалічна, што яны адбыліся 
ў Дзень Афрыкі.


Першачарговая задача — рэалізаваць дамоўленасці 

— Ваш візіт мае важнае палітычнае значэнне, паколькі Беларусь удзяляе прыярытэтную ўвагу паглыбленню ўсяго спектра ўзаемадзеяння з Алжырам, у якім мы бачым надзейнага партнёра, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. 

Ён нагадаў, што дзякуючы сумесным намаганням кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Абдэльмаджыда Тэбуна сёння беларуска-алжырскія кантакты выведзены на якасна новы ўзровень узаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва. 

У снежні 2025 года адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Алжыр. Тады былі падпісаны Дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва на 2026–2027 гады, а таксама сумесная заява прэзідэнтаў аб умацаванні сяброўства і партнёрства, дзе зафіксаваны ключавыя кірункі супрацоўніцтва. Першачарговая задача парламентарыяў — рэалізаваць гэтыя дамоўленасці. 


Ігар Сергяенка адзначыў, што адносіны паміж краінамі сёння выходзяць на больш сістэмны, новы ўзровень развіцця. Гэтаму папярэднічала планамерная работа груп сяброўства, кантакты на розных міжнародных пляцоўках, у Міжпарламенцкім саюзе, у Руху недалучэння. Адбыўся абмен дэлегацыямі паміж парламентамі ў мінулым і бягучым гадах. А фіналізацыяй гэтай папярэдняй работы стаў візіт кіраўніка парламенцкай дэлегацыі. 

— Дэпутаты нацэлены на актыўны ўдзел у развіцці гандлёва-эканамічных адносін у рамках Міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве з Алжырам, развіцці гуманітарных кантактаў, культурных сувязяў паміж нашымі краінамі, — сказаў спікер.  

— Як прадстаўнікі народа, мы павінны трымаць руку на пульсе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця нашых краін і павышэння ўзроўню дабрабыту насельніцтва. Тым больш што ў першым квартале бягучага года намеціліся станоўчыя тэндэнцыі. Тавараабарот вырас фактычна ў 11 разоў і склаў амаль 44 мільёны долараў. Задача стаіць сур’ёзная — выйсці на ўзровень да 500 мільёнаў долараў да канца наступнага года

Ігар Сергяенка выказаў упэўненасць, што гэтыя пытанні стануць прадметам абмеркавання і на пасяджэнні Міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве, якое пройдзе ў Мінску 2–3 чэрвеня.
Тэма эканомікі непасрэдна звязана і з пытаннямі падрыхтоўкі кадраў, лічыць ён: 

— Мы рады і гатовы прадставіць магчымасці нашых навучальных устаноў для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для Алжыра. Прапаную разгледзець і іншыя кірункі нашага супрацоўніцтва, узаемадзеяння, у тым ліку ўдзел у гэтай рабоце парламентарыяў. 


Бакі абмеркавалі супрацоўніцтва ў ААН, Афрыканскім саюзе і Панафрыканскім парламенце. Ігар Сергяенка павіншаваў алжырскіх калег з абраннем прадстаўніка Алжыра Фацеха Бутбіга на пасаду Старшыні Панафрыканскага парламента, якое адбылося 30 красавіка 2026 года. Ён выказаў гатоўнасць да ўзаемнай падтрымкі ў Міжпарламенцкім саюзе і Руху недалучэння. 

Па ўсіх кірунках 

Беларускія парламентарыі зацікаўлены ў развіцці партнёрства з Афрыканскім саюзам па ўсіх кірунках, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы. 

— Разлічваем на падтрымку Беларусі з боку Алжыра па лініі гэтай арганізацыі і яе Панафрыканскага парламента, — сказаў спікер. Нацыянальны сход Беларусі мае статус назіральніка ў Панафрыканскім парламенце. 

Кульмінацыяй перагавораў стала падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж палатамі парламентаў Беларусі і Алжыра. 



— Гэта ключавы крок у развіцці міжпарламенцкіх кантактаў. Нашы сувязі набудуць больш сістэмную аснову і напоўняцца новым зместам. Мы сёння гаварылі аб далейшых кірунках міжпарламенцкіх адносін, аб абмене вопытам у заканадаўчай дзейнасці, аб удзеле дэпутацкага корпуса ў рэалізацыі дарожнай карты, якая была падпісана ў ходзе візіту Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі з лідарам Алжыра Абдэльмаджыдам Тэбунам у снежні  2025 года, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. 

Ён таксама пажадаў Алжыру паспяховага правядзення парламенцкіх выбараў у ліпені 2026 года. 

У сваю чаргу Ібрагім Бугалі падзякаваў беларускім калегам за запрашэнне і цёплы прыём: 

— Гэты візіт праходзіць у рамках пазітыўнай дынамікі, якая назіраецца ў нашых двухбаковых адносінах і якая рэалізуе сумесную волю кіраўнікоў дзвюх краін вывесці гэтыя адносіны на новы ўзровень. 

Ён выказаў задавальненне ўзроўнем каардынацыі, якая існуе паміж краінамі, асабліва правядзеннем пасяджэння сумеснай міжурадавай беларуска-алжырскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама дзелавога форуму паміж прадстаўнікамі бізнесу дзвюх краін. Гэта, паводле яго слоў, спрыяе ўмацаванню эканамічнага партнёрства і адкрывае новыя сферы для супрацоўніцтва. 


Алжырская дэлегацыя, візіт якой пачаўся 24 мая, наведала Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёмілася з магчымасцямі аграпрамысловага комплексу і пабывала на экскурсіі ў Мірскім замку. Спікер Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што парламенцкая дэлегацыя за два дні знаходжання ў Беларусі паспела пазнаёміцца з многімі знакавымі месцамі краіны, наведала буйныя сельскагаспадарчыя вытворчасці. Сёння дэлегацыя наведае МАЗ. Ігар Сергяенка выказаў надзею, што парламентарыі Алжыра сфарміруюць сваё стаўленне да Беларусі з улікам убачанага. 

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю