Top.Mail.Ru

Ігар Сергяенка правёў семінар Палаты прадстаўнікоў у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры

Адзінства маральнасці, духоўнасці і дзяржавы


Тэма мерапрыемства — «Дзяржава і Царква. На варце традыцый і маральных каштоўнасцяў беларускага грамадства». Акрамя таго, удзельнікі семінара азнаёміліся з ходам рэстаўрацыйных работ і ўсклалі кветкі да магілы мітрапаліта Філарэта.

Як адзначыў Ігар Сергяенка, мэта семінара — яшчэ раз абмеркаваць пытанні, якія датычацца аспектаў узаемадзеяння дзяржавы і Царквы, захавання і развіцця духоўнасці. Была падкрэслена важнасць прывіцця моладзі каштоўнасцяў, якія характэрны для беларускага грамадства: павага да старэйшых, гуманізм, добрапрыстойнасць.

— Сёння робяцца спробы расхістаць нашы асновы, прывіць розныя нетрадыцыйныя каштоўнасці. Царква і дзяржава праводзяць скаардынаваную палітыку, у рамках якой на пастаяннай аснове праходзяць розныя мерапрыемствы. Месца правядзення семінара не выпадковае. Жыровіцы — гэта цэнтр беларускага праваслаўя, сапраўдная жамчужына Беларусі. Зараджэнне храмавага комплексу звязана са з’яўленнем цудатворнага Жыровіцкага абраза Маці Божай. На наступным тыдні праваслаўныя вернікі будуць святкаваць 555-годдзе з’яўлення цудатворнага абраза. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы з 2021 года праводзіцца маштабная рэстаўрацыя Жыровіцкага манастыра. На дадзены момант яна фактычна завяршаецца, — сказаў Ігар Сергяенка.

Парламентарый падкрэсліў, што ў краіне моцная прававая база, якая дае магчымасць свабодна развівацца ўсім канфесіям. Кожнаму чалавеку гарантавана права на свабоду сумлення і веравызнання. У ліпені мінулага года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», якая дае дадатковыя магчымасці, у тым ліку і Царкве.

Духоўны складнік вельмі важны для грамадства і дзяржавы, для кожнага асобна ўзятага чалавека, адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін. Таму так важна ўмацоўваць і аб’ядноўваць намаганні дзяржавы і Царквы.

— Царква прысутнічае ў розных сферах. Гэта і культура, і адукацыя, і інфармацыйнае асяроддзе, і маладзёжная палітыка. Царква імкнецца зрабіць як мага больш па розных кірунках, але значна большага выніку можна дасягнуць, калі мы аб’ядноўваем намаганні, працуем разам. Тую духоўную спадчыну, якую нам перадало папярэдняе пакаленне, важна развіваць.

Рэстаўрацыйныя работы ў манастыры пачаліся ў 1996 годзе пасля візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Спачатку ў будынку Мінскай духоўнай семінарыі, а затым і па ўсёй тэрыторыі святыні. З тых часоў, нягледзячы на тое, што для манастырскага жыцця ўласцівы ўстойлівасць, павольнасць, поўная глыбокай пашаны стабільнасць, святыня пакрысе змяняецца, бо свет не стаіць на месцы. Тысячы вернікаў наведваюць манастыр, і святары жадаюць зрабіць іх знаходжанне камфортным

Клопат дзяржавы аб духоўным складніку жыцця беларускага народа выразна адчуваецца. Відаць, як беражліва захоўваецца духоўная спадчына. А Царква ў сваю чаргу прытрымліваецца запытаў сучаснага грамадства, захоўвае старое і добрае, абнаўляе яго ў меру неабходнасці і магчымасцяў, каб усё спадарожнічала да дабра сучасных людзей, рэзюмаваў уладыка.

Аб духоўнай сіле Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра гаварыў і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў:

— На працягу стагоддзяў добрыя светлыя думкі сыходзіліся ў адной кропцы, напаўняючы манастыр светлай, станоўчай энергетыкай, якая так выразна адчуваецца. У гэтым святым месцы сплятаюцца духоўнае багацце гісторыі і культурная спадчына. Сюды з’язджаюцца тысячы паломнікаў, каб адчуць святыню, убачыць на ўласныя вочы манастыр, які існуе ўжо больш за пяць стагоддзяў, і ўдыхнуць паветра той асаблівай атмасферы, якая напаўняе гэтае блаславёнае месца. Жыровіцкая ікона Божай Маці звыш пяці з паловай стагоддзяў асвятляе шлях вернікам. Уявіце, колькі пакаленняў звярталіся да яе з маленнямі, з верай і надзеяй, захоўваючы тым самым нітку сувязі з духоўнай спадчынай продкаў.

Семінар прайшоў плённа, быў закрануты шэраг важных і актуальных тэм. Удзельнікі абмеркавалі духоўна-маральныя каштоўнасці як аснову паступальнага развіцця беларускага грамадства, пагаварылі аб захаванні міжканфесіянальнага міру, ролі культуры ў выкананні гэтых задач. Акрамя таго, ішла размова аб духоўных арыенцірах у фарміраванні інфармацыйнай прасторы. Не менш важным стала абмеркаванне перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы ў справе выхавання юных грамадзян.

Вераніка Казлоўская, аг. Жыровіцы Слонімскага раёна

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю