Трэба шанаваць мір, шанаваць сваіх родных і блізкіх. Аб гэтым заявіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» у час мерапрыемстваў, прысвечаных 82-й гадавіне з дня трагедыі беларускай вёскі.
Складана нават уявіць, бываючы тут, што адчувала маці, якая была зачыненая ў гэтым хляве і разумела, што не зможа абараніць сваіх дзяцей, сказаў у размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка: «Складана ўявіць і тое, што адчувалі людзі, сваякі, якія прыходзілі на гэтыя папялішчы пасля вайны ў надзеі знайсці нейкія сляды сваіх родных. Вось гэта трэба разумець. Трэба берагчы, шанаваць мір, сваіх родных і блізкіх».
Спікер адзначыў: «Мы можам захаваць памяць, па-першае, бываючы тут, распавядаючы пра такія месцы і помнікі, пра канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі на старонках нашых выданняў. І гэта памяць, напэўна, перадаецца з пакалення ў пакаленне. І важна перадаваць яе ад старэйшага да малодшага, каб у гэтыя месцы прыходзілі маладыя людзі. Хатынь — гэта памяць і адначасова боль. Мы прыходзім сюды, каб пакланіцца памяці людзей, якія згінулі ў гарніле вайны, якія былі знішчаны ў гэтым хляве, спалены жыўцом. Тут адчуваеш гэты звярыны ашчэр нацызму».