Top.Mail.Ru

Сергяенка: Здароўе нацыі — самы важны набытак грамадства і дзяржавы

У сценах вядучай кузні медыцынскіх кадраў краіны адбылася сустрэча з прафесарска-выкладчыцкім складам вышэйшай навучальнай установы, прымеркаваная да Дня медыцынскіх работнікаў. Найперш парламентарыі на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам азнаёміліся з выстаўкай навукова-адукацыйных дасягненняў БДМУ, дзейнасцю сімуляцыйнай стаматалагічнай клінікі, навучальнымі аперацыйнай і педыятрычным аддзяленнем, дзе будучыя ўрачы асвойваюць практычныя навыкі аказання медыцынскай дапамогі. Увазе дэпутатаў быў прадстаўлены і вучэбна-трэніровачны цэнтр тактычнай медыцыны, на базе якога ваеннаслужачыя з усёй краіны адпрацоўваюць дзеянні пры аказанні меддапамогі ў баявых умовах. 


Рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Рубніковіч праінфармаваў, што навучальная ўстанова захавала найлепшыя традыцыі савецкай медыцынскай адукацыі. У цяперашніх час, па яго словах, навучанне ва ўніверсітэце праходзіць 8 тысяч студэнтаў. Высокім попытам беларуская медыцынская адукацыя карыстаецца і за мяжой: за гады інстытута Прэзідэнцтва колькасць замежных студэнтаў павялічылася ў 10 разоў. Над тым, каб забяспечыць іх усімі неабходнымі ведамі як у тэорыі, так і на практыцы, працуюць больш як 1500 прафесараў і выкладчыкаў. Штогод ва ўніверсітэце праходзіць перападрыхтоўку звыш 20 тысяч урачоў з усёй краіны. БДМУ забяспечвае самы высокі паказчык па мэтавым навучанні. 

Даступнасць, якасць і лічбавізацыя

Звяртаючыся да прафесарска-выкладчыцкага саставу, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў: «Здароўе нацыі — гэта самы важны набытак любога грамадства і дзяржавы. Таму клопат аб развіцці сістэмы аховы здароўя, удасканаленне падрыхтоўкі кадраў былі і застаюцца прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі, ключавымі складнікамі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Як падкрэсліў Прэзідэнт нашай краіны, выступаючы на VΙΙ Усебеларускім народным сходзе, па даступнасці медыцынскіх паслуг Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце, а айчынная адукацыя стала сапраўды народным здабыткам. Гэта вынік пільнай увагі з боку дзяржавы да пытанняў аказання медыцынскай дапамогі, пачынаючы ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў, заканчвачы найбуйнейшымі навукова-практычнымі цэнтрамі, якія адпавядаюць самым высокім стандартам».

Ігар Сергяенка канстатаваў, што асноўныя задачы ў медыцыне — гэта даступнасць, якасць і лічбавізацыя. «Практычна ў кожнай вобласці сёння функцыянуе не менш за тры міжраённыя цэнтры медыцынскай дапамогі, развіваюцца і раённыя бальніцы, ствараецца электронная база пацыентаў, — канкрэтызаваў ён. — Сёння ў Беларусі гарантавана бясплатная даступная медыцынская дапамога дзяржаўных медыцынскіх устаноў з бюджэтнай сістэмай фінансавання. І да гэтага людзі нашы прызвычаіліся і ўспрымаюць як дадзенасць».

000022_1749719995_720559_big.jpg

У той жа час, як прывёў лічбы спікер, кошт аднаго выезду брыгады хуткай дапамогі летась ацэньвалася ў 164 рублі. Прыкладна столькі ж абыходзіцца дзяржаве адзін дзень знаходжання пацыента ў тэрапеўтычным аддзяленні. У хірургічным — 195 рублёў, у рэанімацыі — 1200 рублёў. І гэты клопат аб людзях бярэ на сябе дзяржава.

У адпаведнасці з найлепшымі сусветнымі стандартамі

Ігар Сергяенка падкрэсліў, што якасць медыцынскай дапамогі напрамую залежыць ад узроўню падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў і, вядома, іх наяўнасці. «Забяспечанасць насельніцтва медыцынскімі работнікамі ў Беларусі апераджае многія еўрапейскія краіны, — акцэнтаваў увагу спікер. — Такія як Швейцарыя, Балгарыя, Нідэрланды, Літва, Аўстрыя. Не саступае лепшым сусветным стандартам і кваліфікацыя нашых медыкаў. Толькі летась для атрымання медыцынскіх паслуг Беларусь наведалі 160 тысяч замежных грамадзян са 159 дзяржаў. На 20 % больш, чым у папярэднім годзе. Большая частка тых, хто праходзіў лячэнне і звяртаўся па медыцынскія паслугі ў нашу краіну, — з Расіі, Казахстана, Латвіі, Сербіі і Кітая». 

Пры гэтым Ігар Сергяенка падкрэсліў, што сёння краіне патрэбны дасведчаныя ўрачы — высокамаральныя, рознабакова адукаваныя асобы, сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі, надзейная апора і змена ў будучыні. І вядучая роля ў гэтым, па яго словах, належыць навучальным установам, найперш вядучай ВНУ ў сферы медыцыны. «Ваша асноўная задача — падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, недахоп якіх мы адчуваем на працягу апошніх гадоў, — звяртаючыся да прысутных, адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Для таго, каб выправіць сітуацыю, у маштабе дзяржавы рэалізуецца комплекс мер па ўдасканаленні работы з кадрамі».

Сярод іх — стварэнне спрыяльных умоў для падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў і замацавання іх на працоўных месцах, заканадаўчае ўрэгуляванне пытання замяшчэння няпоўных ставак пасад, перагляд падыходаў да правядзення ўступнай кампаніі, павелічэнне бюджэтных месцаў у медыцынскіх ВНУ, падрыхтоўка ў медыцынскіх каледжах на аснове агульнай базавай адукацыі, змяненне падыходаў да размеркавання выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў, прыняцце мер па павышэнні прафесійнага ўзроўню медыцынскіх работнікаў, забеспячэнне жыллём маладых спецыялістаў і работнікаў, з якімі заключаецца кантракт тэрмінаў на 5 гадоў.

TMAT8934_result.jpg

Рэзюмуючы, спікер адзначыў, што ў тым ліку пытанні, звязаныя са сферай аховы здароўя, знаходзяцца на кантролі дэпутацкага корпусу. Працуючы ў акругах, парламентарыі вывучаюць сітуацыю на месцах, збіраюць меркаванні людзей, каб пры неабходнасці выйсці на канкрэтную заканадаўчую ініцыятыву. 

У завяршэнні сустрэчы калектыў універсітэта, канкрэтныя супрацоўнікі былі ўзнагароджаны Падзякай Старшыні Палаты прадстаўнікоў. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю