Пад адной вокладкай сабраны матэрыялы аб франтавiках — родных i блiзкiх дэпутатаў i супрацоўнiкаў Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў, жыхарах выбарчых акруг. Тут прадстаўлены i дэталi некаторых падзей Вялiкай Айчыннай вайны.
«Патрыёта трэба выхаваць»
Старшыня Палаты прадстаўнiкоў Iгар Сергяенка лiчыць сiмвалiчным тое, што прэзентацыя кнiгi, якую падрыхтавалi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, супрацоўнiкi Сакратарыята, праводзiцца ў абноўленым кiнатэатры «Перамога» ў беларускай сталiцы. «Гэта першы кiнатэатр, якi быў адноўлены ў 1950 годзе ў вызваленым Мiнску пасля кровапралiтнай вайны, — падкрэслiў ён. — I мэта нашай даследчай работы — знайсцi новыя, можа быць, не зусiм вядомыя старонкi гiсторыi канкрэтных людзей, канкрэтных сваякоў, канкрэтных землякоў, аднавяскоўцаў. Новыя факты, якiя захоўвалiся ў сем’ях у выглядзе дакументаў, у выглядзе ўспамiнаў, сёння знайшлi адлюстраванне на старонках кнiгi».Выданне, на думку спiкера, будзе карысным для многiх жыхароў нашай краiны. «Асаблiва для тых, пра каго iдзе гаворка ў гэтай кнiзе, — канкрэтызаваў Iгар Сергяенка. — Асаблiва важна сёння для нашай моладзi даведвацца пра гэтыя новыя старонкi, паколькi памяць аб Вялiкай Айчыннай вайне святая. Сёння нельга навучыць патрыятызму. Патрыёта трэба выхаваць. Не лозунгамi, не заклiкамi, а канкрэтнымi справамi, працуючы на карысць роднай краiны, захоўваючы гiстарычную памяць, адкрываючы новыя старонкi, якiя характарызуюць работу чалавека — франтавiка, партызана, якi сваiм унёскам наблiжаў Вялiкую Перамогу».
Старшыня Палаты прадстаўнiкоў заўважыў, што беларускiх парламентарыяў нiколькi не непакоiць тое, што iх не запрашаюць на мерапрыемствы ў Еўропу, што там не праводзяць мерапрыемствы ў гонар Перамогi. «Запрашэнне на гэту Перамогу нам далi нашы дзяды i прадзеды, заваяваўшы яе», — падкрэслiў спiкер.
Гiсторыi подзвiгу
Член Пастаяннай камiсii па заканадаўстве Палаты прадстаўнiкоў Iрына Астапенка, якая з’яўляецца аўтарам iдэi кнiгi, расказала, у чым унiкальнасць выдання: дэпутаты распавядаюць аб жыхарах сваiх акруг, у якiх яны актыўна працуюць.«Аб сваiх блiзкiх, сваяках, якiя ваявалi, расказалi i супрацоўнiкi Сакратарыята, — удакладнiла Iрына Астапенка. — Захоўваць гiсторыю вельмi важна для нас дзеля таго, каб нiхто не асмеліўся перапiсаць гiсторыю Вялiкай Перамогi».
У кнiзе — i гiсторыя баявога шляху дзядулi намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Iрыны Даўгалы. «Мой дзед, Павел Васiльевiч Хацько, пачаў работу ў Лепельскiм падполлi практычна з самага пачатку вайны. Удзельнiкi Лепельскага падполля пусцiлi пад адхон сотнi эшалонаў. Дзед быў удастоены баявых узнагарод, аб чым мы даведалiся дзякуючы базе «Партызаны Беларусi», — расказала дэпутат.
Гiсторыяй сваёй сям’i з чытачамi кнiгi падзялiўся i намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па заканадаўстве Андрэй Лiс. «Выдатная iдэя, увасобленая ў жыццё, дазволiла ўвекавечыць памяць у тым лiку i майго дзеда Лiса Васiля Арцёмавiча, якi ў 1944 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армiю, прайшоў вайну да Берлiна, узнагароджаны двума медалямi „За адвагу“, — расказаў дэпутат. — Прычым яму адначасова былi ўручаны гэтыя ўзнагароды. Я доўга аднаўляў падзеi, звяртаўся ў архiў Мiнiстэрства абароны Расiйскай Федэрацыi, каб усё ж даведацца, што здзейснiў мой дзед, за што быў ганараваны такiмi высокiмi ўзнагародамi. Адна з iх была атрымана за баi пры фарсiраваннi ракi Одэр, а другi медаль „За адвагу“ быў уручаны ўжо непасрэдна за ўдзел у баях у Берлiне».
Дэпутат канстатаваў, што ўдзельнiкаў вайны засталося вельмi няшмат. «Я карыстаюся кожным iмгненнем, магчымасцю сустрэцца яшчэ з жывымi ўдзельнiкамi баявых бiтваў, убачыць iх i пачуць з першых вуснаў, якой цаной далася Вялiкая Перамога», — падзялiўся Андрэй Лiс.
Веранiка КАНЮТА
Фота: БелТА