Спікер узяў удзел у пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, прысвечаным інвестыцыйнай дзейнасці ў раёнах вобласці. Ігар Сергяенка выказаў думку, што стрымлівае інвестыцыйную дзейнасць Віцебскай вобласці, калі меркаваць па мінулым годзе, перш за ўсё неасваенне сродкаў па розных кірунках.
«Наступная пазіцыя — структура інвестыцый. У большай ступені гэта выкарыстанне ўласных сродкаў прадпрыемстваў і бюджэтных сродкаў. Сумарна гэта прыкладна 80 %, банкаўскія крэдыты — каля 15 %. І нікчэмна малая лічба прыцягнення замежных інвестыцый — менш за адзін працэнт», — адзначыў спікер і дадаў, што ў паўночным рэгіёне недастаткова актыўна выкарыстоўваюцца механізмы закона аб інвестыцыях, які ўступіў у сілу летась.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што па выніках работы за 2024 год па ўсіх інтэгральных паказчыках Міністэрства эканомікі вывела Віцебшчыну на другое месца ў краіне. «У гэтай перамозе — наша агульная заслуга. Але я расцэньваю гэта як першыя значныя крокі і першыя вынікі. Наперадзе яшчэ вельмі шмат працы, і інвестыцыі на шляху развіцця — найважнейшы паказчык. Гэта ключавы маркер нашай будучыні», — сказаў кіраўнік паўночнага рэгіёна.
За 2024 год у эканоміку Віцебскай вобласці прыцягнута практычна чатыры мільярды рублёў з тэмпам росту 110,8 %. За апошнія два гады тэмп росту інвестыцый павялічаны ў 1,3 раза, а за чатыры гады бягучай пяцігодкі рэгіён атрымаў больш за 12 млрд рублёў інвестыцый. Намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна адзначыла важным той факт, што растуць якасныя параметры гэтых інвестыцый. «У асноўным мы ўкладваем у машыны і абсталяванне, гэта сведчыць аб якасных характарыстыках. Нашы прадпрыемствы сталі ўкладваць больш уласных сродкаў у развіццё рэгіёна і сваіх прадпрыемстваў», — падкрэсліла яна.
У 11 раёнах завершана рэалізацыя ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». У рамках даручэння кіраўніка дзяржавы ў паўночным рэгіёне рэалізавана 13 буйных інвестыцыйных праектаў з колькасцю працоўных больш чым 20 чалавек. На рэалізацыю праектаў дзяржаўнай і рэгіянальнай інвестыцыйных праграм у 2025 годзе будзе накіравана каля 500 млн рублёў. Таксама ў рэгіёне трэба будзе ўвесці ў эксплуатацыю 400 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў. Аб’ём інвестыцый на іх будаўніцтва складзе каля аднаго мільярда рублёў.
З мэтай выканання пастаўленых задач актуалізаваны пералік са 116 аб’ектаў нерухомасці, што знаходзяцца ва ўласнасці гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, якія могуць быць прапанаваны для бязвыплатнай перадачы для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта або выстаўлены на аўкцыён за адну базавую велічыню. Абноўлены і пералік з 92 свабодных вытворчых пляцовак на тэрыторыі Віцебскай вобласці для прадастаўлення іх інвестарам пад стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў.
Анжаліка Нікіціна таксама падкрэсліла важнасць забеспячэння спрыяльных умоў для рэальнага сектара эканомікі ва ўсіх рэгіёнах вобласці. «Рэзерваў для гэтага ў кожным рэгіёне дастаткова. Таму кіраўнікам усіх узроўняў неабходна ўзяць пад асабісты кантроль пошук інвестыцыйных праектаў, актыўна выкарыстоўваць дзеючыя меры дзяржаўнай і фінансавай падтрымкі, уключаць у абарот маёмасць, што не выкарыстоўваецца, ажыццяўляць маніторынг выканання графікаў работ, якія праводзяцца, забяспечваць своечасовасць разлікаў пры рэалізацыі вытворчых і інфраструктурных праектаў, будаўніцтве жылля», — заключыла намеснік старшыні аблвыканкама.
На развіццё эканомікі Віцебскай вобласці ў 2025 годзе плануецца накіраваць каля 4,7 мільярда рублёў, што дасць магчымасць забяспечыць тэмп росту 107,8 % да ўзроўню 2024 года.
Падводзячы вынікі пасяджэння, Старшыня Палаты прадстаўнікоў расставіў акцэнты, на якія варта звярнуць увагу. «Не хапае ў нейкай ступені ініцыятывы, дысцыпліны ў рэалізацыі гэтых праектаў, індывідуальнага падыходу, кантролю з боку кіраўнікоў мясцовых органаў. Вядома, магчымасці ў розных раёнаў розныя, але і патэнцыял таксама сёння ёсць, трэба толькі праявіць больш ініцыятывы. Таму на пасяджэнні ў тым ліку ішла размова аб тым, дзе можна нарасціць намаганні, стварыць дадатковыя працоўныя месцы, каб зрабіць раёны, канкрэтныя прадпрыемствы прывабнымі для людзей», — сказаў Ігар Пятровіч.
Ігар Сергяенка таксама сустрэўся са студэнтамі і педагагічным калектывам віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Былі абмеркаваны тэмы, якімі жыве наша краіна, асаблівую ўвагу спікер удзяліў маладзёжнай палітыцы і 80-й гадавіне Вялікай Перамогі.