Рэзідэнты Мінскага гарадскога тэхнапарка вырабляюць высокатэхналагічную прадукцыю, запатрабаваную ў многіх галінах эканомікі, адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў час наведвання тэхнапарка, паведамляе БелТА.
«Рэзідэнты тэхнапарка займаюцца самымі рознымі напрамкамі дзейнасці, вырабляюць высокатэхналагічную прадукцыю, запатрабаваную сёння ў многіх галінах нашай эканомікі», — сказаў Ігар Сергяенка.
Паводле яго слоў, дзяржава ў сваю чаргу ўдзяляе значную ўвагу дынамічнаму развіццю гэтай сферы як аднаму з самых паспяховых напрамкаў інавацыйнай палітыкі краіны.

Так, для функцыянавання тэхнапаркаў створаны шырокія прэферэнцыі. Гэта і падатковыя льготы, і льготы па арэндзе, і фінансаванне развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры за кошт бюджэтных сродкаў, зазначыў спікер Палаты прадстаўнікоў.
Сённяшняя сустрэча ў Мінскім гарадскім тэхнапарку накіравана на вывучэнне на практыцы пытанняў правапрымянення ў інавацыйнай сферы.
Прававыя і арганізацыйныя асновы дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі замацаваны ў законе «Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці», апошнія змяненні ў які ўносіліся чатыры гады таму, нагадаў Ігар Сергяенка. Разам з тым спікер заўважыў, што на дадзены момант, напэўна, яшчэ не наспела неабходнасць уносіць у заканадаўства якія-небудзь змены, паколькі дзейным законам усё ўлічана.
Пляцоўка Мінскага гарадскога тэхнапарка для правядзення маніторынгу правапрымянення выбрана не выпадкова, яна як нельга лепш дэманструе, як працуюць на практыцы нормы закона і іншых падзаконных актаў.

Паводле слоў Старшыні Палаты прадстаўнікоў, гэты навукова-вытворчы комплекс займае ключавую пазіцыю ў развіцці інавацыйнага прадпрымальніцтва Беларусі і ўносіць дастойны ўклад ва ўстойлівае развіццё беларускай эканомікі. Дэпутаты змаглі ў гэтым пераканацца на свае вочы, агледзеўшы экспазіцыю прадукцыі рэзідэнтаў тэхнапарка і азнаёміўшыся з вытворчасцю.
Пасля сустрэчы на гэтай жа пляцоўцы запланавана яшчэ адно мерапрыемства — размова па пытаннях узаемадзеяння дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з адміністрацыяй Мінска.