Top.Mail.Ru
79

Сергяенка: Да абмеркавання законапраекта па зямельных адносінах плануюць шырэй далучаць райвыканкамы

Да абмеркавання нормаў праекта закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін», які цяпер рыхтуецца да другога чытання, плануюць шырэй далучаць райвыканкамы, паведаміў журналістам Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка падчас рабочай паездкі ў Паставы, перадае БелТА.



Пытанні зямельных адносін разам з тэмай уцягвання ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і неэфектыўна выкарыстоўваецца, а таксама пустуючых і старых дамоў, былі разгледжаны сёння на пасяджэнні ў Пастаўскім райвыканкаме. 

«Я праінфармаваў актыў раёна аб тым, што ў Палаце прадстаўнікоў рыхтуюцца да разгляду ў другім чытанні змены ў Кодэкс аб зямлі. Там таксама прадугледжаны шэраг навацый, якія звязаны з легалізацыяй зямельных участкаў і ліквідацыяй прабелаў у заканадаўстве», — сказаў Ігар Сергяенка. 

Разам з тым аб гэтых прапанаваных новаўвядзеннях не ведаюць на ўзроўні раёнаў, хоць на абласным і рэспубліканскім узроўнях іх абмяркоўваюць, звярнуў увагу спікер Палаты прадстаўнікоў. «Я ўбачыў, што ў працэсе абмеркавання мы напэўна не дайшлі да канкрэтных выканаўцаў, да зямлі, скажам так. Я думаю, што найбліжэйшым часам мы гэта выправім», — адзначыў ён.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў упэўнены, што спяшацца з разглядам законапраекта ў другім чытанні не варта. Важна ўлічыць меркаванні ўсіх і толькі потым прымаць канчатковае рашэнне, каб у бліжэйшай перспектыве не вяртацца да гэтай тэмы.

Гаворачы аб уцягванні ў абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца, у першую чаргу будынкаў, збудаванняў, а таксама зносе пустуючых, старых дамоў, Ігар Сергяенка ўказаў на важнасць гэтага кірунку ў дзейнасці мясцовых уладаў. Састарэла, струхлела шмат маёмасці, не выкарыстоўваецца ў сілу розных прычын шэраг будынкаў. У Пастаўскім раёне гэта тычыцца, напрыклад, маёмасці былых ваенных гарадкоў. 

«Можна сказаць, што пэўныя мерапрыемствы праводзяцца. Парадак тут наводзіцца, — адзначыў спікер. — Навядзенне парадку на зямлі (важна і з пазіцыі таго, што. — Заўв. БелТА) гэта знешняе аблічча нашых населеных пунктаў. Старыя, струхлелыя будынкі, гадамі не выкарыстоўваюцца, ствараюць непрывабны від. Адпаведна, стаіць задача рэалізоўваць тыя, якія можна выкарыстоўваць». Зрэшты, заўважыў Ігар Сергяенка, бум масавага набыцця будынкаў прайшоў. Сёння адзінкавыя звароты, у першую чаргу прадстаўнікоў бізнесу, якія купляюць юудынкі для арганізацыі гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў турызму, міні-вытворчасцяў. 

Нягледзячы на наяўнасць нарматыўнай правай базы па ўказаных пытаннях, на пасяджэнні ў райвыканкаме абмяркоўвалася, як можна спрасціць гэтую працу. Старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што сёння, напрыклад, нельга прызнаць будынак старым, які патрабуе зносу, калі не знойдзены ўласнік. У шэрагу выпадкаў гэта выклікае праблемы. Уласнікі многіх будынкаў, асабліва ў пагранічным Пастаўскім раёне, пражываюць у Літве, Латвіі, іх пошукі працягваюцца па некалькі гадоў. Таму да гэтай тэмы, па словах Ігара Сергяенкі, варта звярнуцца яшчэ раз. 

Закранаючы ў цэлым вынікі работы сельскай гаспадаркі, прамысловых прадпрыемстваў Пастаўскага раёна, Ігар Сергяенка адзначыў пэўныя вынікі. У прыватнасці, звярнуў увагу на станоўчую ў параўнанні з папярэднім годам дынаміку па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ёсць шмат і іншых кропак росту. 

«Але ёсць над чым працаваць. І тыя задачы, якія пастаўлены кіраўніком дзяржавы, праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучую пяцігодку, фактычна ўжо пачалі выконвацца, рэалізоўвацца з першых дзён», — адзначыў Ігар Сергяенка.

Спікер звярнуў увагу на такі прыярытэт, як развіццё рэгіёнаў, а таксама праграму «Адзін раён — адзін праект». У прыярытэце - стварэнне камфортных умоў для жыцця насельніцтва. Гэта і дарожнае будаўніцтва, і рамонт, і развіццё сацыяльнай інфраструктуры, праграма «Чыстая вада» — усе гэтыя пытанні знаходзяцца ў прыярытэце мясцовай улады. 

На гэтым тыдні ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць у сваіх выбарчых акругах. Праводзяць сустрэчы з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, уключаюцца ў рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, удзельнічаюць у патрыятычных акцыях, вядуць прыёмы грамадзян.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю