Адкрываючы чарговае пасяджэнне, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што яно праходзіць у знакавы дзень.
«Роўна 30 гадоў таму — 14 мая 1995 года — адбыўся першы ў суверэннай гісторыі нашай краіны рэферэндум, — нагадаў спікер. — Ён не толькі вызначыў шэраг канцэптуальных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, але і стаў першым крокам пабудовы дзяржавы сапраўднага народаўладдзя, у якім народ прымае рашэнні па найважнейшых пытаннях жыцця краіны і грамадства. Менавіта на гэтым рэферэндуме былі ўстаноўлены дзяржаўныя сімвалы незалежнай Беларусі, вызначаны канстытуцыйны статус рускай мовы і выказана безумоўная падтрымка дзеянняў кіраўніка дзяржавы па эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй».
Доступ да дзяржсакрэтаў і бяспечныя адпраўленні
Законапраектам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сакрэтах», прынятым адразу ў двух чытаннях, прапаноўваецца даць допуск да дзяржаўных сакрэтаў Старшыні і членам Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі з дня выбрання іх на гэтыя пасады, начальніку Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу — з дня прызначэння на пасаду.

«На Усебеларускі народны сход ускладзены задачы стратэгічнага развіцця нашай краіны, вырашэнне пытанняў практычна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы, — канстатаваў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Аксянюк. — Безумоўна, некаторая інфармацыя аднесена да дзяржаўных сакрэтаў. Каб павысіць эфектыўнасць работы службовых асоб і Усебеларускага народнага сходу, гэтым законам будзе прадугледжана магчымасць давання вышэйназваным службовым асобам допуску да дзяржаўных сакрэтаў».
У другім чытанні адобраны праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб паштовай сувязі», якім змяняюцца прававое рэгуляванне і арганізацыйныя асновы ў сферы паштовай дзейнасці. Дакумент падрыхтаваны з мэтай выяўлення прадметаў і рэчываў, забароненых да перасылкі ў паштовых адпраўленнях. Замацоўваюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта на ўстанаўленне асаблівасцяў прававога рэгулявання адносін у галіне паштовай сувязі. Урад надзяляецца паўнамоцтвамі на вызначэнне парадку функцыянавання сістэмы ўліку і захоўвання даных, уключаючы пералік і тэрміны захоўвання інфармацыі аб паштовых адпраўленнях, што рэгіструюцца, падлягаюць уліку і захоўванню ў гэтай сістэме.
Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Баравенкі, законапраектам павышаецца бяспека паштовых адпраўленняў. «Прадугледжваецца стварэнне адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку і захоўвання даных аб перамяшчэннях паштовых адпраўленняў, да якой будуць падключацца ўсе аператары паштовай сувязі, — канкрэтызаваў дэпутат. — З’явіцца магчымасць падключэння да сістэмы органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць. Таксама вырашаецца блок пытанняў аб павышэнні эфектыўнасці работы паштовай сувязі, аб чым казаў кіраўнік дзяржавы пры прызначэнні ўрада. Законам рэгулюецца пытанне аб прымяненні інфармацыйных і іншых прагрэсіўных тэхналогій, у тым ліку лічбавых сэрвісаў і мабільных дадаткаў».
Умацаванне супрацоўніцтва
Дэпутаты ратыфікавалі Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў судоў Рэспублікі Беларусь і судоў Расійскай Федэрацыі. Пагадненне будзе прымяняцца да судовых пастаноў, вынесеных па грамадзянскіх справах і крымінальных справах у частцы грамадзянскага іску, якія прадугледжваюць абавязацельствы даўжніка па выплаце на карысць спагнанніка грашовых сродкаў, у тым ліку ў частцы спагнання дзяржаўнай пошліны, іншых судовых расходаў і працэсуальных выдаткаў. Вызначана, што судовыя пастановы, вынесеныя кампетэнтнымі судамі аднаго боку, не маюць патрэбы ў спецыяльнай працэдуры прызнання і выконваюцца на тэрыторыі іншага боку ў такім жа парадку, што і судовыя пастановы, вынесеныя на тэрыторыі іншага боку, на падставе выканаўчых дакументаў кампетэнтных судоў боку, на тэрыторыі якога былі вынесены судовыя пастановы.
Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Анісімаў назваў гэты дакумент важнай вяхой у двухбаковых узаемаадносінах. «Пагадненнем значна спрашчаецца парадак прызнання і выканання актаў кампетэнтных судоў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, — канкрэтызаваў ён. — Выключаецца раней неабходнае прызнанне такіх пастаноў, што ў значнай меры ўмацоўвае правы і абавязкі спагнанніка як з боку Беларусі, так і Расіі. Раней для выканання падобных пастаноў судоў неабходна было прызнанне бокам, дзе знаходзіцца адказчык альбо спагнаннік, такой пастановы. Цяпер гэтага няма, што значна скароціць працэдуру выканання і спросціць работу кампетэнтных органаў».
Таксама ратыфікаваны Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан аб выдачы, Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года ў частцы, якая датычыцца асаблівага механізму пры правядзенні расследаванняў аб прыняцці рашэнняў аб прымяненні або непрымяненні спецыяльных абарончых, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер.
Ратыфікацыя Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Сейшэльскія Астравы аб паветраных зносінах накіравана на рэгуляванне аператыўных і тэхнічных аспектаў у галіне паветранага транспарту і з’яўляецца прававой асновай для арганізацыі паветраных перавозак.
У далейшым гэта дазволіць авіяперавозчыкам выконваць пасажырскія і грузавыя рэйсы паміж аэрапортамі дзвюх краін.

«Гэта яшчэ адзін крок, які робіцца ў кантэксце рэалізацыі сістэмы і структуры міжнародных адносін, якія выпрацаваны кіраўніком дзяржавы ў рамках наладжвання кантактаў з краінамі далёкай дугі, — адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Віталій Уткін. — Рэспубліка Беларусь дакладна ўпісваецца ў архітэктуру авіяперавозак міжнароднага кантакту. Насуперак інфармацыі аб ізаляцыі нашай краіны ад усяго свету, якой закідвае заходняя прапагандысцкая машына, мы дэманструем, што сёння Беларусь працуе, працягвае ўзаемаадносіны як палітычнага, так і эканамічнага плана з тымі дзяржавамі, якія сёння не прапагандуюць ваенныя дзеянні. Таму развіццё мірнай галіны турызму ўзаемаадносін паміж нашымі краінамі сведчаць аб тым, як неабходна ўзаемадзейнічаць у эканамічных, палітычных, сяброўскіх і культурных адносінах».
Акрамя таго, ратыфікавана Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Каралеўства Саудаўская Аравія аб паветраных зносінах, у адным чытанні прыняты законапраект «Аб спыненні дзеяння Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Кабінетам міністраў Украіны аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА