Top.Mail.Ru

Ключавыя акцэнты пленарнага пасяджэння Міжнароднага форуму «Вялікая спадчына — агульная будучыня»

Брэст гэтымі днямі стаў пляцоўкай для вялікага гістарычнага міжнароднага дыялогу. У горадзе над Бугам праходзіць Форум Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня». Сотні дэлегатаў, экспертаў, гісторыкаў і маладзёжных лідараў сабраліся, каб не толькі сказаць «Мы памятаем», але і «Мы не дазволім забыць».

22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, у Брэсце адбылося Пленарнае пасяджэнне Міжнароднага форуму, ключавым лейтматывам якога стала захаванне гістарычнай памяці. Удзельнікі пасяджэння заклікалі ўсіх рабіць усё магчымае, каб тая трагедыя больш ніколі не паўтарылася.

«Гэта была бітва за жыццё і свабоду»

Першы намеснік Старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам форуму. 

«Сімвалічна, што форум праводзіцца ў горадзе Брэсце, які 85 гадоў таму першым прыняў на сябе ўдар гітлераўскай ваеннай машыны, прадэманстраваўшы свету веліч духу і непераможнасць савецкага салдата, — гаворыцца ў прывітанні. — Цана Вялікай Перамогі — дзясяткі мільёнаў загінулых. Страты Беларусі — кожны трэці. Выяўляючы новыя факты генацыду беларускага народа, мы даём прававую ацэнку злачынствам фашыстаў, каб абараніць памяць аб бязвінных ахвярах і воінах, якія здзейснілі вялікі подзвіг».

Кіраўнік дзяржавы ў звароце адзначыў, што на франтах Вялікай Айчыннай у адзіным страі ў барацьбе з нацызмам змагаліся прадстаўнікі ўсіх рэспублік Савецкага Саюза: «Гэта была бітва за жыццё і свабоду, за сваю краіну і іншыя еўрапейскія дзяржавы, выратаваныя дзякуючы мужнасці і гераізму шматнацыянальнага савецкага народа».

Сёння наша першачарговая задача — абараніць гістарычную праўду, зберагчы яе ад тых, хто перапісвае гісторыю, зносіць помнікі героям, спрабуе аддаць забыццю подзвіг нашых бацькоў і дзядоў. «Асаблівая роля ў захаванні памяці належыць моладзі, якой трэба будзе жыць, працаваць у сучасным свеце, абапіраючыся на запаветы продкаў, і перадаць гэтую эстафету наступным пакаленням. Дэвіз форуму „Вялікая спадчына — агульная будучыня“ заклікае нас ісці разам у імя сучаснасці і будучыні нашых дзяржаў, у імя міру на роднай зямлі», — падкрэсліў беларускі лідар. 

«Запрашаючы вас да размовы на пленарным пасяджэнні, хачу падкрэсліць, што мы прыклалі максімум намаганняў, каб кожнае сказанае слова было пачута, — звярнуў увагу Ігар Сергяенка. — На пляцоўках форуму працавалі саюзныя сродкі масавай інфармацыі, больш за 200 журналістаў з розных краін, пасяджэнне трансліравалася ў прамым эфіры».

«Разам мы — наймагутнейшая сіла. І нас ніколі не перамагчы!»

Форум з такой сімвалічнай назвай і сэнсавай напоўненасцю — ужо другі па ліку. Летась ён прайшоў у Валгаградзе і быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тады ж было прынята рашэнне зрабіць яго штогадовым. Цяпер чарга за Брэстам. Тут адкрылася трагічная і ў той жа час выдатная старонка подзвігаў абаронцаў нашай агульнай Айчыны.

На форуме ў Валгаградзе прысутнічалі кіраўнікі Беларусі і Расіі. Моцнае выступленне нашага Прэзідэнта ўдзельнікі форуму неаднойчы перапынялі апладысментамі. Аляксандр Лукашэнка гаварыў аб неабходнасці шанаваць гісторыю ў разрэзе адносін з заходнімі краінамі. Аб тым, што спробамі скрасці Перамогу ў савецкага народа справа не абмяжоўваецца, што развязаная інфармацыйная вайна, як этап падрыхтоўкі да ўзброенага супрацьстаяння. Аб тым, што Беларусь і Расія і далей будуць рабіць усё, каб не дапусціць гэтага.

У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы летась заявіў: «У Беларусі мы актыўна прасоўваем у грамадстве разуменне таго, што памяць аб Вялікай Перамозе — гэта частка нацыянальнай ідэі. Мы стараемся рабіць усё, каб нашы дзеці памяталі, што гэтай Перамогай мы моцна звязаны са сваімі ўсімі народамі, рускім народам, усімі народамі былога Савецкага Саюза. Нам гэта нельга страціць. Таму што разам мы не проста магутная, мы — наймагутная сіла. І нас ніколі не перамагчы!»

Прэзідэнт Беларусі заўсёды падкрэслівае, што Вялікая Перамога свяшчэнная: «Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне — наш шчыт. Трымаць яго ў сваіх руках — вялікі гонар і адказнасць. І нам трэба пра гэта памятаць».

«Мы не дазволім таптацца на памяці пераможцаў»

Старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Старшыня Дзяржаўнай Думы Расіі Вячаслаў Валодзін у сваю чаргу зачытаў пасланне Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.

У сваім выступленні Вячаслаў Валодзін адзначыў: «Мы не дазволім таптацца на памяці пераможцаў, на памяці тых, хто ахвяраваў сабой, зрабіў усё для таго, каб свет быў вызвалены ад фашыстаў. Задумайцеся, Брэсцкая крэпасць у поўным акружэнні вяла бой, салдаты і афіцэры гінулі, не было вады, не было патронаў, але яны стаялі насмерць. А калі ўзяць і параўнаць большасць еўрапейскіх краін, як яны абаранялі свае дзяржавы, свае народы, сваю Радзіму? Хтосьці вытрымаў усяго толькі некалькі гадзін і пайшоў на паклон да фашыстаў, хтосьці некалькі дзён. Дом Паўлава ў Сталінградзе прастаяў і вытрымаў аблогу ў поўным акружэнні больш, чым любая еўрапейская дзяржава».

«Агульны абавязак — захаваць гістарычную памяць і перадаць яе моладзі»

Старшыня Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан Ерлан Кашанаў заўважыў: «Мы з асаблівым хваляваннем сустракаем гадавіну пачатку вайны тут, на святой беларускай зямлі. Подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці аб’ядноўвае нашы краіны агульнай памяццю».

Беларускі народ панёс жахлівыя страты — кожны трэці жыхар краіны, звыш 5 тысяч вёсак, спаленых разам з людзьмі. «Памяць пра іх будзе вечна гучаць, — выказаў упэўненасць спікер. — Сёння, калі свет сутыкаецца з новымі выклікамі і пагрозамі, наш агульны абавязак — захаваць гістарычную памяць і перадаць яе моладзі».

Спікер заканадаўчай палаты Олій Мажліса Узбекістана Нурыдзін Ісмаілаў падкрэсліў, што Брэсцкая крэпасць-герой — узор мужнасці, стойкасці і сілы духу на ўсе часы. «Тут пачалася вайна, тут пачалася гісторыя гераічнай бітвы нашых продкаў за мір і росквіт сёння», — адзначыў Нурыдзін Ісмаілаў.

Паводле яго слоў, высечаныя на мемарыялах Брэсцкай крэпасці імёны герояў, якія трымалі абарону цытадэлі, сведчаць аб выключнай згуртаванасці народаў перад тварам агульнай пагрозы.

Першы намеснік старшыні Жагорку Кенеша Кыргызстана Медэрбек Аліеў адзначыў, што магчымасць знаходзіцца гэтымі днямі ў Брэсце спрыяе ўсведамленню, якой цаной была заваявана Перамога і якую адказнасць нясе цяперашняе пакаленне за захаванне гістарычнай памяці. 

«Прайшло 85 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — нагадаў ён. — Сёння сярод нас застаецца ўсё менш непасрэдных сведак тых падзей. Тым вышэй становіцца наша адказнасць за захаванне гістарычнай праўды і памяці пра подзвіг пакалення пераможцаў. У сучасным свеце мы ўсё часцей сутыкаемся са спробамі перагляду гісторыі, скажэнні фактаў і прымяншэння вырашальнага ўкладу народаў Савецкага Саюза ў разгром нацызму. Наш агульны абавязак — не дапусціць скажэння гістарычнай праўды».

«Супрацоўніцтва ў імя захавання міру на планеце»

Падводзячы вынікі пленарнага пасяджэння форуму, Ігар Сергяенка адзначыў, што наш бок расцэньвае факт правядзення форуму на беларускай зямлі як даніну павагі гераізму беларускага народа, праяўленаму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і прызнанне ўкладу Рэспублікі Беларусь, перш за ўсё Прэзідэнта Беларусі ў забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне ў такі няпросты для ўсяго свету час. 

Зацікаўлены дыялог парламентарыяў, грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, даследчыкаў, прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці, лідараў меркаванняў з розных краін пацвердзіў, што фармат зносін па пытаннях абароны гістарычнай памяці, прапанаваны два гады таму Парламенцкім сходам Саюза Беларусі і Расіі, запатрабаваны, падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

«Адбыўся ўнікальны абмен меркаваннямі, вопытам. Для нас важна, што міралюбны аб’яднальны парадак дня, які прасоўваюць прэзідэнты Беларусі і Расіі, а таксама ініцыятывы саюзных парламентарыяў падтрымліваюцца дружалюбнай нам дзяржавай, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Вельмі змястоўна і вынікова прайшла акадэмічная частка форуму. Усе ўдзельнікі тэматычных секцый адзначаюць шырокі дыяпазон закранутых у дакладах тэм, глыбіню асэнсаванняў разгляданай праблематыкі, яркія, цікавыя выступленні, асабістыя гісторыі — я паспеў абмяняцца думкамі з многімі ўдзельнікамі і кіраўнікамі секцый. Агучаная інфармацыя пашырыла рамкі нашых уяўленняў аб тых далёкіх падзеях, пацвердзіўшы значнасць міжнародных намаганняў, накіраваных на захаванне традыцыйных каштоўнасцяў, барацьбу з фальсіфікацыяй гісторыі, супрацьстаянне ідэалогіі рэваншызму, расавай перавагі і ксенафобіі».

Удзельнікі форуму адзіныя ў меркаванні, і гэта сёння таксама прагучала. «Спробы стварыць ідэальны свет для кола абраных за кошт ушчамлення правоў і законных інтарэсаў астатніх народаў занадта дорага абыходзяцца чалавецтву. Як падкрэслівалася ў шэрагу выступленняў на секцыях, адраджэнне нацызму стала магчымым у тым ліку з-за зацятага замоўчвання заходняй гістарыяграфіі фактаў злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва, рэабілітацыі нацысцкіх злачынцаў і ўкаранення ў грамадскую свядомасць многіх еўрапейцаў, што ад комплексу гістарычнай віны за развязванне Другой сусветнай вайны пара пазбавіцца. Наш адказ на падобную практыку — прыняцце на 70-й сесіі Парламенцкага сходу Заявы „Аб генацыдзе Савецкага народа ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў“, якая будзе даведзена да ведама міжнароднай парламенцкай супольнасці», — заявіў Ігар Сергяенка.

Ён прапанаваў парламентарыям дружалюбных краін далучыцца да гэтай ініцыятывы, што будзе спрыяць падтрыманню прынцыпаў міжнароднага права, замацаваных у Статуце ААН, пазбаўленню сучаснага нацызму яго ідэйнай асновы. «І гэтая падтрымка таксама сёння прагучала», — дадаў спікер Палаты прадстаўнікоў.

Ён адзначыў, што агульныя мэты, якія сёння ставяць дзяржавы перад сабой, могуць быць рэалізаваны толькі ў тым выпадку, калі мы забяспечым згуртаванасць паміж пакаленнямі. 

«Перакананы, што наш міжнародны форум з’явіцца важным крокам ва ўмацаванні духоўна-маральных асноў, супрацоўніцтва ў імя захавання міру на планеце», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА
г. Брэст

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю