Top.Mail.Ru

Ігар Сергяенка: «Журналістыка выконвае адну з ключавых функцый па абароне інфармацыйнага суверэнітэту нашай краіны»

У Авальнай зале адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на лепшую творчую работу па асвятленні дзейнасці Палаты прадстаўнікоў.


На конкурс «Палата прадстаўнікоў у фокусе СМІ», які праводзіўся ўпершыню, былі прадстаўлены 186 работ з 81 сродку масавай інфармацыі. Плануецца, што конкурс будзе праводзіцца на пастаяннай аснове.

Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, большасць работ на конкурс была заяўлена рэгіянальнымі масмедыя. «Гэта асабліва актуальна ў кантэксце тых задач, якія паставіў перад журналістамі кіраўнік дзяржавы на форуме медыйнай супольнасці Беларусі ў Магілёве ў маі мінулага года», — адзначыў ён. 

Звяртаючыся да прысутных у Авальнай зале, сярод якіх — дэпутаты, кіраўнікі і супрацоўнікі СМІ, члены Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў, спікер нагадаў гісторыю гэтага гістарычнага месца, дзе нараджаюцца законы і пішацца гісторыя нашай дзяржавы.

«У ліпені 1938 года ў гэтай зале адбылася першая сесія Вярхоўнага Савета БССР, — праінфармаваў Ігар Сергяенка. — Тут у 1939 годзе было прынята рашэнне аб уз’яднанні беларускага народа і ўключэнні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР. Адсюль у 1941 годзе дэпутаты Вярхоўнага Савета першага склікання сыходзілі на фронт, у партызанскія атрады і гарадское падполле. Кожны пяты з іх загінуў ці знік без вестак».

Памяць аб сваіх гераічных папярэдніках шануюць сённяшнія дэпутаты — у фае Авальнай залы ўвекавечана памяць аб 94 дэпутатах Вярхоўнага Савета, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што ў Авальнай зале бярэ пачатак палітычная біяграфія Аляксандра Лукашэнкі як народнага дэпутата. У далейшым, па словах спікера, з гэтай трыбуны Прэзідэнт звяртаўся да беларускага народа і Парламента са штогадовымі пасланнямі. 

Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што цырымонія ўшанавання пераможцаў конкурсу на лепшую творчую работу па асвятленні дзейнасці Палаты прадстаўнікоў адбываецца напярэдадні святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі. «У гады Вялікай Айчыннай вайны друкаванае слова было магутнай зброяй у барацьбе з ворагам, крыніцай сілы і натхнення людзей на подзвіг, несла праўду аб тым, што адбывалася на франтах, — падкрэсліў ён. — У цяперашні час Беларусь зноў апынулася ў эпіцэнтры барацьбы за перадзел свету. І ва ўмовах вострага ідэалагічнага супрацьстаяння менавіта журналістыка выконвае адну з ключавых функцый па абароне інфармацыйнага суверэнітэту нашай краіны і прасоўванні мірнага, стваральнага парадку дня».

Звяртаючыся да медыйнай супольнасці, спікер канстатаваў, што парламентарыі, якія працуюць з журналістамі ў адным звязку, высока шануюць іх працу, уклад, які яны ўносяць у падтрыманне дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам, забеспячэнне народнага адзінства. Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў удзячнасць кіраўнікам СМІ, усім, хто працуе ў сферы сродкаў масавай інфармацыі, за сумленнасць, вернасць прафесіі, сапраўдную грамадзянскую пазіцыю, патрыятызм, увагу да парламенцкай дзейнасці і эфектыўнае супрацоўніцтва. «Наша канструктыўнае ўзаемадзеянне прыняло сістэмны характар, і стала плённым», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка.

Вераніка КАНЮТА.

Фота БелТА. 

  • Дыпломам Ι ступені конкурсу на лепшую творчую работу «Палата прадстаўнікоў у фокусе СМІ» ў намінацыі «Лепшы аўтарскі матэрыял у рэспубліканскіх друкаваных СМІ і сеткавых выданнях» узнагароджана рэдактар аддзела палітыкі рэдакцыі газеты «Звязда» Вераніка Канюта. За прафесійнае майстэрства, аб’ектыўнае і ўсебаковае асвятленне дзейнасці Палаты прадстаўнікоў журналісту аб’яўлена Падзяка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю