«Баграціён»: гістарычны вопыт праз прызму сучаснасці.
Іх тэма — «Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Стратэгічная наступальная аперацыя «Баграціён». Патрыятычна-асветніцкі праект, ініцыяваны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў з нагоды 80-годдзя Вялікай Перамогі, выйшаў за рамкі парламенцкага дыялогу. Ваенныя навукоўцы далучыліся да дэпутатаў і з афіцэрскага пункту гледжання паразважалі аб асаблівасцях планавання і рэалізацыі аперацыі «Баграціён», ролі партызан у яе ажыццяўленні, прывялі малавядомыя факты, падзяліліся ўласнымі сямейнымі гісторыямі, якія яшчэ раз пацвярджаюць, што няма той сям’і, якую б не закранула Вялікая Айчыннай вайна.
У размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА адзначыў, што месца правядзення чарговых парламенцкіх чытанняў было выбрана невыпадкова. «Ваенная акадэмія — гэта вядучая навучальная ўстанова краіны, якая ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў для Узброеных Сіл, унутраных войскаў, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Знаходзячыся ў акадэміі, мы прайшліся па класах і паглядзелі, якіх цяпер рыхтуюць афіцэраў. Сучасны бой — вядома, не бой Вялікай Айчыннай вайны. Сёння Ваенная акадэмія — гэта не толькі вядучая ваенная ВНУ краіны, але і вядучая кузня кадраў па шэрагу кірункаў. У першую чаргу па тэхнічных спецыяльнасцях займае вядучыя пазіцыі ў сістэме вышэйшай адукацыі нашай краіны. Тыя напрацоўкі, якія нараджаюцца тут, выкарыстоўваюцца далёка за межамі Міністэрства абароны».
Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігара МАРЗАЛЮКА, вайна — гэта заўсёды вайна інтэлектаў. «Мяняюцца толькі тэхнічныя магчымасці, і з тым, хто не паспявае за імі, адбываюцца вельмі сумныя рэчы, калі даходзіць да гарачай фазы канфлікту, — канстатаваў дэпутат. — Ваенная акадэмія імкнецца ісці ў нагу з часам, ідзе апераджальнымі тэмпамі. Кожны з гэтых хлопцаў — залаты фонд краіны, тыя, хто стварае прадукт, які дапамагае эфектыўна перамагаць».
Пры гэтым парламентарый падкрэсліў, што ў Беларусі абсалютна мірная палітыка. «Мы ні з кім не збіраемся ваяваць, але разам з тым павінны быць гатовы да любой сітуацыі, тым больш у цяперашні час — у эпоху постпраўды, посткаштоўнасцяў, калі абясцэньваецца чалавечае жыццё, паняцце міру, калі асобныя разумнікі заяўляюць, што ў ядзерным канфлікце трэба перамагчы, — удакладніў ён. — У нас ёсць свае сэнсы, свае каштоўнасці. І галоўная абсалютная каштоўнасць Беларусі — наша суверэнная краіна, якую мы не хочам падвяргаць ваеннай небяспецы. Для гэтага нам неабходны высакаякасныя Узброеныя Сілы, якія абапіраюцца на памяць, вопыт мінулых баявых дзеянняў. Разам з тым разумеем, што без адэкватнай падрыхтоўкі Узброеных Сіл — ад простага салдата да тэхналогій — немагчыма будзе эфектыўна абараняць сваю краіну».
Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.