Top.Mail.Ru

Сергяенка з рабочым візітам наведаў Віцебск

Ігар Сергяенка ўзяў удзел у 14-й сесіі абласнога Савета дэпутатаў, на якой абмеркавалі пытанні развіцця паўночнага рэгіёна. Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што па выніках мінулага года рэгіён заняў другое месца ў краіне па сацыяльна-эканамічным развіцці. Паспяхова працуе гандаль, тавары з Падзвіння карыстаюцца вялікім попытам. Асаблівай падставай для гонару з’яўляецца тое, што па выніках Года якасці хлеб «Каравай Прыдзвіння» і льняная пасцельная бялізна Аршанскага льнокамбіната ўдастоены Дзяржаўнага знака якасці. З мэтай устойлівага развіцця рэгіёнаў у рамках інвестпраграмы «Адзін раён — адзін праект» на тэрыторыі вобласці знаходзяцца ў распрацоўцы 35 праектаў, 12 з іх цалкам рэалізаваны, прычым дзевяць — летась.


У аснове — работа з насельніцтвам

«Асноўным кірункам дзейнасці дэпутатаў з’яўляецца, несумненна, работа з насельніцтвам. За перыяд работы 29 склікання падчас прыёмаў грамадзян да народных выбраннікаў звярнуліся амаль дзевяць тысяч чалавек, было праведзена 19,5 тысячы сустрэч у выбарчых акругах. З мэтай вырашэння праблемных пытанняў — медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання, уцягнення ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, і іншых — было праведзена 31 выязное пасяджэнне Саветаў дэпутатаў абласнога і базавага ўзроўняў»,адзначыў Дзмітрый Дзямідаў.

Праз год пасля выбараў цяперашняму складу абласнога Савета дэпутатаў удалося зрабіць нямала добрых спраў на карысць жыхароў роднай Віцебшчыны. Гэта шмат у чым стала магчымым дзякуючы дынамічнаму развіццю вобласці, якая ўпэўнена рухаецца наперад.

З мэтай павышэння мабільнасці дэпутатаў базавага ўзроўню летась было набыта 38 аўтамабіляў, у планах на бягучы год — папаўненне аўтапарка яшчэ 31 транспартнай адзінкай. 

Вялікую дапамогу дэпутатам у рабоце на месцах аказваюць старэйшыны населеных пунктаў, такую «пасаду» ў вобласці займаюць звыш 2000 чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Ігар Сергяенка пацікавіўся, якія «болевыя» кропкі ёсць у развіцці рэгіёна з улікам таго, што ў вядзенні сельскай гаспадаркі існуе шэраг праблем. Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што Віцебшчына з’яўляецца зонай рызыкоўнага земляробства, аднак у АПК рэгіёна імкнуцца рабіць акцэнт на тэхналогіі. Ён выказаў меркаванне, што ў аграрным сектары варта прырастаць і ў тэмпах, і ў аб’ёмах вытворчасці. Работнікі сельскагаспадарчай сферы шукаюць новыя падыходы, але новаўвядзенні даюць вынікі не адразу.

Цікавы вопыт і новыя формы

Старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан расказаў аб паспяховых прыкладах работы дэпутатаў на Лепельшчыне. Райсавет праводзіць актыўную работу па ўцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, — гэта значная дадатковая крыніца даходаў. 

Летась у раёне было прададзена 44 зямельныя ўчасткі на суму звыш 85 тысяч рублёў, тым самым каля васьмі гектараў зямель набылі новых гаспадароў і будуць прыведзены ў парадак. У 2024 годзе праз аўкцыёны прададзена восем дамоў на суму звыш 52 тысяч рублёў, 40 аварыйных збудаванняў былі знесены. Значную ролю ў аказанні паслуг насельніцтву і падтрымцы парадку на тэрыторыі раёна, а таксама з мэтай зніжэння нагрузкі на ЖКГ выконваюць чатыры камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы. Яны займаюцца ачысткай населеных пунктаў ад снегу, дэмантажом і рамонтам агароджаў, выдаленнем пустазельнай расліннасці, закупкай малака ў насельніцтва, ліквідацыяй стыхійных сметнікаў, уборкай збожжавых на асабістых падсобных гаспадарках.

Аб выніках работы Віцебскай абласной Асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў расказаў яе старшыня Віктар Дарожкін. Арганізацыя створана з мэтай аб’яднання дзейнасці мясцовых Саветаў усіх узроўняў, узаемадзеяння з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, вывучэння вопыту іншых рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Яе членамі з’яўляюцца дэпутаты Віцебшчыны, якія маюць жаданне ўдзельнічаць у гэтай рабоце. Адзін з кірункаў дзейнасці асацыяцыі — рэалізацыя праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. 

Летась на Віцебшчыне было рэалізавана 16 такіх праектаў, сярод іх: рамонт і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, месцаў баявой славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, стварэнне дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак у малых гарадах, набыццё электравеласіпедаў для работнікаў сферы сацыяльнага абслугоўвання і шэраг іншых. Сёлета для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне грантаў ужо накіравана звыш 70 праектных заявак з усіх рэгіёнаў, на падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў у гэтым годзе плануецца накіраваць не менш за 400 тысяч рублёў.

Падводзячы вынікі 14-й сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, Ігар Сергяенка адзначыў, што падчас інаўгурацыі Прэзідэнт пазначыў асноўныя арыенціры і задачы ў развіцці краіны, якія ў тым ліку адносяцца і да рэгіёнаў. «Агульныя кірункі, як сказаў кіраўнік дзяржавы, — гэта традыцыі, працавітасць і тэхналогіі», — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў і дадаў, што канкрэтна паўночнаму рэгіёну ў сваім развіцці неабходна звярнуць увагу на некалькі аспектаў.

Увага — на камфорт людзей

Па-першае, якасць дарожнай сеткі, асабліва мясцовага значэння. Спікер зазначыў, што за апошнія гады ў Беларусі гэта пытанне ўжо добра прапрацавана, аднак у некаторых раёнах людзі дагэтуль маюць праблемы з хуткім перамяшчэннем. 

Дарэчы, у найбліжэйшыя пяць гадоў на тэрыторыі вобласці плануюць адрамантаваць звыш 800 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння. Другой праблемнай сферай з’яўляецца транспартнае абслугоўванне, са зваротамі па гэтай тэме да дэпутатаў прыходзяць людзі амаль у кожным раёне. 

Вырашэнне праблемы знаходзіцца ў абнаўленні і папаўненні транспартнага парка вобласці, аднак гэта нельга зрабіць адначасова.

«Яшчэ адзін важны для насельніцтва аспект — мадэрнізацыя і павелічэнне магутнасцяў электрасетак, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе насельніцтва больш актыўна стала падключаць электракатлы для ацяплення. Гэта пытанне знаходзіцца на кантролі профільнага міністэрства, але дэпутаты могуць дапамагчы вызначыць, дзе больш за ўсё маюць патрэбу ў такіх паслугах», — сказаў Ігар Сергяенка.

Нямала зваротаў, па словах спікера, звязана з работай сістэмы ЖКГ. І ў Год добраўпарадкавання асабліва важна далучаць да навядзення парадку на зямлі не толькі адказныя арганізацыі, але і саміх жыхароў вобласці. Праблемным застаецца і аграпрамысловы сектар паўночнага рэгіёна. Тут улады павінны прыняць меры па паляпшэнні сітуацыі, асабліва ў жывёлагадоўлі. У ліку перспектыўных кірункаў для Віцебшчыны Старшыня Палаты прадстаўнікоў назваў больш актыўнае развіццё турызму, а канкрэтна — стварэнне круглагадовых здраўніц, якія карыстаюцца попытам не толькі ў беларусаў, але і ў замежных гасцей.

«Мы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, цалкам зацікаўлены ў тым, каб зрабіць паўночны рэгіён яшчэ лепшым, і плячо ў плячо з Саветамі дэпутатаў працуем на карысць Віцебшчыны», — заключыў Ігар Сергяенка.

Адкрыты дыялог

У гэты дзень Старшыня Палаты прадстаўнікоў наведаў флагман харчовай прамысловасці рэгіёна кандытарскую фабрыку «Віцьба», азнаёміўся з вытворчасцю і тэхналагічнымі працэсамі, а таксама сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства. Работнікі цікавіліся, якія новыя знешнія пагрозы могуць з’явіцца ў адносінах да нашай краіны, па якім курсе будзе развівацца Беларусь.

«Прадукцыя прадпрыемства даволі запатрабавана не толькі на прылаўках айчынных крам, але і за мяжой. Каля 25% яе рэалізоўваецца ў Расіі, Кітаі і іншых краінах. Віцебскі вытворца прыкладае ўсе намаганні не толькі для забеспячэння якасці кандытарскіх вырабаў, але і клапоціцца аб прывабнай упакоўцы», — даў ацэнку работы фабрыкі Ігар Сергяенка.


Фота БелТА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю