Top.Mail.Ru

Сергяенка: «Задача парламента — забяспечыць дакладную рэалізацыю курса, абазначанага лідарам нашай краіны»

Пасля канкрэтных установак спікера на далейшую работу старшыні камісій праінфармавалі аб ходзе падрыхтоўкі законапраектаў, якія знаходзяцца ў Палаце прадстаўнікоў, агучылі перспектывы заканатворчай дзейнасці. Акрамя таго, дэпутаты зацвердзілі Палажэнне аб Маладзёжным савеце пры Палаце прадстаўнікоў, азнаёміліся з планам правядзення парламенцкіх чытанняў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, канкрэтызавалі прапановы мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года добраўпарадкавання.


У прыярытэце — заканадаўчая дзейнасць 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА акцэнтаваў увагу на тым, што кіраўніком дзяржавы ў ходзе нядаўніх нарад пастаўлены шэраг задач. 

«У красавіку адбудзецца чарговае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу, дэлегатамі якога з’яўляюцца ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, — канстатаваў ён. — Безумоўна, ключавой падзеяй будзе зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь са штогадовым Пасланнем да парламента і беларускага народа, у якім кіраўнік дзяржавы расставіць акцэнты ва ўнутранай і знешняй палітыцы краіны. І задача парламента, як і ўсіх галін улады, — забяспечыць дакладную рэалізацыю курса, абазначанага лідарам нашай краіны».

Праанансавана, што падчас УНС урад зробіць справаздачу аб выкананні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, а таксама акрэсліць контуры стратэгіі на наступную пяцігодку. «Мы павінны падысці да гэтага мерапрыемства падрыхтаванымі, з бачаннем тых напрамкаў, у якія можам унесці свой уклад», — даручыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. Ён адзначыў, што асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяляе пытанням эканомікі, інвестыцыйнага патэнцыялу краіны, падтрымцы бізнесу, пытанням рэгулявання цэнавай палітыкі. 

Спікер падкрэсліў, што ў завяршальны год пяцігодкі трэба прыкласці ўсе намаганні для дасягнення ўстаноўленых параметраў. І задача дэпутацкага корпуса, па яго словах, — унесці ў гэта годны ўклад.

«Найперш гэта тычыцца заканадаўчай дзейнасці, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Усе законапраекты эканамічнага блока павінны ствараць неабходныя ўмовы для стварэння зразумелых правіл паводзін удзельнікаў на аснове прынцыпу справядлівасці, зніжэння залішняй зарэгуляванасці, развіцця бізнесу, дэкрыміналізацыі эканамічных рызык. Іх трэба падрыхтоўваць у максімальна кароткія тэрміны з шырокім прыцягненнем зацікаўленых, каб забяспечыць дасканалую прапрацоўку наступстваў прыняцця прававых актаў».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў з жалем заўважыў, што маюць месца сітуацыі, калі, нягледзячы на вялікую праведзеную працу, законы слаба або недастаткова працуюць. Размова ідзе аб несвоечасовым прыняцці ў іх развіццё падзаконных актаў.

«З ліпеня 2024 года застаюцца нерэалізаванымі на падзаконным узроўні палажэнні Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, які быў запатрабаваны і аб актуальнасці якога казалі, напэўна, усе, — прывёў прыклад ён. — А на практыцы непрыняцце гэтых падзаконных актаў не дае магчымасці ў поўным аб’ёме прымяняць яго нормы. Кодэкс чакалі на месцах, ён павінен быў спрасціць шмат якія працэсы. Напрыклад, у адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 24 Кодэкса мясцовым органам улады дазваляецца размяшчэнне аб’ектаў з адступленнем ад зацверджанага горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў. А парадку да гэтага часу няма». 

Адным са шляхоў рашэння, на думку спікера, бачыцца максімальнае напаўненне законаў нормамі прамога дзеяння. «Акрамя таго, старшыні камісій павінны трымаць на кантролі рэалізацыю заключных палажэнняў падрыхтаваных імі законаў, цесна ўзаемадзейнічаць па гэтых пытаннях з профільнымі міністэрствамі, — паставіў задачу Ігар Сергяенка. — У адваротным выпадку нават своечасовае прыняцце заканадаўчых рашэнняў не забяспечыць неабходнае рэгуляванне гэтых адносін».

З рэальнай практычнай карысцю 

У такім жа ключы дэпутатам даручана весці работу па вывучэнні правапрымяняльнай практыкі. Пастаўлена задача — выходзіць на канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблемных пытанняў.

І падобны вопыт дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ужо маюць.. У сакавіку запланавана правядзенне семінара па пытаннях практыкі прымянення зямельнага заканадаўства. «Мерапрыемства павінна быць падрыхтавана на высокім узроўні і мець рэальную практычную карысць», — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Самую сур’ёзную ўвагу, па яго словах, неабходна надаваць рабоце па маніторынгу цэн. «Гэта работай дэпутаты падчас работы ў акругах займаюцца, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — На нядаўняй нарадзе па цэнаўтварэнні кіраўніком дзяржавы пастаўлены жорсткія патрабаванні адносна справядлівага падыходу да фарміравання цэн на плодаагароднінную прадукцыю (бульбу, агуркі, памідоры), лекі і адзенне — гэта тое, што найбольш хвалюе сёння нашых людзей. Таму яшчэ раз хацеў бы звярнуць увагу на пастаянны сістэмны ўдзел дэпутатаў у маніторынгу цэн у сваіх акругах».

У ходзе праведзенага 21 лютага ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці семінара па сельгастэматыцы Прэзідэнт паставіў задачу пракантраляваць утрыманне жывёл на малочнатаварных комплексах, а таксама падрыхтоўку да вясенне-палявых работ. «Гэта задача пастаўлена непасрэдна памочнікам, упаўнаважаным Прэзідэнта па абласцях, — канкрэтызаваў спікер. — Але рэкамендавана ў гэтай рабоце задзейнічаць патэнцыял вядучых спецыялістаў НДІ Мінсельгасхарча, а таксама дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія маюць досвед працы кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый і сельгасраёнаў. Такую практыку мы пачынаем ужо прымяняць». Па словах спікера, дэпутаты не павінны заставацца ў баку ад гэтых пытанняў, асабліва калі яны працуюць у сельскіх выбарчых акругах. 

Голас моладзі і патрыятычнае выхаванне 

Дэпутаты зацвердзілі Палажэнне аб Маладзёжным савеце пры Палаце прадстаўнікоў. Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый МАЛАШКА, гэта будзе грамадска-кансультатыўны орган. «Сама пабудова Маладзёжнага савета будзе адбывацца па новых прынцыпах, — расказаў ён. — Малады чалавек будзе вылучацца з кожнай дэпутацкай акругі. Дэпутат, які працуе ў гэтай акрузе, будзе выступаць настаўнікам гэтага маладога чалавека. Усё тое, што будзе адбывацца ў плане грамадска-палітычнага жыцця ў межах дэпутацкай акругі, у маладзёжных калектывах, будзе агульнай справай як дэпутата, так і маладога чалавека, які будзе вылучаны рашэннем абласнога выканаўчага камітэта».

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК расказаў аб далейшых планах на парламенцкія чытанні, якія па ініцыятыве дэпутатаў арганізаваны з нагоды 80-годдзя Вялікай Перамогі. Першыя парламенцкія чытанні на гэту тэму ў лютым адбыліся ў Нацыянальным мастацкім музеі. Наступныя мерапрыемствы запланаваны ў Азарычах, на Лініі Сталіна, на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць — герой». 

Сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі Палатай прадстаўнікоў запланавана правядзенне акцыі «Беларусь памятае», якая будзе прысвечана адлюстраванню Вялікай Перамогі ў беларускай літаратуры. 

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю