Абітурыентаў, якія набралі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, ушаноўвалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, перадае БелТА.
Сертыфікаты з максімальным вынікам урачыста ўручылі больш чым 40 выпускнікам. Таленавітых дзяцей, іх педагогаў і бацькоў, якія таксама сталі гасцямі свята, павіншаваў першы прарэктар ГрДУ Аляксандр Карэўскі. «Наперадзе ў вас насычанае студэнцкае жыццё, новыя поспехі. Не змяншайце тэмп, прыкладвайце ўсе намаганні, каб і ў ВНУ быць у першых шэрагах», — даў наказ ён моладзі.
Стабальнікі прымалі віншаванні і ахвотна дзяліліся ўражаннямі і планамі. Як расказала выпускніца сярэдняй школы ў в. Вялікія Эйсманты ў Бераставіцкім раёне Анастасія Станеўская, высокіх вынікаў ёй дапамаглі дамагчыся падтрымка бацькоў і педагогаў. «Ад усіх адчувала разуменне, гатоўнасць дапамагчы, школа заўсёды бачыла наш патэнцыял, дапамагала яго раскрыць. І па-чалавечы было вельмі прыемна, калі настаўнікі пыталіся не толькі пра вынікі, але і пра тое, як сябе адчуваю, давалі парады», — сказала дзяўчына.
Выпускнік гімназіі № 1 Гродна Фёдар Палішчук лічыць, што поспех на цэнтралізаваных іспытах стаў вынікам шматгадовай агульнай працы настаўнікаў, бацькоў і вучняў. Дасягнуць яго было няпроста, падкрэсліў малады чалавек, але цяпер ён матывуе рухацца далей і працягваць адукацыю з усёй адказнасцю.
«Матэматыка — адзін з маіх любімых прадметаў, — падзяліўся выпускнік Гродзенскай гімназіі № 7 Глеб Кішкель. — Падабаецца ўсё, што звязана з ёй. Два гады наведваў цэнтр даўніверсітэцкай адукацыі ў ГрДУ імя Я. Купалы, старанна рыхтаваўся самастойна. Цяпер, з высокім вынікам, лічу, што ўсе старанні цалкам апраўданыя».
У дні цэнтралізаванага тэсціравання ў Гродзенскай вобласці выканана 7462 тэсты, з іх на ЦТ у ГрДу імя Янкі Купалы напісана 3519 тэстаў. 49 удзельнікаў ЦТ у Гродзенскай вобласці атрымалі найвышэйшы бал па выкананых прадметах.