Кусаюць менш, чым летась
З пачатку гэтага года ў краіне зарэгістравана больш за 1,8 тысячы выпадкаў укусаў кляшчоў, у тым ліку каля 700 — сярод дзяцей. Гэта амаль у паўтара раза менш за аналагічны перыяд мінулага года, што не можа не радаваць. Спецыялісты не прагназуюць істотнага павелічэння колькасці гэтых крывасмокаў падчас усяго сёлетняга сезону актыўнасці, аднак ведаць асноўныя меры перасцярогі ўсё ж неабходна.
Не ўсе ўкусы кляшча, як вядома, заканчваюцца захворваннем. Як паведаміла ўрач-эпідэміёлаг супрацьэпідэмічнага аддзялення аддзела эпідэміялогіі «Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Анастасія ГАРБАЧОВА, за 4 месяцы гэтага года па канчатковых дыягназах было зарэгістравана больш за 10 выпадкаў клешчавага энцэфаліту і каля 200 выпадкаў лайм-барэліёзу.
Адметна, што ў двух рэгіёнах — Гомельскай і Магілёўскай абласцях — паказчыкі колькасці кляшчоў у прыродных пунктах назірання ўзраслі, але не перавысілі сярэднерэспубліканскі ўзровень. У астатніх — былі ніжэйшымі або засталіся на ўзроўні мінулага года. Зніжэнне колькасці зваротаў з нагоды ўкусаў кляшчамі зафіксавана ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Гомельскай вобласці. У 70 % выпадкаў напады кляшчоў адбываліся ў лясной зоне, сельскай мясцовасці і на сядзібных участках, амаль у 20 % — у межах горада і лесапаркавых зонах адпачынку населеных пунктаў.
Найбольш эфектыўным метадам абароны ад клешчавога энцэфаліту застаецца вакцынацыя. Цяпер у нашай краіне прымяняюцца вакцыны расійскай і бельгійскай вытворчасці. Правядзенне прафілактычных прышчэпак ажыццяўляецца на бясплатнай аснове пэўным катэгорыям грамадзян, сярод іх работнікі, звязаныя з выкананнем лесанарыхтоўчых, будаўнічых і іншых работ, пры якіх магчыма рызыка заражэння.
Правядзенне прафілактычных прышчэпак супраць клешчавога энцэфаліту магчыма і за кошт уласных сродкаў. Адметна, што толькі за 2025 год колькасць такіх ахвотных вырасла больш як у два разы. Вакцынацыя ўключае ў сябе курс з двух прышчэпак з наступнай рэвакцынацыяй праз год, што забяспечвае надзейную абарону на працяглы час. Для падтрымання імунітэту рэкамендуецца праводзіць рэвакцынацыю кожныя 3-5 гадоў у залежнасці ад інструкцыі вытворцы. Пачынаць вакцынацыю неабходна загадзя — увосень ці зімой. Пры гэтым вакцынацыя не гарантуе абсалютную абарону ад захворвання на клешчавы энцэфаліт і асабліва на Лайм-барэліёз, а толькі спрыяе зніжэнню цяжару клінічных сімптомаў.
Таму лепш папярэдзіць кантакт з гэтымі крывасмокамі. Пры наведванні лясных і паркавых зон варта апранаць светлае аднатоннае адзенне, максімальна закрываць рукі, ногі, апранаць галаўныя ўборы, выкарыстоўваць адпужвальныя сродкі і рэпеленты, у тым ліку для жывёл, праводзіць агляды адзення і цела. Таксама рэкамендуецца ўтрымліваць у здавальняючым стане дачны ці прысядзібны ўчастак — праводзіць работы па яго добраўпарадкаванні, касіць траву, праводзіць высечку непатрэбных кустоў.
Алена КРАВЕЦ