Top.Mail.Ru

Сезон палявання на мядзведзяў адкрыты ў вызначаных паляўнічых гаспадарках Беларусі з 1 ліпеня

Такое ўнушальнае відовішча — больш за дзясятак бурых мядзведзяў, якія адначасова знаходзяцца ў полі зроку, — раней здаралася хіба што на Камчатцы падчас масавага нерасту ласося. Цяпер гэта стала рэальнасцю для поўначы Беларусі: летась на полі плошчай 5 гектараў за вёскай Стайкі ў Віцебскім раёне праз цеплавізар паляўнічыя налічылі ажно 11 мядзведзяў, якія ласаваліся збожжам малочнай спеласці.


Статус — бінарны

Аб тым, што жывёлы павінны мець права на жыццё, і ў пытаннях адносін да іх усё павінна быць па законе, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў у час прызначэння міністрам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Максіма Лысенкі. Але, клапоцячыся пра прыроду, найперш трэба ўлічваць пытанні бяспекі людзей, вядзення гаспадарчай дзейнасці. Наспела неабходнасць разумнага рэгулявання колькасці бурага мядзведзя, які занадта распладзіўся. Таму, у адпаведнасці з прэзідэнцкім указам, з мінулага года дазволена паляванне на мядзведзяў. Яны набылі бінарны статус: не выключаны з Чырвонай кнігі, адначасова з тым аднесены да жывёл нарміруемых відаў, на іх дазволена паляваць у асобым, абмежаваным, рэжыме. 

Падчас прамой лініі, што адбылася ў студзені бягучага года ў Выдавецкім доме «Беларусь сегодня», намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сцяпан Гузней паведаміў, што, па даных вучоных, колькасць папуляцыі мядзведзя ў Беларусі з 2021 па 2024 гады павялічылася з 580 да 913 асобін. У Віцебскай вобласці сканцэнтравана каля 74 % з іх. 


Бліжэй да людзей

Рост колькасці гэтых жывёлін красамоўна пацвярджаюць нярэдкія выпадкі сутыкненняў людзей з касалапымі. Мінулай восенню малады мядзведзік бегаў у Віцебску, гэтай вясной іншы заблукаў у Глыбокае, яшчэ адзін бег за дачнікам у Шумілінскім раёне. Часцей людзі сутыкаюцца не з самімі жывёлінамі, а са слядамі іх прысутнасці: пашкоджаныя сельскагаспадарчыя пасевы, разбураныя пасекі...

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што не ўсе фота і відэа, што карыстальнікі выкладваюць у сеціве пад выглядам зробленых «учора» ў знаёмых беларусам лакацыях, праўдзівыя. Многія — фэйкавыя, для прыцягнення ўвагі і павышэння праглядаў. Але нямала і зробленых здалёку або з машын. 

Страшна — і нездарма: мядзведзь вельмі дужы, хуткі, смелы і непрадказальны звер, бяззбройны чалавек супраць яго бяссільны. На шчасце, трагічных выпадкаў з удзелам касалапых не зафіксавана, але непакоіць, што яны сталі выходзіць з натуральнага асяроддзя бліжэй да людзей. 

— Гэта звязана з пошукамі мядзведзямі ежы, а ад чалавечага жытла ёю пахне, — тлумачыць паляўніцтвазнавец паляўнічай гаспадаркі Віцебскага раёна БТПР Аляксей Бяляеў. — Іх нюх дазваляе ўлоўліваць пах ежы па ветры на некалькі кіламетраў. Вясною, калі яшчэ бедная расліннасць, а касалапым трэба кампенсаваць страчаныя за зімоўку запасы, яны як усёедныя звяры не грэбуюць маладняком іншых жывёл. На жаль, апошнія гады мы назіраем карціну, калі самкі капытных ходзяць па лесе без прыплоду — няцяжка здагадацца, чыёй ахвярай сталі іх малыя. Такім чынам, драпежнікі — прычына магчымага прыроднага дысбалансу. 

Пакуль у лесе не дастаткова разнастайнай ежы, ягад, грыбоў, мядзведзі, асабліва самкі з патомствам або маладняк, які адлучылі ад сябе мамкі, але які яшчэ не валодае трывалымі паляўнічымі навыкамі, шукаюць лёгкую ежу, набліжаюцца да людзей. Не сакрэт, што многія вяскоўцы выкідваюць усялякія абрэзкі, рэшткі прадуктаў на сметнікі. Забяспечвайце надзейную ўтылізацыю харчовых адходаў, бо бурым ад іх смачна пахне, чаму б не пасталавацца?


Падлашчвацца забаронена!

Страшны і адначасова кур’ёзны выпадак здарыўся колькі гадоў таму ў тым жа Віцебскім раёне. Адзін з вяскоўцаў заўважыў, што да яго сядзібы панадзіўся хадзіць мядзведзь. Яшчэ невялікі, на задніх лапах ніжэйшы за самога мужчыну. Па дабрыні душэўнай мужычок час ад часу стаў пакідаць мішку ласункі: кавалак хлеба з варэннем, вараную бульбіну ці супчык у місцы. Аднаго разу, будучы нападпітку, «карміцель» заўважыў знаёмую калматую постаць і папрасіў таварыша сфатаграфаваць яго з мядзведзікам на памяць. Наіўны мужчына вырашыў, што пасябраваў з дзікім зверам, калі ўжо той прымае пачастункі. Хісткай хадою рушыў да Патапавіча. Не дайшоў: абураны такой бесцырымоннасцю, лясны госць напаў, памяў косці і падрапаў бясстрашнага нахабніка. Ды так, што таго прыйшлося лячыць у бальніцы. Выснова: не лашчыцеся да мядзведзяў! Хоць звер не надта агрэсіўны адносна чалавека, гэта далёка не тая мілая жывёлінка, уяўленне пра якую некаторыя склалі па казках і мультфільмах. 

Вельмі небяспечна ладзіць самастойныя начныя засады з петардамі на дзікага звера, як практыкуюць пчаляры для абароны сваіх пасек. Невядома, куды кінецца спужаны гукам стрэлаў мядзведзь — прэч альбо на чалавека. 

Тое, што шуму, асабліва калі чуе яго не ўпершыню, мядзведзь не баіцца, пацвярджае наступны выпадак. Жыхары аграгарадка Мікіціха Шумілінскага раёна белым днём знялі на камеру тэлефона малое медзведзяня, якое разгублена кідалася на агароджу мясцовай дзіцячай установы адукацыі ў самым цэнтры аграгарадка. Дарэчы, гэты населены пункт з насельніцтвам пад 900 чалавек размяшчаецца паміж чыгункай і ажыўленай аўтатрасай. Вядома, медзведзяня было не адно, дзесьці побач блукала і яго маці. Магчыма, малога якраз і спужаў гук тэхнікі, таму ён дэзарыентаваўся і згубіўся, а можа, касалапае сямейства прыцягнуў нейкі смачны пах. Аднак зразумела: мядзведзі бліжэй да нас, чым мы думае. 

Дзе шукаць абароны

Пра разумнае ўстрыманне хадзіць у грыбы і ягады гаворана не раз. А як жа дзейнічаць, калі вы сутыкнуліся з мішкам непадалёк ад сваёй хаты? Найперш схавацца, стараючыся не прыцягваць яго ўвагі. Затым паведаміць аб з’яўленні мядзведзя ў РАНС або РАУС. Пры райгарвыканкамах дзейнічаюць кампетэнтныя камісіі, якія ўпаўнаважаныя прымаць рашэнні не толькі аб дапамозе пацярпелым дзікім жывёлам, але і аб прыманні экстранных мер для абароны насельніцтва, аж да выдалення небяспечнага звера. 

— На практыцы гэта азначае, што карыстальнікі паляўнічых угоддзяў, дарэчы, імі з’яўляецца не толькі БТПР, па просьбах мясцовых органаў кіравання і жыхароў населеных пунктаў арганізуюць шумавыя прагоны паблізу ад населенага пункта, дзе заўважаны небяспечныя звяры, — зазначае старшыня абласной аргструктуры РДГА «БТПР» Алег Гарбачэўскі. — Але тут мы сутыкаемся з заканадаўчымі абмежаваннямі. Так, нельга знаходзіцца з расчахлёнай і зараджанай зброяй у населеных пунктах і на адлегласці да 200 метраў ад іх, а далей гэта дазволена толькі пры наяўнасці паляўнічай пуцёўкі. Выходзіць, удзельнікі шумавога прагону рызыкуюць падняць мядзведзя, калі самі яны «ўзброены» толькі петардамі і, па сутнасці, нічым не абаронены. 

Сумненне выклікае і прадукцыйнасць такіх прагонаў, закліканых напужаць і адагнаць звера ад вёскі. Мядзведзі — мабільныя жывёлы, на час прагону яны могуць знаходзіцца далёка ад месца, адкуль яго наважваюцца адагнаць. Да таго ж, яны хутка прывыкаюць да моцных гукаў. Таму рашэнне аб выдаленні гэтых звяроў для патэнцыяльнай абароны людзей — адзінае выйсце. 

Рэгуляванне колькасці 

Другі год запар у перыяд з 1 ліпеня па 31 снежня ў Беларусі адкрыты сезон палявання на бурага мядзведзя ў асаблівым рэжыме. Вызначаны пералік паляўнічых гаспадарак БТПР, дзе можна здабываць на гэтых жывёл: Віцебская, Глыбоцкая, Гарадоцкая, Докшыцкая, Лёзненская, Аршанская, Ушацкая Віцебскай вобласці і Барысаўская Мінскай, дзе ўлічана 445 асобін. Да здабычы запланавана 35 з іх. Летась было здабыта 39 мядзведзяў.

Важна разумець, што дазвол на здабычу касалапых строга рэгламентаваны і забараняе абы-каму брацца за ружжо і страляць направа і налева. Ён рэалізоўваецца з дапамогай правядзення штотыднёвых розыгрышаў на права ўдзелу ў паляванні або правядзення паляўнічых тураў. Кошт дазволу на здабычу адной асобіны любога полу і ўзросту ўстаноўлены ў 1 тысячу і 6 тысяч рублёў адпаведна. Працягласць палявання ў першым выпадку складае тры дні, у другім — на працягу сезона. Кошт паляўнічай пуцёўкі для членаў БТПР складае 40 рублёў, для іншых грамадзян Беларусі павышаецца ў два разы. 

Паляўнічы павінен мець адпаведны стаж працягласцю не менш за тры гады, шэраг патрабаванняў неабходна захаваць адносна зброі і патронаў. Паляванне арганізуе кіраўнік са штату мясцовай аргструктуры карыстальніка паляўнічых угоддзяў, яго прысутнасць у працэсе абавязковая. 

Простая арыфметыка

Самі паляўнічыя як тыя, хто закліканы забяспечваць бяспеку насельніцтва ад дзікіх звяроў і захоўваць біялагічную разнастайнасць беларускай фаўны (нагадаем: мядзведзі, якія надта распаўсюдзіліся, знішчаюць маладняк капытных), лічаць: працэдура атрымання дазволу на здабычу мядзведзяў і «калямядзведжыя» мерапрыемствы павінны быць больш простымі і гнуткімі. Пры гэтым яны кіруюцца далёка не крыважэрнасцю, а логікай. 


Падлічым разам, хаця б прыблізна: зараз ва ўгоддзях, дзе дазволена паляванне, налічваецца 445 мядзведзяў. Чвэрць з іх, прыкладна 110, — самкі прадуктыўнага ўзросту. Дарэчы, мядзведзіца прыносіць патомства адзін раз на два-тры гады, таму не памылімся, калі падзелім 110 на тры. Атрымліваецца: штогод нараджаюць малых каля 36 мядзведзіц. Па назіраннях відавочцаў, кожная з іх водзіць па два-тры мядзведзікі. Калі 36 памножыць на мінімальнае два, атрымліваецца штогадовае павелічэнне мядзведжага «пагалоўя» ў 72 асобіны. Нават калі ад гэтай лічбы адняць 35 запланаваных сёлета да здабычы, атрымліваем прырост касалапых у 37 асобін. 

— Пару тыдняў таму мы адправіліся на начное паляванне на кабана, — прывёў прыклад Аляксей Бяляеў. — За чатыры гадзіны знаходжання ў лесе не сустрэлі ні аднаго дзіка, казулі ці лася, але, праехаўшы каля 20 кіламетраў, праз цеплавізар налічылі ажно 18 мядзведзяў. У нашых паляўнічых угоддзях яны сканцэнтраваны ў Суражскай зоне, хоць пры ўключэнні паляўнічай гаспадаркі ў пералік тых, дзе дазволена паляванне, у разлік бярэцца ўся яе плошча. З падобнай прычыны іншыя раёны не дацягнулі да дазволу на здабычу звера. 

Штотыдзень ад жыхароў розных раёнаў паступаюць паведамленні аб небяспечнай блізкасці мядзведзяў да населеных пунктаў. Менавіта паляўнічыя вымушаны рэагаваць, выязджаць на шумавыя прагоны, а таварыства ўсё ж дзяржаўна-грамадская арганізацыя, члены якой занятыя на асноўнай рабоце. Сабраць групу, ажыццявіць выезд за дзясяткі кіламетраў, — гэта час, сродкі, намаганні. 

Ёсць пра што задумацца, каб знайсці залатую сярэдзіну паміж захаваннем насельнікаў Беларусі — і людзей, і мядзведзяў. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю