Top.Mail.Ru

Сезонныя сельскагаспадарчыя кірмашы — прыкмета гарадской восені. Гэта добрая магчымасць зрабіць запасы на зіму

Нават у дажджлівае надвор’е на сезонных кірмашах у Мінску шмат наведвальнікаў. І гэта зразумела: сельгаспрадпрыемствы і фермеры клапатліва прывезлі пераборлівым гараджанам свежы ўраджай — практычна з дастаўкай на дом. Да таго ж такія кірмашы — не толькі пра «зрабіць запасы». Гэта яшчэ і магчымасць камунікацыі.


Калі, напрыклад, пенсіянеру або маладой матулі ў дэкрэце па тых ці іншых прычынах самотна і няма з кім пагаварыць — у выхадны дастаткова проста дайсці да бліжэйшага сельгаскірмашу (а яны зараз разгарнуліся ва ўсіх раёнах сталіцы і абласных цэнтраў). І вось вам стасункі, магчымасць падзяліцца ўласным меркаваннем і атрымаць мноства каштоўных парад па самых розных пытаннях.


«Найлепшы выбар для патэльні»

Але спачатку — усё ж пра запасы. І пачнём з другога хлеба, якім прынята запасацца на доўгую зіму менавіта на такіх гандлёвых пляцоўках. У сярэднім кошт за кілаграм бульбы тут — ад рубля да рубля 20 капеек. Прапаноў сёлета вялікая колькасць, як і выбар сартоў («скарб», «каралева ганна», «сарая», «балтык роўз», «кронас», «мастак», «першацвет» і г. д.). Прапануюцца і разварыстыя, і салатныя варыянты. У канкурэнцыі дапамагае рэклама, і некаторыя прадаўцы (яны ж вытворцы) пускаюць яе ў ход. Напрыклад, юная фермерка з Брэсцкай вобласці (прыехала на кірмаш разам з бацькамі) да кожнага сорту бульбы дадала кароткае, ёмістае апісанне: «Таўкач не патрэбен»; «Найлепшы выбар для патэльні»; «Для душы і для стала»... Бульбу можна набыць і па кілаграме, але часцей прапануюць адразу сеткамі. Ад дзвюх сетак (кожная 37-38 кг) — бясплатна даставяць дадому пакупніку.


Зрэшты, калі дзве — замнога, можна звярнуцца да валанцёраў з БРСМ: хлопцы і дзяўчаты ў ярка-пунсовых камізэльках з лагатыпам «Добрае сэрца» дапамагаюць данесці пакупкі да прыпынку транспарту або да асабістага аўто пакупніка і загружаюць у багажнік. У першую чаргу сфера іх адказнасці — пажылыя людзі і інваліды: ім самыя цяжкія пакупкі (напрыклад, бульбу) валанцёры нават прывозяць дадому.

А набраць сапраўды хочацца пабольш: цэны на гародніну ў гэтым годзе — здаецца, такіх ужо не бывае. Пакупнікі лічаць капейкі, за якімі ў іншы час, магчыма, паленаваліся б нагінацца, калі тыя раптам рассыплюцца. Мяркуйце самі: морква — буйная, цвёрдая і сакавітая — па рублі за кілаграм, буракі — 1,50; кошт памідораў стартуе ад двух рублёў (гэта не грунтавыя). І калі вам, паненцы «на дэфіцыце калорый» або класічнаму студэнту, што жыве на стыпендыю, патрэбны, напрыклад, некалькі моркавак, адзін бурачок або некалькі памідорак, вы атрымаеце іх літаральна задарма. Але большасць пакупнікоў набываюць тут садавіну-гародніну мяшкамі і сеткамі: у краме звычайна даражэй, ды і гародніна-садавіна з гіпермаркетаў — не тое, што свежая фермерская прадукцыя «з градкі — на стол».


«Таматны» год

Гэты год адназначна ўвойдзе ў гісторыю як «памідорны» і «перцавы»: менавіта цяпер таматаў-перцаў трэба наядацца ў запас. Прапановы па памідорах уражваюць — класічныя чырвоныя самых розных памераў і формаў, малінавыя, ружовыя, чорныя, жоўтыя, аранжавыя, паласатыя, і нават чорныя зверху — ружовыя ўнутры або зялёныя зверху — пунсовыя ўнутры... Кошт, як ужо гаварылася, стартуе ад 2-2,5 рубля. Сярэдняя цана — прыкладна 3,5 рубля. Але ёсць памідоры і па 6 (чэры) і нават 8 рублёў за кіло — тыя, што падобныя на экзатычную садавіну. 

Дарэчы, карыстаюцца попытам: чаму б сябе не папесціць?

І салодкі перац кожнаму па кішэні. Калі зімой мы куплялі адзін імпартны салодкі перчык, які завешваў 5 рублёў, то сёння кіло выдатных таўшчэзных ярка-пунсовых перцаў, што выраслі на Гродзеншчыне або Брэстчыне (між іншым, гэтая гародніна па ўтрыманні вітаміну С абганяе цытрусавыя), — усяго 4-4,5 рубля за кілаграм. Наш традыцыйны, зялёненькі танкасценны, яшчэ таннейшы — парадку 3 рублёў за кіло. Пякучы перчык, праўда, даражэй — 8-10 рублёў за кілаграм (але ж хто яго есць кілаграмамі?), часнок — у тую ж цану. А вось белакачанная капуста — усяго 1,20, брокалі і цвятная — па 4,50. Агуркі стартуюць ад трох рублёў, гарбуз — ад 2,50 (варыянты розныя — аранжавы, жоўты, зялёны зверху — охравы ўнутры...). Тапінамбур — «Аддам за 2,50. А ведаеце, забірайце ўвесь па 2».

За кіло радыскі выкласці прыйдзецца 5 рублёў. А кабачкі аддаюць наогул, лічы, дарма — рубель за кіло, а напрыканцы гандлю — знайшла па 90 капеек.
Кулінарна апрацаваная прадукцыя, зразумела, даражэйшая: салёныя бочкавыя агуркі, напрыклад, па 7.

Цыбулю прадаюць сеткамі па 8 кг, але можна набыць і кілаграм, па 1,20. Гэта звычайная, класічная. Салатная белая і фіялетавая цыбуля прапануецца ў сярэднім па 4 рублі за кг. Парэй — па 5 рублёў.


У пошуках антонаўкі знайшлі казіны сыр

І вядома, восень у Беларусі — гэта яблыкі. Антонаўкі, праўда, на кірмашах няма (сёння яе наогул днём з агнём не адшукаеш — кажуць, вырадзіўся сорт). Затое ёсць яе «нашчадкі» — новыя сарты народнай селекцыі.

— Гэта не «антон», але таксама сакавітыя, далікатныя, духмяныя яблыкі. Не ведаю, як называюцца, але, як і антонаўка, народнай селекцыі. Бярыце, не пашкадуеце! — тлумачыць прадавец. У Мінск на кірмаш яна прыехала з Іўеўскага раёна.

Цана на яблыкі ў сярэднім — 3 рублі за кілаграм, але можна знайсці і па рублі. І тут таксама велізарны выбар: чырвоныя, жоўтыя, зялёныя. Вар’іруюцца слодыч-кіслінка, а таксама цвёрдасць-мяккасць: пра гэта прадаўцы раскажуць і дадуць пакаштаваць.

Што яшчэ з садавіны прапануюць кірмашы? Слівы па 5, грушы ў сярэднім па 5,50, беларускі вінаград (фіялетавы, каштуе 5 рублёў за кіло, прыехаў з Брэстчыны і Гомельшчыны). Шмат журавін, у сярэднім 8 рублёў за кг.


Больш звыклы мінчанам дыяпазон цэн — на мясную фермерскую прадукцыю, сыры і мёд. Хоць, вядома, з дарагой Камароўкай не параўнаць, не кажучы ўжо пра фермерскі рынак «Валяр’янава». Сала можна купіць па 23-26 рублёў за кг, грудзінку — вэнджаную, салёную, вяленую — па 23, пячоначную каўбаску — па 13.

Сыры — самая дарагая пазіцыя. Тут цэны стартуюць ад 30-38 рублёў. Затое, калі сыр вы любіце, прапанова прыватных сыраварань падасца вам прывабнай: запечаныя ў печы сыры з духмянымі зёлкамі, грыбамі, ягадамі, фермерскія казіныя сыры...

Пра мёд і мядзведзяў

Мёд — яшчэ адзін прадукт, які прынята набываць на сезонных кірмашах. Але сёлета попыт на яго ніжэй, чым летась, распавялі прадаўцы. З чым гэта звязана, невядома.

— Людзі бяруць снікерсы, фастфуд, а мёд, натуральны прадукт, ім нязвыклы, — наракае пчаляр не ў адным пакаленні Мікалай Аляксандравіч. — А потым скардзяцца на здароўе...

— Але ж мёд таксама можа быць небяспечны. Напрыклад, калі палі апрацавалі ад пустазелля або шкоднікаў...

— Так, — лёгка згаджаецца суразмоўнік. — А што рабіць? Ведаеце, колькі ў зямлі, з якой усё расце, гэтай «хіміі»... 

Гэта зараз лепш стала, ёсць кантроль, а раней і з самалётаў, і з трактароў сыпалі... Але на кірмашах — прынамсі ў мяне ёсць усе дакументы — мёд прайшоў лабараторную праверку. Чым заўгодна ручаюся: гэта натуральны, якасны прадукт.

— А мядзведзі вас не турбуюць? — далучаецца да размовы пажылая пакупніца.

— Пакуль не чуваць. Хоць у суседнім Валожынскім раёне, кажуць, на пчальнікі ўжо ходзяць.

— У нас, у Бягомлі, блукаюць паблізу, баімся ў лес хадзіць, — наракае пенсіянерка.

— Ну, а як нашы бабулі-дзядулі жылі? — разважае Мікалай Аляксандравіч. — Дзед распавядаў: раней вулляў не было, а былі «даўбанікі», якія развешвалі на дрэвы. А мядзведзі лазілі за мёдам, і, каб іх адвадзіць, да кожнага такога вулля прывешвалі цяжкую калоду. Мядзведзь далазіць да калоды, яна перашкаджае — пачынае з ёй «ваяваць», абрывае і падае на зямлю разам з ёй... Я гэтага ўжо не заспеў...

Цэны на мёд стартуюць ад 12 рублёў за слоічак рапсавага (грам 500). Ліпавы, разнатраўе, з грэчкі — даражэйшыя.

Аляксандра Анцэлевіч
Фота Валерыя Картуля

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю