Бяспечны Новы год
Бой курантаў, пах мандарынаў і бляск гірлянд на шматлікіх кірмашах — нездарма Новы год лічыцца адным з самых казачных і вясёлых свят. Прычым настолькі, што многія забываюць аб спадарожных святочнай атмасферы небяспеках.
Елачка, гары!
Нездарма загадзя ратавальным ведамствам быў праведзены цэлы комплекс мерапрыемстваў. У тым ліку — прынята распараджэнне міністра, у рамках якога на 1,5 тысячы аб’ектаў праведзены праверкі пажарнай бяспекі. Асаблівая ўвага супрацоўнікамі МНС была ўдзелена ўстановам адукацыі ўсіх узроўняў, месцам устаноўкі ёлак, стану шляхоў эвакуацыі і сістэм пажарнай аўтаматыкі, а з кіраўнікамі ўстаноў праведзена тлумачальная работа па бяспечнай арганізацыі мерапрыемстваў. Ратавальнікі нагадваюць: ва ўстановах усіх тыпаў забаронена выкарыстоўваць адкрыты агонь і любыя піратэхнічныя вырабы, парушальнікаў чакае сур’ёзная адміністрацыйная адказнасць.
Забарона дзейнічае не проста так. У 2024 годзе з-за няправільнага выкарыстання піратэхнікі ў святы адбылося 15 няшчасных выпадкаў, было траўміравана 12 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей. Статыстыка за 2025-ы гаворыць аб пагаршэнні стану: 42 выпадкі грэбавання правіламі карыстання піратэхнікай, у выніку пацярпела 47 чалавек, з якіх 25 дзяцей. «Піратэхнічныя вырабы — вельмі небяспечная рэч, якая часта прыводзіць да трагічных наступстваў. Дзецям нельга іх выкарыстоўваць, гэта павінна быць прэрагатыва бацькоў, — адзначыў Васіль СІЎЧАК, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС. — Няправільная эксплуатацыя і ўстаноўка можа прывесці піратэхнічны стрэл не ўверх, а ў людзей, якія знаходзяцца побач». А пры куплі такіх вырабаў трэба асабліва старанна правяраць цэласнасць пакавання, тэрмін прыдатнасці і дэталёва вывучаць інструкцыю — радыус небяспечнай зоны можа дасягаць 30 метраў.
Куды ў Новы год без гірлянды? А лепш не толькі на зялёнай прыгажуні, але і ва ўсім доме — так робяць многія беларусы. Валерый ПОРШНЕЎ, намеснік галоўнага інжынера ДВА «Белэнерга», запэўніў, што для бесперабойнага электразабеспячэння кругласутачна будуць дзяжурыць каля 500 рамонтных і аператыўна-выязных брыгад, больш за 1,6 тысячы спецыялістаў і звыш 700 адзінак спецтэхнікі. У рэзерве — 281 дызельная генератарная ўстаноўка. Але з-за пікавых нагрузак у навагоднюю ноч электрычная сетка можа не вытрымаць, а значыць важна выконваць правілы карыстання электрапрыборамі, і ў выпадку ўзнікнення праблем тэлефанаваць па нумары 115.
На радасць ашуканцам
Святочная мітусня — багатая глеба для зламыснікаў. Нароўні з «віруснымі» паштоўкамі ў сацыяльных сетках, у інтэрнэце памнажаецца яшчэ і колькасць «акцый», «скідак» на розныя тавары. Усё гэта — справа рук ашуканцаў, якія паразітуюць на святочным настроі насельніцтва. Пра рызыкі папярэдзіў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый ЯСЮЧЭНЯ: неабходна крытычна ставіцца да падобных прапаноў, памятаючы, што «бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы», і старанна правяраць усю інфармацыю перад пакупкай.
Рабіць гэта трэба, дарэчы, не толькі падчас шопінгу: фэйкі ўсё часцей з’яўляюцца і шырока распаўсюджваюцца ў інтэрнэце. Адзін з такіх фэйкаў, які «завірусіўся» ў сацыяльных сетках беларусаў, развеяў намеснік генеральнага дырэктара ДУ «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Аляксандр ГУЛЕВІЧ: «Апошнім часам у інтэрнэце распаўсюджваецца фэйкавая інфармацыя пра тое, што Дзяржэнерганагляд штрафуе грамадзян за размяшчэнне гірлянд на вокнах. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Тым не менш сёлета тэхнічны кодэкс, які датычыцца Правілаў тэхнічнай эксплуатацыі электраўстановак спажыўцоў, быў дапоўнены. У ім з’явіўся новы раздзел «Электраўстаноўкі грамадзян, якія выкарыстоўваюць электраэнергію для бытавога спажывання». Адміністрацыйнай адказнасці, падкрэслівае спецыяліст, варта чакаць толькі ў тым выпадку, калі пры праверцы выяўлены парушэнні, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю, і парушальнік адмаўляецца іх устараняць.
Святкуе сталіца
Падчас святочных мерапрыемстваў, калі ў адным месцы збіраецца вялікая колькасць людзей, узгодненая работа профільных ведамстваў адыгрывае асаблівую ролю. Паводле слоў першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС, работа па кантролі і наглядзе будзе весціся на працягу ўсіх навагодніх свят. Ужо праінструктаваны больш за 8,5 тысячы службовых асоб, у святочныя дні на дзяжурства выйдуць аператыўныя групы, да забеспячэння бяспекі прыцягнуты каля 3,5 тысячы ратавальнікаў і звыш 1,3 тысячы адзінак тэхнікі.
Сілы міліцыі сталіцы, у сваю чаргу, засяродзяцца на папярэджанні парушэнняў, асабліва ў сямейна-бытавой сферы, узмацненні кантролю за асобамі, якія стаяць на ўліках, і забеспячэнні бяспекі ў месцах масавага знаходжання грамадзян — навагодніх кірмашах і іншых мерапрыемствах. Галоўная святочная пляцоўка, якая традыцыйна размясцілася каля Палаца спорту, ужо адкрыта і будзе працаваць да 11 студзеня. Для бяспекі жыхароў і гасцей сталіцы тут ужо штодзень выстаўляюцца пешыя нарады міліцыі. А ў навагоднюю ноч, калі прыток людзей будзе максімальны, пачнуць сваю работу тры кантрольна-прапускныя пункты з шатрамі для хуткага надгляду. Ільготны пропуск прадугледжаны для ветэранаў ВАВ, інвалідаў і бацькоў з дзецьмі. Дарэчы, метро ў навагоднюю ноч будзе працаваць да 4:15, а наземны грамадскі транспарт — да 5:00.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізавета ГОЛАД