Многія ініцыятывы жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна сёння датычацца добраўпарадкавання і развіцця іх населеных пунктаў. Важна, што людзі гатовы не толькі прапаноўваць ідэі, але
і ўключацца ў іх рэалізацыю: выйсці на суботнік, дапамагчы і фізічна, і матэрыяльна. Прыклад грамадзянскай актыўнасці — аграгарадок Камунар.
Мясцовыя жыхары не толькі пры падтрымцы сельвыканкама і раённых улад, але і цалкам самастойна робяць тое, што важна для развіцця іх аграгарадка, а канкрэтна — для захавання гісторыі населенага пункта і яго ўраджэнцаў.
Для аднаго з такіх важных праектаў аб’яднала людзей мясцовая жыхарка, бібліятэкар Камунараўскай сельскай бібліятэкі Наталля Маніна.
На працягу чатырох гадоў Наталля Мікалаеўна вядзе культурны, адукацыйны, выхаваўчы праект «І памяць сэрца гаворыць...».
Рыхтуе цыкл вусных «часопісаў», прысвечаных гісторыі краю і лёсам землякоў, да ўдзелу запрашае ўсіх ахвотных жыхароў не толькі роднага аграгарадка, але і іншых населеных пунктаў раёна.
Адзін з выпускаў праекта быў прысвечаны вайне ў Афганістане і воінам-інтэрнацыяналістам. Наталля Мікалаеўна правяла даследчую работу, вывучыла лёс земляка — камандзіра кулямётнага ўзвода Генадзя Ігнаценкі, які загінуў пры выкананні баявога задання і быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
— Захацелася даведацца, як склаўся лёс яго сям’і. Шукала і знайшла ўдаву нашага героя. Марыя Уладзіміраўна з удзячнасцю прыняла запрашэнне прыехаць на сустрэчу, выступіла перад землякамі яе мужа, расказала гісторыю іх сям’і. Мы да гэтага часу падтрымліваем цёплыя адносіны, — падзялілася Наталля Маніна.
Як патлумачыла Наталля Мікалаеўна, гэта кранальная сустрэча і праведзеная пошукавая работа натхнілі яе на грамадзянскую ініцыятыву, якая ўвекавечыць памяць аб земляку.
— Склала зварот для жыхароў, адкрыла народны збор сродкаў. Людзі падтрымалі.
У мінулым годзе мы ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Генадзя Ігнаценкі.
І сёння гэта сапраўды знакавае месца памяці ў нас. Людзі нясуць сюды кветкі, шануюць памяць аб героі, — адзначае Наталля Мікалаеўна.
Так, жыхары Камунара вырашылі таксама разам узяцца за больш маштабную задачу — стварыць мемарыяльны комплекс «Гераічным землякам ад удзячных нашчадкаў».
— У нашым аграгарадку да гэтага часу няма агульнага памятнага месца, прысвечанага менавіта землякам — героям Вялікай Айчыннай вайны. Узнікла ідэя стварыць мемарыяльны комплекс са стэлай і шасцю мемарыяльнымі плітамі з імёнамі нашых герояў. Заручыліся падтрымкай мясцовых жыхароў, а таксама нашчадкаў нашых землякоў-франтавікоў, кіраўніцтва сельвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Будзем прыкладваць усе сілы, каб увасобіць у жыццё і гэты важны праект, — актыўную пазіцыю ўсіх мясцовых перадае Наталля Мікалаеўна.
— Падобныя значныя ініцыятывы закліканы згуртаваць жыхароў вакол вельмі важнай, святой мэты — захавання гістарычнай памяці аб героях-земляках. Гэта наш абавязак і вялікая адказнасць перад наступнымі пакаленнямі, — перакананы старшыня Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Халдай.
Мемарыяльны комплекс плануюць размясціць у скверы ў аграгарадку. Праект прадугледжвае паэтапнае добраўпарадкаванне тэрыторыі будучага памятнага месца, стварэнне інфармацыйнай зоны з мемарыяльнымі плітамі. На мемарыяльным комплексе будуць праводзіць мітынгі, памятныя акцыі і тэматычныя мерапрыемствы.
— Вядома, сёння ініцыятывы нашых жыхароў — гэта сумесны пошук рашэння пытанняў, якія хвалююць людзей, увасаблення ў жыццё сапраўды важных для нашых землякоў праектаў. І рэалізаваць тую ці іншую ініцыятыву лягчэй, калі людзі і органы ўлады бяруцца за справу разам, — падкрэсліў лідар дэпутацкага корпуса Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА