Беларуска Аліна Шаўчук заняла другое месца на кантынентальным форуме па барацьбе 2026 года, які праходзіць у сталіцы Албаніі Тыране, паведамляе БелТА.
20-гадовая бабруйчанка ўзяла медаль у вагавой катэгорыі да 68 кг. Па ходзе спаборніцтваў Шаўчук абышла саперніц з Польшчы, Венгрыі і Румыніі, але з-за траўмы знялася з фіналу супраць Незрын Бас з Турцыі, стаўшы тым самым уладальніцай серабра. Год таму на кантынентальным форуме ў Славакіі наша спартсменка заваявала золата. Таксама Аліна з’яўляецца дзеючай чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёрак і моладзі.
За крок ад медаля ў вагавой катэгорыі да 59 кг спынілася наша Марта Гетманава. У першым раўндзе беларуска перамагла Эрыку Богнар з Венгрыі, але ў чвэрцьфінале не справілася з украінкай Марыяй Віннік. У паядынку за трэцяе месца Марта прайграла Гюнай Гурбанавай з Азербайджана, якой раней у гэтым годзе ўступіла ў фінале маладзёжнага ЧЕ.
Акрамя таго, наша Ванеса Каладзінская выйшла ў пятнічную схватку за бронзу ў вазе да 53 кг, Арына Дземчанка заўтра выступіць у суцяшальнай сетцы ў катэгорыі да 57 кг, а Вераніка Іванова (да 62 кг) і Вікторыя Радзькова (да 72 кг) пацярпелі няўдачы ў чвэрцьфіналах. Таксама 24 красавіка на чэмпіянаце Еўропы ў Албаніі стартуюць барцы вольнага стылю, у іх ліку восем беларусаў.