Top.Mail.Ru

Шанхай прыняў больш за 5 мільёнаў замежных турыстаў

У першым паўгоддзі шанхайскі рынак уязнога турызму прадэманстраваў упэўнены рост. Усходні кітайскі мегаполіс прыняў звыш 5,3 мільёна замежных гасцей — на 27,8 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».

Пры гэтым звыш 5 млн з іх спыняліся ў горадзе на ноч, што амаль на траціну (на 31,1%) больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. З ростам турыстычнага патоку прыкметна ажывілася і спажыванне: за першыя шэсць месяцаў года колькасць транзакцый па картах UnionPay сярод замежнікаў у Шанхаі вырасла на 98,6%, а агульная сума гэтых плацяжоў — на 72%.

Дзякуючы развітой інфраструктуры і разнастайнаму сэрвісу Шанхай стаў адным з самых прывабных гарадоў Кітая для замежных гасцей. Адмысловую нішу ва ўязным турызме занялі індывідуальныя замовы на пашыў і выраб тавараў. Напрыклад, у атэлье на рынку тканін і лёгкай прамысловасці ў паўднёвай частцы набярэжнай Вайтань замежнікі складаюць стабільна 50-60% пакупнікоў, а ў асобных майстэрнях — і ўсе 70%. Асаблівай папулярнасцю ў турыстаў карыстаюцца касцюмы на заказ, цыпаа, акуляры і ювелірныя вырабы з золата. Дзякуючы адладжанай сістэме работы кліенты могуць атрымаць гатовую замову ўсяго за некалькі гадзін ці максімум пару дзён.

Каб замежным гасцям было яшчэ зручней здзяйсняць пакупкі і перамяшчацца па горадзе, у Шанхаі запусцілі англамоўную карту ўстаноў з кастамнай прадукцыяй і шматмоўны турыстычны дадатак.

Прыкметна змяняюцца і перавагі падарожнікаў. Турысты больш не абмяжоўваюцца фота каля знакавых славутасцяў — яны ўсё часцей выбіраюць паглыбленне ў гарадское асяроддзе: катаюцца на веласіпедах па вулачках, гуляюць па старых завулках, знаёмяцца з жыццём мясцовых супольнасцяў і традыцыйнай культурай. 

Асаблівай папулярнасцю карыстаецца старажытнае мястэчка Чжуцзяцзяа з яго маляўнічымі відамі і ўнікальнай атмасферай. У першым паўгоддзі яно прыняла 1,24 млн замежных турыстаў — на 25,4% больш, чым год таму. Падобнае імерсіўнае знаёмства з мясцовым каларытам асабліва папулярнае сярод сем’яў, якія вандруюць.

Новыя фарматы на стыку культуры і турызму працягваюць падаграваць цікавасць да горада. Набірае абароты круізны турызм: за паўгода ў шанхайскіх партах прышвартаваліся 126 круізных лайнераў, якія перавезлі 744 тысячы пасажыраў. А буйныя міжнародныя падзеі, такія як Гран-пры Кітая «Формулы-1», далі магутны імпульс прытоку гасцей з-за мяжы.

Акрамя таго, білеты на спартыўныя мерапрыемствы і выставы можна выкарыстоўваць для атрымання спецыяльных зніжак амаль ста партнёраў — у гандлёвых раёнах, гатэлях і на прагулачных суднах уздоўж набярэжнай. Гэта дазваляе аб’яднаць розныя сегменты гарадскога турызму ў адзіны спажывецкі ланцужок і ў поўнай меры палепшыць уражанні замежных турыстаў ад знаходжання ў Шанхаі.

Мікалай Літвінаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю