Беларускі нападаючы «Калгары» Ягор Шаранговіч упершыню вызначыўся ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі сезона-25/26, паведамляе БелТА.
У ноч на панядзелак канадскі клуб дома буйна абыграў «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» з лікам 5:1. Шаранговіч закінуў трэцюю шайбу сваёй каманды ў сярэдзіне другога перыяду. Гэты дакладны кідок стаў для Ягора першым у бягучым сезоне, таксама ў актыве беларуса ёсць адна галявая перадача. У мінулай рэгулярцы форвард набраў 32 (17+15) балы ў 73 гульнях.
«Калгары» атрымаў толькі другую перамогу ў дзесяці матчах сезона, каманда займае апошняе месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі. Наступны паядынак «агеньчыкі» правядуць 29 кастрычніка ў гасцях у «Таронта».